"Среда размышления". Погоду создают люди

%d1%80%d0%b0%d0%b4%d1%8e%d1%88%d0%b8-%d1%81%d1%80%d0%b5%d0%b4%d0%b0…Кажаце, вы любіце восень?

Ну вядома – як не любіць рыжавалосую прыгажуню, якая заварожвае позірк бяздонна-сінім небам, нашэптвае рыфмы і мелодыі шолахам апалай лістоты, “рве вока” буйствам фарбаў, якія запрашаюць мастакоў на эцюды, ухутвае мроі і фантазіі лёгкай павуцінкай бабінага лета, распроствае пяціпалыя кляновыя далонькі: заўважце нас, забярыце з сабой, падарыце другое жыццё ў асеннім букеце – мы ж такія прыгожыя…

А вось такую восень, як зараз – халодную, дажджлівую, калі аголеныя галіны дрэў ўздымаюцца ў неба, вымольваючы ў сонейка адзін-адзіны праменьчык, крупінку цяпла і пяшчоты; калі свінцовае неба зранку да вечара ляжыць на плячах; калі у аконнае шкло дзень і ноч барабаніць нудны дождж, нібы просіць пусціць пагрэцца; калі пад нагамі чвякае халодная ліпкая гразь; калі твараў людзей не відаць за парасонамі, а светлых думак – за ўсведамленнем, што да вясны і цяпла яшчэ немагчыма далёка – такую восень вы любіце? І словы з песень, якія сцвярджаюць, што …ў прыроды няма дрэннага надвор’я і што ўсё лёгка выправіць з дапамогай парасона, у такія дні падаюцца здзекам над душой, якой хочацца скруціцца абаранкам і залегчы ў зімовую спячку…

…“Дворнікі” на лабавым шкле ледзь спраўляюцца разганяць па баках густы дождж і першыя рэдкія сняжынкі і, разамлеўшы ад цяпла ўключанай печкі, я лаўлю сябе на думцы, што гэта была чысцейшай вады авантура – прыняць запрашэнне гаспадароў аграсядзібы “Радзюшы” Алены і Валерыя Свешнікавых і адправіцца да іх на сімвалічнае закрыццё турыстычнага сезона. У такое надвор’е, калі добры гаспадар сабаку з хаты не выганіць, напэўна, толькі нам, лёгкім на пад’ём супрацоўнікам рэдакцыі, не сядзіцца ў цёплай хаце з добрай кніжкай і кубкам гарбаты…

Але мы былі не першымі – і не апошнімі. Сагрэцца цяплом вялікай і прыгожай сям’і Свешнікавых, пра якіх наша газета расказвала ў артыкуле “Свая каляіна” (“АП” за 5 кастрычніка), нягледзячы на халодную імжу, што няспынна сыпалася з неба бы праз дробнае сіта, сабраліся суседзі і сябры, калегі і проста добрыя знаёмыя з навакольных вёсак, Астраўца і Мінска.

...Былі гарачая гарбата і доб-рая музыка, смачная юшка і валтузня з вялікімі разумнымі сабакамі, катанне на арэлях і – для многіх упершыню ў жыцці! – на конях, блуканне па асеннім лесе і размовы па душах… З-за няўдала падабранага абутку хутка прамоклі ногі – але было цёпла і светла на душы. Проста так, без дай прычыны – хораша, і ўсё!

Вяртаючыся назад і не могучы прагнаць з твару ўсмешку, мы прыйшлі да высновы, што надвор’е ўсё ж ствараюць людзі. І цудоўна, калі побач ці зводдаль ёсць тыя, хто можа халодны асенні дзень зрабіць цёплым і радасным. Тады і сапраўды – у прыроды няма дрэннага надвор’я, кожнае надвор’е – благадаць…” Часам здараецца, што цёплы летні яркі дзень скукожваецца да чорнай дзіркі, якая засмоктвае цябе так, што ні ўдыхнуць, ні выдыхнуць… А такі вось расплаканы кастрычнік часам дорыць сустрэчы, уражанні, эмоцыі, якія саграваюць лепш, чым вогнішча і гарбата.

З настроем, які падарылі нам у той дзень Свешнікавы, можна палюбіць нават усімі нелюбімую напрадзімную восень…

Ніна РЫБІК.


Фота Алены  СВЕТЛАЙ.