"Среда размышления". Прикоснуться душой
Да абразу Маці Божай Будслаўскай штогод сцякаюцца тысячы пілігрымаў. Каб кожны чалавек – і старыя ды нямоглыя, і малыя дзеці, і людзі з абмежаванымі магчымасцямі – мог скласці свае інтэнцыі, Яна распачала перэгрынацыю па каталіцкіх парафіях Беларусі.У красавіку на працягу дзесяці дзён копія абраза Маці Божай Будслаўскай знаходзілася ў Астравецкім дэканаце.
У кожнага чалавека бываюць моманты, калі разумееш, што ўсляпую ішоў па жыцці да вызначанага часу. Верыў – але не ўсім сэрцам, ведаў – але пры гэтым жылі і раз’ядалі сумненні… І ўспамінаў Бога ў крытычныя моманты жыцця, а ў шчаслівыя імгненні – траціў. І крочыў далей па жыццёвай дарозе з адчуваннем таго, што робіш штосьці не так – але не можаш зразумець і знайсці корань унутранага разладу.
Я шмат чытала пра Будслаў. Пра пілігрымкі да цудадзейнага абраза пісалі каталіцкія парталы і дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі. Моладзь з Беларусі, з блізкага і далёкага замежжа штогод здзяйсняе туды паломніцтвы…
Я марыла пра пілігрымку. Таму што шлях да святыні, з характэрным аскетызмам, фізічнымі выпрабаваннямі, дае магчымасць пераасэнсаваць не толькі свае адносіны з Богам, але і з навакольным светам, і з самім сабой. І ты мяняешся.
Не заўсёды. Не адразу. Новыя парасткі выспяваюць унутры, часам гадамі, і прабіваюцца скрозь унутраную раз’яднанасць, і – цягнуць цябе да святла.
За сваё кароткае жыццё мне не давялося прыйсці да Яе. Маці Божая Будслаўская сама прыйшла… Не толькі да мяне, але да кожнага, хто прагнуў гэтага, можа, нават не ўсведамляючы.
Я ішла на імшу пустая. Рэдка выпадаюць такія моманты, калі ўнутры пануе цішыня: ніводнай думкі, ніводнага слова не зрываецца з вуснаў…
Ні на адной нядзельнай імшы я не бачыла столькі людзей у касцёле святога Юрыя ў Варнянах. Усе прысутыя сустракалі абраз Маці Божай Будслаўскай і, стоячы, віталі заступніцу Беларусі. Свечкі, якія трымцелі сваім няпэўным гарэннем, пасялялі ў душах надзею. У паветры лунаў дух еднасці, братэрства, калі ты – не сам па сабе і не намагаешся хучэй схавацца ва ўласных чатырох кутах, а разам з астатнімі. Ты – гэта людзі вакол, і яны – частка цябе.
Мы адзін аднаму перадавалі знак супакою – і дакрананнем далоняў дзяліліся сваёй радасцю ад таго, што сталі сведкамі прысутнасці Маці Божай…
Калі ты спазнаеш усю моц і таінства веры ў Бога – гэтага нельга хаваць і цешыцца сам-насам духоўным адкрыццём. Дарам “верую” трэба дзяліцца з людзьмі, з кожным, каго сустракаеш на сваім шляху. Не насаджаць, не прымушаць, а адкрываць душу, наколькі гэта магчыма, каб чалавек, які не ведаў веры, адчуў яе сваім сэрцам. Браць за руку праваслаўнага, атэіста, сябра, ворага, каб дапамагчы сабе і таму, каго ты прывёў у касцёл, убачыць душой Маці Божую Будслаўскую…
Калі скончылася святая імша і ксёндз-пробаршч Здзіслаў Пікула падзякаваў усім прысутным, вернікі накіраваліся да абраза Маці Божай Будслаўскай. Людзі падыходзілі, цалавалі абраз і прыкладвалі рукі… Дакраналіся да выявы – каб усёй існасцю адчуць святасць, і пасвятлець самім душой. Кожны чалавек са сваімі просьбамі, малітвамі, штодзённымі клопатамі, са сваім болем звяртаўся да Маці Божай Будслаўскай. Некаторыя даставалі лісточкі паперы з алоўкамі – і пісалі самыя патаемныя просьбы… А Яна ўсіх выслухоўвала і не прамінала ніводнага слова, ніводнай думкі…
Якая парафія, можна вызначыць па колькасці людзей, што прыйшлі на другі дзень, калі абраз Маці Божай Будслаўскай накіроўваецца да іншых вернікаў, у другую парафію. Праводзіць абраз Маці Божай Будслаўскай у парафію Святой Тройцы ў Гервяты, як мне падалося, сабралася не менш людзей, чым у дзень вітання. Людзі плакалі. Некаторыя хавалі свае слёзы. І яшчэ доўга стаялі на прыступках касцёла, пакуль машына не знікла з далягляду…
…Доўгі час думала, ці пісаць гэтыя словы. Калі ў жыцці здараюцца сакральныя моманты і абнаўляшся ўнутрана – лепш маўчаць. Бо тое, что можна толькі адчуць, не “убачыш” праз словы. Але сваёй верай трэба дзяліцца, аддаваць часцінку святла тым, каму яго не хапае.
Маці Божая Будслаўская працягвае сваю пілігрымку да тых, хто не можа прыйсці да Яе ў Будслаў. Сваім падарожжам па каталіцкіх парафіях Беларусі Яна злучае танюсенькай нітачкай чалавека з чалавекам, вучыць прабачаць і дараваць. Чуе кожнае слова, бачыць кожную думку, нягледзячы на кіламетры дарог і людскую заблуканасць ў жыцці. Толькі Маці можа зразумець боль свайго дзіцяці, суцешыць, дапамагчы падняцца – і далей весці па жыцці.
Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.