"Среда размышления". Прикоснуться к чуду...
Скажу шчыра: я не люблю бываць у святых месцах падчас вялікіх свят і масавага паломніцтва. Быў у мяне не вельмі прыемны вопыт наведвання храма Ефрасінні Полацкай у дзень памінання гэтай святой заступніцы Беларусі, і ўражанні засталіся дваякімі: з аднаго боку – адчуванне абсалютнай благадаці ад судакранання са святыняй, з другога – сардэчны боль ад усведамлення таго, што людзі стаяць у чарзе на пакланенне, нібыта за каўбасой: перасварваюцца, могуць абразіць адзін аднаго… З таго часу лічу за лепшае наведваць такія месцы ў звычайныя, па магчымасці – будзённыя дні: каб людзей было як мага менш, каб можна было спакойна, без таўкатні, падысці да цудатворнай іконы ці мошчаў святога, пакланіцца, памаліцца, пагутарыць з ім – так, як гэта было ў Пакроўскім манастыры Масквы падчас спаткання з Матронай Маскоўскай, ці ў Троіца-Сергіевай лаўры, куды я прыехала на паклон да Сергія Раданежскага…
Але гэта быў асаблівы выпадак: упершыню за 500 гадоў дары – золата, ладан і смірна, якімі прывіталі нованароджанага Хрыста валхвы, – пакінулі гару Афон, на якую нам, жанчынам, уваход забаронены, і былі прывезены для пакланення ў Маскву і Санкт-Пецярбург, а затым – у Мінск. Калі яны – тут, побач, і ты разумееш, што гэта – адзіная ў жыцці магчымасць убачыць гэты цуд на свае вочы, то ці ж можна не прыняць гэтую прапанову?
…Мне здаецца, што лютыя маразы ў тыя дні “выскачылі” невыпадкова. Хрыстос, сын Бога, ні ў чым не вінаваты, трываў за людзей абразы, здраду, пакуты, пайшоў на смерць… А на што, на якія ахвяры здольны людзі дзеля Хрыста? Ну, хай не самога Хрыста, а святыні, якой прывіталі нованароджанае Боганемаўля больш як два тысячагоддзі назад мудрацы – і ўсё ж? Тым больш, што людзі ішлі на пакланенне – будзем шчырымі – не дзеля веры адзінай. Кожны нёс да запаветнага каўчэжка са святыняй сваё: малітву аб збаўленні ад пакут – сябе ці блізкіх, просьбы аб добрай долі для дзяцей, мару пра асабістае шчасце…
Статыстыка сцвярджае, што ў дні, калі ў беларускай сталіцы былі выстаўлены для пакланення дары валхвоў, храм Святога Іова Шматпакутнага наведалі больш за паўмільёна чалавек – больш, чым у непараўнальнай з Мінскам па колькасці жыхароў Маскве.
У адзін з гэтых халодных студзеньскіх дзён жменькай дробных пясчынак у бясконцым людскім натоўпе стала і паломніцкая дэлегацыя з Астраўца на чале з благачынным Астравецкага благачыння айцом Георгіем. А найменшай пясчынкай сярод іх выпала быць і мне.
Я шчаслівая, што зведала гэта: як нахабны мароз залазіць у цёплыя валёнкі і пакрысе пачынае скоўваць спачатку пальцы, а затым – і ўсё цела; як казыча за плечы, прабіраючыся праз безліч адзежын, холад; як выратавальным цяплом патыхае ад рукі гэтаксама, як і ты, замёрзшай сяброўкі; як па-асабліваму гучаць на скаванай холадам і перадранішняй непрагляднай цемрай сталічнай вуліцы песні і малітвы…
Тры гадзіны чакання на 20-ціградусным марозе (нам пашанцавала – усяго тры!) – і вось мы на прыступках храма. Мароз некуды адступае – здаецца, яго не было ўвогуле. Душу і цела ахінае цяпло і невыказная благадаць. На вочы наварочваюцца слёзы шчасця, забываюцца ўсе просьбы, якія збіралася прагаварыць у думках, калі наступіць той запаветны момант і твая рука дакранецца да шклянога каўчэжка з дарамі валхвоў. Вусны міжволі шэпчуць “Госпадзі, памілуй”, а ўсю істоту перапаўняе пачуццё бязмежнай радасці і ўдзячнасці…
Дзякуй табе, Божа, што спадобіў і мяне, адной з соцень і соцень тысяч, дакрануцца, прыдачыніцца да цуда…
-----------------
Ніна РЫБІК.
