"Среда размышления". Развитие малого бизнеса поможет человеку реализовать свои способности
2
Не так даўно мне спатрэбілася адвезці ў вёску сёе-тоё з мэблі.Лёгка сказаць – адвезці, а на чым? Зноў жа – дзе знайсці дужых мужчын, якія б усё гэта пагрузілі-разгрузілі? Стала я па колішняй, яшчэ савецкім часам выхаванай звычцы “ламаць галаву”, перабіраючы ў думках знаёмых з машынамі ці проста “з рукамі”…
Ды тут вельмі дарэчы трапіла на вочы незаменная ва ўсіх выпадках жыцця наша “Астравецкая праўда”. Пагартала рэкламныя старонкі – і вось тое, што мне трэба: “Аказваю паслугі грузатаксі”.
Справа была вырашана за гадзіну. Канешне, з дапамогай пэўнай колькасці грашовых знакаў – але і ў тым выпадку, калі б давялося шукаць знаёмых, ім трэба было б спачатку “нізенька кланяцца”, падстройвацца пад іх графік і патрабаванні, затым, як кажуць на Астравеччыне, “зафундаваць”, пасля доўга быць абавязанай і ўдзячнай… І яшчэ пытанне, што б каштавала даражэй – у грашах. А ў нервах – то адназначна больш танны варыянт “зрабіў – заплаціў – забыўся”. Як любіў гаварыць мой брат, па блату трэба рабіць толькі тое, чаго нельга зрабіць без блату.
Пасля так удала завершанай аперацыі пад кодавай назвай “Мэбля” я больш уважліва перачытала нелюбімыя многімі нашымі чытачамі старонкі роднай газеты з рэкламнымі аб’явамі – на гэты раз не памылкі ў іх шукаючы, а аналізуючы, якія ж тавары і паслугі прапануюць сёння землякам прадпрымальныя людзі.
І скажу шчыра: парадавалася! Перш за ўсё за тых, каму гэтыя паслугі адрасаваны. Сёння без праблем можна не толькі адвезці, куды трэба, груз (ці сябе самога, калі машына сапсавалася), але і адрамантаваць любую бытавую тэхніку – і для гэтага яе нават не трэба дастаўляць у Астравец: самі прыедуць; памяняць вокны ці дзверы: такіх прапаноў – аж з лішкам, але гэта зноў жа на карысць спажыўцу, бо канкурэнцыя – рухавік прагрэсу; накрыць дах, заліць фундамент ці цалкам пабудаваць дом; адкачаць каналізацыю – вельмі папулярная ў апошні час паслуга; адрамантаваць ці правесці электраправодку; купіць дровы, у тым ліку рэзаныя і колатыя; сабраць новую мэблю – нават пры наяўнасці мужчыны ў доме гэты “арэшак” “па зубах” далёка не кожнаму з іх – што ўжо гаварыць пра адзінокіх жанчын; выкапаць ці пачысціць калодзеж, абкасіць траву вакол сядзібы; адрамантаваць ці скласці печку – і нават заказаць “маму на гадзіну” (вось “мужа на гадзіну” чамусьці не прапаноўваюць – трэба меркаваць, пакуль…). Што называецца, любы капрыз за вашы грошы! І прапанову ўсіх гэтых паслуг я знайшла толькі ў адным нумары газеты!
А яшчэ я парадавалася за людзей, што аказваюць усе гэтыя і многія іншыя паслугі – за тое, што яны знайшлі ў сабе сілы і смеласць адарвацца ад не вельмі шчодрай, але надзейнай дзяржаўнай “кармушкі” і рызыкнулі распачаць сваю справу. Так, многія сумяшчаюць яе з афіцыйнай работай, а паслугі аказваюць у вольны ад працы час – але, пагадзіцеся, гэта лепш, чым вечарам ці ў выхадны “культурна адпачываць” з бутэлькай піва ці чаго мацнейшага. Гэтыя людзі знайшлі – ці яшчэ шукаюць – сваю нішу на рынку. І калі будзе добра ім – то будзе добра і тым, каму яны гэтыя паслугі аказваюць: людзі змогуць вырашыць свае надзённыя патрэбы.
А яшчэ – бюджэту, бо час “шэрага бізнесу” мінуў калі не поўнасцю, то стаў вельмі рызыкоўным заняткам, і ўсе, хто хоча спакойна спаць і з чыстым сумленнем траціць заробленыя грошы, зараз добрасумленна плацяць падаткі. А значыць – карысць будзе ўсяму грамадству, бо ўсе мы ў большай ці меншай ступені з’яўляемся карыстальнікамі гэтага бюджэту, часам нават не заўважаючы гэтага.
“Разняволенне дзелавой ініцыятывы павінна стаць рухаючай сілай для аднаўлення эканамічнага росту і стварэння новых рабочых месцаў,” – сказаў ў сваёй прамове на V Усебеларускім народным сходзе Прэзідэнт краіны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка.
Нагадаю: у рашэннях сходу была пастаўлена задача стварыць 250 тысяч новых працоўных месцаў – без развіцця малога і сярэдняга бізнесу зрабіць гэта няпроста. І Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што менавіта дробны бізнес –“галоўны інструмент не толькі самазанятасці, але і творчай рэалізацыі насельніцтва. Пераходзячы ў бізнес, людзі змогуць забяспечыць сябе і свае сем’і, а таксама працаўладкаваць два-тры чалавекі”.
…А больш за ўсё я парадавалася за наша грамадства – за тое, што ў свядомасці “простага чалавека” (не люблю гэты выраз – нібы бываюць людзі “няпростыя”, нейкія асаблівыя, але ў дадзеным выпадку яго ўжыванне, мне здаецца, абгрунтавана) словы “прадпрымальнік” і “злодзей” перасталі быць сінонімамі, як гэта было напачатку 90-ых – хоць справядлівасці дзеля трэба сказаць, што тады часцей за ўсё так і было. І ўсё ж масавае разняволенне той самай дзелавой ініцыятывы пачалося менавіта тады, у 90-ыя – і з цягам часу набыло ў нашай краіне тыя ж цывілізаваныя формы, што і ва ўсім свеце. І сёння мы ўжо вызначаем: прыстойны чалавек ці не, зыходзячы з яго асабістых якасцей і ўчынкаў, а не кіруючыся тым, дзе ён працуе і чым займаецца. Сярод прадпрымальнікаў, як і прадстаўнікоў любога іншага роду заняткаў, хапае людзей прыстойных і не вельмі – як сведчыць крымінальная хроніка, нават сярод тых, хто называе сябе “дзяржаўнымі людзьмі”, сустракаюцца тыя, у каго чужыя грошы ліпнуць да рук…
Вось колькі нагод для радасці прынесла звычайнае перамяшчэнне старой мэблі з пункту А ў пункт Б – і, аказваецца, не мне адной!
Ніна РЫБІК.
