"Среда размышления". Спасибо за чудо пробуждения души

З гадамі смак свята слабее. Рыхтуешся, канешне: уборка, гатоўка, падарункі… Час ад часу – раратняя Імша. Але робіш усё гэта хутчэй па  прывычцы. Таму што так трэба. Ходзіш па крамах, змахваеш пыл з даўно стаўшага непатрэбным крышталю ў серванце, складаеш меню Вігілійнага стала – а сэрца маўчыць, не радуецца той трывожнай радасцю, якая – я дакладна памятаю! – некалі суправаджала перажыванне кожнага Адвэнту.
Зноў выраслі цэны… І шэрань… Божухна! Колькі яе ў свеце! Ва ўсім – не толькі на небе... І непрагляднасць… І раздражненне ад кожнай новай  раніцы… І Майдан, пра які і не хочаш, а не думаць не можаш… І адсутнасць надзеі планетарнага – ці што? – маштабу…
Так, так, Адкупіцель народзіцца. Я памятаю. Я радуюся. Як магу… Прабачце…
І як у такім настроі напісаць “Сераду-раздум’е”? Тым больш тэматычную, святочна-узнёслую, прысвечаную Ражаству…

– Вам віншаванне, – зайшла ў кабінет мая калега Марына. І падала мне паштоўку.
Недаўменна бяру яе ў рукі… На пярэдняй старонцы – малюнак каляднага стала з маленькай ёлачкай. Ззаду – не асабліва акуратныя літары з нахілам  улева: “Жадаю Вам Божага благаслаўлення і многіх ласкаў. Даніленка Таццяна.”
Не разумею. Ды што там! Туплю пасапраўднаму. Што за Таццяна? Адкуль яна? З Друі? І адрас дзіўны – з указаннем нейкага блока…
І раптам – як стрэл: сярэдзіна лістапада, фэйсбук, ксёндз Сурыновіч…
У Друі ёсць дзіцячы дом. Хвілінку, зараз “загуглім”… Так, ёсць, і ў ім жывуць 110 дзяцей, большасць з якіх, зразумела, сіроты пры жывых  бацьках. Пробашч касцёла Святой Тройцы Сяргей Сурыновіч і сёстры-манахіні, якія працуюць пры касцёле, апякуюцца дзіцячым домам. І робяць гэта не для “галачкі”…
Неяк у лістападзе натыкнулася ў інтэрнэце на аб’яву: “Калі хочаце атрымаць паштоўку ад выхаванцаў Друйскага дзіцячага дома, дашліце нам свой  адрас. Адзіная ўмова: паслаць сваю паштоўку ў адказ”.
Мне спадабалася ініцыятыва: не чакаць з працягнутай рукой, не аб’яўляць нейкія казённыя зборы сродкаў, а звярнуцца наўпрост – ад сэрца да  сэрца. Хіба дарослы чалавек адашле ў адказ сіраце толькі паштоўку? Канешне, не. Адказ абавязкова выльецца ў пасылку, радасць ад якой будзе  двухбаковай.
Я даслала свой адрас і… І забылася.
А калі атрымала… Божачка, родны! Нібы Твой Сын пастукаўся ў мае дзверы. Ды што там! У сэрца. Мяккай маленькай ручкай дакрануўся да скамянелай  душы – і яна ажыла. Задыхала. У свінцовай абложнасці снежаньскіх хмараў убачыла сонца…
Езунька! Ты прыходзіш на свет – і цемра, падціснуўшы хвост, адступае. А святло яснее, разрастаецца, уздымае чалавека над яго грахамі і  расчараваннем.
Ты нараджаешся не ў палацы, не на каралеўскім троне – у пячоры, дзе трымаюць жывёлу. На жменьцы высахлай травы. І можа, менавіта таму Ты – наш. Для ўсіх. Для багатых і бедных. Для мнагадзетных і адзінокіх. Для забяспечаных і для сіротаў. Для здаровых і хворых. Для вольных і для тых, хто ў турмах. Для святых і для грэшнікаў…
Дзякуй табе, Танечка Даніленка, за цуд абуджэння душы. За веру, якая вярнулася. За твае не вельмі акуратныя літары з нахілам улева, якімі да  мяне прамовіла Боскае Немаўля, Якое хутка народзіцца…


-------------------
Ганна ЧАКУР.