"Среда размышления". Сохраним старые традиции нашего молодого города
Наш Астравец – паселішча ўнікальнае і ў пэўным сэнсе – парадаксальнае. Узрост яго набліжаецца да свайго 550-годдзя – і разам з тым наш райцэнтр з’яўляецца самым маладым горадам Беларусі: Указ Прэзідэнта краіны аб прысваенні яму гэтага статуса выйшаў крыху больш як два гады таму. Горад імкліва расце, развіваецца, азначэнне “новы” – самае, бадай, папулярнае ў адносінах да падзей, якія адбываюцца ў раёне – і разам з тым у нас існуе шмат традыцый, якія сыходзяць сваімі каранямі ў далёкую і не вельмі мінуўшчыну. І вельмі важна, імкнучыся да перамен, абнаўлення, развіцця, захаваць гэтыя традыцыі – як аснову пераемнасці пакаленняў, сапраўдных каштоўнасцяў, самаіндэфікацыі народа.Некаторым з гэтых традыцый – дзесяцігоддзі ці, можа, нават стагоддзі, іншыя – маладзейшыя, але ад таго яны – не менш прыгожыя і каштоўныя. Цудоўна, калі не толькі захоўваюцца ранейшыя традыцыі, але і з’яўляюцца новыя прыгожыя мясцовыя “адмецінкі”.
Многія з іх звязаны з заканчэннем школы: мінулы тыдзень прайшоў пад знакам выпускных вечароў. І пачаўся з адной з цудоўных раённых традыцый: вось ужо шмат гадоў па выніках заканчэння навучальнага года праходзіць прыём кіраўніцтвам раёна лепшых вучняў раёна – тых, хто закончыў сярэднюю школу з залатымі і сярэбранымі медалямі, стаў пера можцам абласных і рэспубліканскіх прадметных алімпіяд. Словы падзякі, цёплыя і шчырыя пажаданні, спецыяльныя адзнакі іх дасягненняў і матэрыяльная дапамога ў тым ліку – усё гэта дае маладым людзям, якія толькі ўступаюць у дарослае жыццё, магчымасць зразумець, што радзіма ганарыцца іх дасягненнямі.
А ў чацвер і пятніцу усе жыхары горада і раёна – нават тыя, каго напрамую не закранала гэтае свята “провадаў птушанят з роднага гнязда”, – сталі яго міжвольнымі сведкамі. Юныя, прыгожыя, усмешлівыя выпускнікі разам са сваімі настаўнікамі і бацькамі – тымі, хто з любоўю і стараннем ставіў іх “на крыло”, ішлі па вуліцах горада – і ў кожнага, хто спецыяльна выйшаў, каб парадавацца за родных, сяброў, знаёмых ці выпадкова пабачыў гэтую незвычайную працэсію, у душы нешта зварухнулася – цёплае, светлае, шчырае… І кожны, напэўна, пажадаў у думках гэтым “аперыўшымся птушанятам” удачы і роўнай дарогі ў дарослае жыццё.
А агульны вальс – якая прыгожая і кранальная астравецкая традыцыя! З дынамікаў льецца музыка, і учарашнія дзеці, а сёння – сапраўдныя “лэдзі і джэнтльмены” танцуюць на цэнтральнай плошчы роднага горада свой першы дарослы вальс. І як бы ні склалася іх далейшае жыццё, гэты момант яны, безумоўна, запомняць назаўжды!
А потым гучаць шчымліва кранальныя радкі песні: “Запрасі мяне, тата, на вальс”, і такі ж зварот да мамы – і таты беражліва выводзяць сваіх учарашніх малышак, а сёння – сапраўдных прынцэс на танец, а юныя кавалеры раптам заўважаюць, што іх мамы са слязінкамі ў куточках вачэй, якія імкнуцца схаваць за ўсмешкай, усё ж – незвычайна маладыя і прыгожыя…
А затым усе выпускнікі ідуць у касцёл і царкву, дзе на добрую шчаслівую дарогу ў дарослае жыццё іх бласлаўляюць святары, дзеля іх, выпускнікоў, адслужацца малебен і святая імша – і гэта яшчэ адна прыгожая і вельмі важная традыцыя, якая трывала прапісалася ў горадзе.
У кожнай школе ёсць свае “абавязковыя моманты”, якія перадаюцца з году ў год новым выпускнікам – і гэта цудоўна. І няхай такіх традыцый, прыгожых і розных, якія яднаюць усіх, робяць іх хоць на нейкі час адной вялікай і дружнай сям’ёй, становіцца больш.
--------------------
Ніна РЫБІК.
