"Среда размышления". Роздум перад сном пра бежанцаў, Еўропу і Беларусь

migrantyКаторы ўжо тыдзень ва ўсіх выпусках навін тэма нумар адзін – бежанцы, якія запаланілі ўсе еўрапейскія дарогі, параходы, цягнікі, аўтобусы, тэлеканалы, першыя палосы газет…
Ад дзіцячых вачанят, якія спалохана глядзяць у аб’ектыў фотаапарата і відэакамеры; спакутаваных, знясіленых твараў захутаных у хіджаб жанчын, што туляць да сябе немаўлят, сціскаецца сэрца. Разумееш: не ад добрага жыцця людзі кідаюць свой дом, пажытак і імкнуцца ў невядомасць. Іх гоніць вайна, страх за жыццё – сваё і дзяцей. Колькі выпрабаванняў чакае іх паперадзе, ведае хіба што Бог; колькі ўжо бежанцаў, што імкнуліся знайсці лепшую долю, не дабраліся да зямнога раю, якім ім уяўляюцца Германія, Швецыя, Францыя ды іншыя багатыя еўрапейскія краіны, трапілі (ці не трапілі) у рай нябесны, заўважаныя ці незаўважаныя пры гэтым рэпарцёрамі…
Людзей, безумоўна, шкада. Але, калі паспрабаваць выключыць эмоцыі і ўключыць здаровую логіку, то непазбежна ўзнікаюць адвечныя рускія пытанні: “Хто вінаваты?” і “Што рабіць?” Не падумайце, што я зараз прапаную вам гатовыя адказы на іх – што называецца, “не па Нінцы шапка”, ёсць каму пра гэта думаць. Але ж я – як, напэўна, і кожны нармальны чалавек – не магу сказаць: мяне гэта не тычыцца, усё гэта адбываецца недзе там, далёка. Хоць бы таму, што жыццё неаднойчы даказвала, што свет вельмі цесны і тое, што здаецца далёкім, раптам робіцца вельмі блізкім.
Вялікім перасяленнем народаў ахрысцілі сітуацыю з бежанцамі журналісты. Сцвярджаюць, што такога іх наплыву Еўропа не ведала з часоў Другой сусветнай вайны. Лік ідзе на сотні тысяч, у бліжэйшай перспектыве называюцца мільённыя лічбы жыхароў Бліжняга Усходу і Паўночнай Афрыкі, якія імкнуцца знайсці прытулак у сытай і бяспечнай Еўропе.
А Еўропа нарэшце схамянулася: не можам мы прыняць усіх!
І пакуль у Савеце Еўропы, спрабуючы вырашыць сітуацыю, дзеляць квоты па прыёму бежанцаў паміж краінамі Еўрасаюза, карэнныя жыхары гэтых краін выходзяць на вуліцы з акцыямі пратэсту: мы не хочам, не можам, не павінны дзяліць свой дом, сваю працу з “прышэльцамі”, у нас сваіх праблем хапае, мы не павінны вырашаць чужыя! Іх абвінавачваюць у расізме, заклікаюць да гуманізму, да спачування людзям, якія таксама маюць права на жыццё, просяць быць цярпімымі – але не вельмі паспяхова. Пратэстныя настроі ў Еўропе толькі нарастаюць, нават у такой талерантнай і дэмакратычнай краіне, як Швецыя – і не трэба быць прарокам, каб спрагназаваць, што і далей незадаволенасць еўрапейцаў нашэсцем не вельмі далікатных і законапаслухмяных азіятаў будзе толькі нарастаць. І дай бог, каб не знайшоўся другі Гітлер, які б захацеў скарыстацца гэтымі настроямі для ажыццяўлення сваіх амбіцыёзных планаў.
