"Среда размышления". Ты только живи!
Дабрачынны канцэрт «Жыві!», арганізатарамі якога з’яўляюцца аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі і тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, сёлета адбудзецца 6 снежня. Прысвечаны ён маладым людзям, якія згубілі рухальную актыўнасць у выніку няшчасных выпадкаў ці аварый – іншым словам, тым, хто па волі выпадку стаў інвалідам-калясачнікам.Падобныя канцэрты ў нашым раёне праходзяць штогод, і штогод яны прысвечаны розным катэгорыям хворых людзей: анкалагічным, хворым на дзіцячы цэрэбральны параліч, ляжачым хворым. Але ўсе гэтыя мерапрыемствы ўвесь час аб’ядноўвала адно: арганізатары імкнуліся дапамагчы сем’ям, у якіх выхоўваюцца, растуць, жывуць нашы хворыя землякі, справіцца з немаччу і аказаць хаця б невялікую матэрыяльную дапамогу.
…Адзін няшчысны выпадак падзяліў жыццё гэтых людзей на «да» і «пасля». І гэтыя людзі жывуць побач з намі. Але часта мы, здаровыя, не заўважаем іх. Ды і самі яны не заўсёды ахвотна ідуць на кантакт – ім прасцей заставацца незаўважнымі, чым расказваць свету пра сваю бяду. Яны жывуць у асаблівым свеце, аб існаванні якога часам не ведаюць нават самыя блізкія. Усю сваю бяду яны хаваюць у сабе, не хочуць адкрывацца і выходзіць у свет. Яны могуць быць вельмі таленавітымі і духоўна багатымі людзьмі, але грамадства гэтага не заўважае, ці, хутчэй за ўсё, не хоча заўважаць.
Хвароба – гэта бяда не толькі аднаго чалавека, таго, каго яна падкасіла, таму што побач з хворымі людзьмі знаходзяцца блізкія. Яны разам змагаюцца, спадзяюцца, пакутуюць, б’юцца і, здараецца, перамагаюць… Хаця іншы раз здаецца, што сілы ўжо няма, – і рукі пачынаюць апускацца. Але жаданне дапамагчы свайму дзіцяці, мужу, сястры, маці… не дазваляе сядзець, склаўшы рукі. Трэба зноў і зноў знаходзіць сілы – і ісці наперад… І спадзявацца, што любоў творыць цуды…
На іх месцы можа аказацца любы з нас. Той, хто хаця б раз адчуваў, што такое бяда, хвароба, добра ведае, як хочацца часам адвярнуцца да сценкі, нікога не бачыць, ні з кім не размаўляць… Але трэба прымусіць сябе жыць! Жыць дзеля дабра, дзеля любові, сябе і сваіх блізкіх!
…Максіму Налівайку 26 гадоў, шэсць з якіх ён прыкаваны да каляскі. Хлопец вучыўся на трэцім курсе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, марыў атрымаць прафесію, калі ўсё перакрэсліла аварыя, у выніку якой юнак стаў інвалідам. Першы год яго падтрымлівалі сябры, аднакласнікі, аднакурснікі… А потым чалавек застаўся адзін на адзін са сваёй бядой. Дапамагаюць толькі бацькі, родныя ды стасункі ў віртуальным свеце…
…Жыццё Жэні Янушкевіча з Міхалішак таксама падзялілася пасля няшчаснага выпадку на дзве палавіны. «Да яго» засталіся мары, радасць, сустрэчы з сябрамі, а «пасля» напоўнілася хваробай і смуткам… Але, нягледзячы на ўсё, ён хоча жыць, таму стойка змагаецца з хваробай… Добрыя людзі дапамаглі яму набыць інвалідную каляску – і жыць стала лягчэй. А натхняльнікам юнака заўсёды была і ёсць мама, якая не дазваляе яму сядзець на месцы. Хаця зрабіць хаця б адзін крок уперад хлопцу вельмі складана.
…Трагедыя змяніла жыццё Паўла Жаўняровіча, калі яму было 17 гадоў. Маладыя людзі адпачывалі на пляжы, калі Паўла пераехаў аўтамабіль… З таго трагічнага моманту прайшло 14 гадоў. Павел змог пераадолець усе перашкоды, а дапамагла яму ў гэтым маці – нездарма ж кажуць, што мацярынская любоў творыць цуды. Менавіта дзякуючы ёй сёння ён можа хадзіць. А ў гэтым годзе споўнілася яшчэ адна запаветная мара юнака – ён скончыў універсітэт. Сёння юнак можа быць прыкладам стойкасці і мужнасці ў барацьбе за жыццё.
…Няшчасны выпадак перакрэсліў шчаслівыя маары маладой шчаслівай жанчыны, жонкі, маці, дачкі Марыны Мальдзіс. Сям’я, двое дзетак, будаўніцтва кватэры… Пра што яшчэ можна марыць?! Жыві і радуйся! І раптам – аварыя… Страшная трагедыя прыкавала Марыну да ложка, змяніўшы яе жыццё. Але і ў такім стане яна змагаецца за жыццё. А дапамагаюць ёй пераадольваць бяду і боль маці і муж, якія ўпэўнены: Марына справіцца – і ўсё будзе, як і раней…
…Пасля трагічных аварый змяніліся жыццёвыя дарогі Таццяны Шлыковіч і Аляксандра Лянкевіча. А потым ім пашчасціла знайсці адзін аднаго і стварыць моцную, дружную сям’ю, каб разам пераадолець усе цяжкасці, нарадзіць двух дзетак, жыць – і сваім прыкладам паказаць, што жыццё – гэта шчасце, радасць і любоў!
Напэўна, гэта не ўсе маладыя людзі-калясачнікі, чыё жыццё змянілася пасля няшчасных выпадкаў. І канцэрт, а таксама гэтая публікацыя ў газеце, дапамогуць даведацца пра новыя імёны тых людзей, каму патрэбна падтрымка і дапамога…
Падчас дабрачыннага мерапрыемства пройдзе акцыя «Падары дзіцяці цуд!». Кожны жадаючы можа прынесці ў кінаканцэртную залу «Астравец» цацкі ці ахвяраваць любую суму грошай на іх набыццё для анкалагічна хворых дзяцей і выхаванцаў карэкцыйнага цэнтра.
Тут жа размесціцца выстава-продаж вырабаў цэнтра рамесніцтва і аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў.
Добрых людзей на гэтым свеце шмат. І абавязкова знойдуцца тыя, хто прыйдзе на канцэрт і ўнясе свой невялікі ўклад у добрую справу!!!
Дабрачынны канцэрт “Жыві!” адбудзецца 6 снежня ў 16.00 у кінаканцэртнай зале «Астравец».
Давайце разам напоўнім свет дабрынёй!
--------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.
