"Среда размышления". Предчувствие
Калі нараджаецца чалавек, на небе загараецца зорка. Калі ў сям’і з’яўляецца дзіця, у доме пасяляецца шчасце. Менавіта з маленькім чалавечкам пачынаеш па-новаму пазнаваць жыццё, людзей, стасункі. Ранейшыя каштоўнасці адыходзяць, і ўсведамленне таго, што самае галоўнае ў гэтым свеце – сям’я, трывала пасяляецца дзесьці ўнутры.Разам з першым снегам у паветры адчуваецца шчымлівае чаканне – цудаў, дабрыні і невымоўнай пяшчоты. Таму што ізноў, як і дваццаць гадоў назад, маленькай дзяўчынкай, якая трымае ў руках раратнюю свечку, чакаеш нараджэння Божага сына – усім сэрцам і душой. Аднак гэтая маленькая дзяўчынка з вялікімі вачамі і такім жа сэрцам – ужо не я, а мая дачка.
Літаральна праз месяц першая зорка абвесціць нараджэнне Езуса. Ён прыйшоў у гэты свет больш за дзве тысячы гадоў назад у Віфліеме і кожны год для мільёнаў вернікаў нараджаецца зноў. Для мяне. Для цябе. Для хлопчыка, які плача па начах горкімі слязьмі з-за сварак мамы і таты. Для бабулі, якая не бачыла сваіх унукаў і ўнучак некалькі гадоў. Для бяздомнага, які будзе сустракаць гэтае свята пад зорным небам, а не разам са сваёй сям’ёй. Для хворага, які некалькі месяцаў не выходзіў з бальнічнай палаты…
Езус ізноў прыйдзе ў гэты свет, каб сваім нараджэннем запаліць надзею ў сэрцы кожнага чалавека. Каб за адным сталом, засланым паверх сена белым абрусам, за Вігілійнай вячэрай сабраць вялікую і дружную сям’ю. Каб прымірыць ворагаў і зрабіць іх сябрамі. Каб роспач саступіла месца спакою. Каб прабачэнне пасялілася там, дзе яшчэ ўчора панавала чорная нянавісць. Каб падарыць навяртанне нашчадкам тых людзей, якія два тысячагоддзі назад распялі Яго на крыжы…
Літаральна праз месяц першая зорка ў небе абвесціць нараджэнне Езуса. А праз некалькі дзён пачнецца Адвэнт – час радаснага чакання Сына Божага. У народным значэнні ён называецца “постам”, у касцёле – днямі пакаяння. Адвэнт – больш значны час, чым адмова ад ужывання мяса і наведвання забаўляльных мерапрыемстваў на працягу чатырох тыдняў. Згодна з кананічнымі правіламі, у гэты перыяд няма прадпісанняў абавязковага посту. Але кожны з нас павінен падрыхтавацца на Божага нараджэння: даць сабе пастанову – пэўны акт пакаяння. Зрабіць крок, няхай і маленькі, насустрач Езусу – і сабе. Ад чыстага сэрца папрасіць прабачэння і пачуць у адказ: “І ты мяне прабачай”. Патэлефанаваць бабулі, а яшчэ лепш – з’ездзіць да яе, каб пасля і цябе праз многа гадоў адведвалі ўнукі. Перастаць сварыцца на блізкіх і ў адзін момант адчуць радасць ад таго, што вы ўсе разам – адна сям’я. Суседскаму дзіцяці, бацькі якога мала зарабляюць, падарыць жаданую цацку – і з дарыцеля ператварыцца ў адорваемага…
Акт пакаяння, спроба змяніцца ў лепшы бок набліжае нас да Божага нараджэння. І адвэнтавыя рэкалекцыі – час разважанняў разам са святаром і іншымі вернікамі – дапамагаюць зрабіць крок да лепшых пераменаў у сабе.
…Прадчуванне гэтага вялікага свята ізноў пасялілася ў паветры. Ужо разам з дачкой я рыхтуюся да Калядаў і нараджэння Езуса. У адвэнтавы вянок мы ў чатыры рукі ўплятаем чырвоныя стужкі і чатыры свечкі – сімвал чатырох тыдняў адвэнту. Зусім хутка ў касцёлах або побач з імі з’явяцца стаенкі – сімвал нараджэння Езуса. А святло раратніх свечак, запаленых падчас Імшы ў гонар Дзевы Марыі, – адкрые дарогу да Дзіцяткі Езуса.
І кожны год ува мне, унутры дарослага чалавека, нараджаецца маленькая дзяўчынка з раратняй свечкай у руках. Хутка ў гэты свет прыйдзе маленькі Езус, а з ім – і вера ў цуды і ў тое, што для чалавека нічога немагчымага ў гэтым свеце не існуе.
-------------------------
Алена ГАНУЛІЧ.