А карані праблемы – на паверхні. Краіны Еўропы шмат гадоў ахвотна прымалі ў сябе “ахвяр рэжымаў” з краін, “рэжымы” і кіраўнікі якіх ім не падабаюцца. Прычым шчодра забяспечвалі гэтых “ахвяр” сродкамі на жыццё, жыллём, сацыяльнымі дабротамі. І дазвалялі запрасіць членаў сям’і на тых жа ўмовах… Пры гэтым паралельна разам з амерыканцамі (якім з-за акіяна, канешне ж, лепш відаць, хто і як павінен жыць у Еўропе, і не толькі, і для якіх увесь свет – зона інтарэсаў іх краіны) тайна ці яўна развязвалі ці падтрымлівалі ўзброеныя канфлікты ў гэтых краінах. Хаця, калі б яны ў свой час паспрабавалі даць гэтым людзям вуды, а не смачную і бясплатную рыбку – грошы, якія аддавалі на прыём бежанцаў, укладвалі ў падтрымку эканомікі іх краін з тым, каб мясцовыя жыхары мелі працу і магчымасць утрымліваць сваю сям’ю, гэтая праблема, магчыма, сёння не стаяла б так востра.
Скулу, якая даўно выспявала на целе бабулькі Еўропы, прарвала – відавочна, што гэта павінна было адбыцца. Па-першае, тым, хто заставаўся на радзіме ў галечы і ў пастаянным страху, таксама хацелася жыць, як іх шчаслівыя колішнія суседзі-сябры-знаёмыя, якія перабраліся ў краіны, дзе можна не працаваць і, атрымліваючы сацыяльную дапамогу, адчуваць сябе як у хрыста за пазухай. Па-другое, дома станавілася ўсё больш небяспечна… І чым больш жыхароў з краін Бліжняга Усходу і Афрыкі праўдамі і няпраўдамі прасочвалася ў краіны Старога свету, тым больш тым, хто заставаўся, станавілася зразумела, што рана ці позна Еўрасаюз скажа словы, якія прагучалі днямі: хопіць! Мы не можам усіх прыняць… І, каб не спазніцца на апошні цягнік, бежанцы рынуліся да граніцы натоўпам, які зараз з цяжкасцю стрымліваюць паліцэйскія кардоны.
Адкрытая Еўропа, ратуючыся ад некантралюемага патоку бежанцаў, закрывае граніцы, уводзіць прапускны рэжым, адмяняе цягнікі, але гэтыя, “пажарныя” меры малаэфектыўныя. Лідары еўрапейскіх краін ліхаманкава шукаюць выйсце са становішча, але пакуль безвынікова. Мне здаецца, яны не ведаюць, як зачыніць гэтую “скрынку Пандоры”, якую самі ж і адкрылі.
Я не адношу сябе да ліку песімістаў, і ўсё ж мне здаецца (дай бог, каб я памылялася!), што сённяшняя праблема бежанцаў – гэта пакуль толькі бачная частка айсберга. Нават калі сумеснымі намаганнямі ўдасца неяк патушыць сённяшні “пажар”, іскры яго непазбежна разляцяцца – ужо разляцеліся! – па Еўропе. І полымя яшчэ ўспыхне, і не раз. Бо не з удзячнасцю за прытулак і хлеб перасяляецца ў заходнееўрапейскія краіны пераважная большасць носьбітаў не толькі цямнейшага, чым у еўрапейцаў, колеру скуры, але і іншай рэлігіі, культуры, традыцый, менталітэту, і не з жаданнем стаць сваімі ў чужым для сябе грамадстве – хутчэй, наадварот… Але гэта ўжо тэма іншай размовы.
…Паглядзеўшы вячэрні выпуск навін, шчыра паспачуваўшы чужым дзецям і мацяркам, якія гэтую халодную дажджлівую ноч мусяць правесці ў лепшым выпадку пад полагам палаткі; паразважаўшы пра тое, ці змогуць еўрапейцы вырашыць у бліжэйшы час праблему бежанцаў, я кладуся спаць з эгаістычнай думкай: дзякуй богу, што мы жывём у мірнай, спакойнай краіне. Што нам не трэба уцякаць са свайго дома, са сваёй радзімы ў небяспечную невядомасць, ратуючы дзяцей ад куль і снарадаў. Што кожны, у каго ёсць жаданне і здароўе, мае магчымасць працаваць і забяспечыць сваю сям’ю. Што мы можам (толькі чамусьці не вельмі хочам) гаварыць на роднай мове, спяваць свае песні і хадзіць у свае храмы. Што жывём мы хай сабе не ў самай багатай краіне свету – але ў сваёй!
І ў першую чаргу ад нас залежыць, каб так было заўсёды…

-------------------
Ніна РЫБІК.