"Среда размышления". Почему мы мусорим?

Сёлета вясна, у параўнанні з мінулым годам, прыйшла нечакана рана. І з адыходам халадоў і снягоў на паверхню пачалі вылазіць «падснежнікі» – але не прыгожыя, далікатныя кветкі, а брудныя і неахайныя сляды жыццядзейнасці чалавека.

Чаму мы такія? Чаму, прабачце, паскудзім пад сваімі дзвярыма? Чаму пачынаем заўважаць смецце толькі тады, калі яго ўзровень дасягае нашага росту? Чаму іншых вучым, а самі нічому не вучымся?
Чаму, калі я бачу, як нехта выкідвае міма сметніцы паперку ад цукеркі, недакурак, квіток з магазіна, шалупінне ад семак або нейкую іншую драбязу, адводжу позірк – раблю выгляд, што нічога не заўважыў? Прызнаюся шчыра: раней і сам, калі кідаў такую ж драбязу ў сметніцу і не трапляў, са зладзейскай насцярожанасцю аглядаўся – ці заўважыў хто мой промах? – і хуценька адыходзіў падалей.
Але аднойчы падумаў: чаму мы, людзі, такія разумныя і прыгожыя, розныя і індывідуальныя, паскудзім аднолькава? Гэта што, на генетычным узроўні ў нас закладзена?
Можа, маюць рацыю людзі, якія падтрымліваюць тэорыю свінагенэзу і лічаць, што насам-рэч чалавек пайшоў зусім не ад малпы, а ад свінні? А што? Калі паразважаць, то гэтая тэорыя і не выглядае асабліва недарэчнай. Даследчыкі і вучоныя даўно высветлілі, што арганізмы чалавека і свінні падобныя па сваёй будове і некаторых фізіялагічных характарыстыках. А калі ўжо гаварыць пра сацыяльна-культурныя аспекты, то тут свіння – першы кандыдат на роднасць да чалавека. Нашы парнакапытныя «продкі» маюць тыя ж праблемы, што і людзі: лянота, абжорства, лішняя вага, неахайнасць... Я, канешне, жартую... Але, як сказаў адзін мой знаёмы, у жарце ёсць толькі частка жарту, астатняе – жорсткая праўда.
...Смецце, як вораг, падсцерагае на кожным кроку: каля нашых дамоў, уздоўж дарог, у лясах. Людзі, выязджаючы ў лес, захапляюцца яго прыгажосцю і чысцінёй паветра. І тут жа пачынаюць пыхцець цыгарэтамі і ствараць вакол сябе міні-смеццезвалку. Ці гэта асаблівая метка сваёй тэрыторыі?
А можа, гэта звычка з дзяцінства? Бывае, дзіця знойдзе на вуліцы недакурак і возьме ў рукі, а маці тут жа падбягае з крыкам «Кінь каку!» Насварыцца на малога ды яшчэ і адшлёпае. А чаму яна не зробіць гэтага, калі яе дзіцятка паперку на вуліцы кідае сабе пад ногі?
З малых гадоў мы прывыкаем, што нехта нешта зробіць за нас, прыбярэ за намі. І нават ад дарослых часам можна пачуць: «Піянеры прыбяруць!» або «Ёсць спецыяльная служба, дзе людзі грошы атрымліваюць за тое, што на вуліцах прыбіраюць!» Прабачце, спадар, але да кожнай «свінні», прыбіральшчыка не прыставіш!
Хаця, зрэшты, можна і прыставіць за асабліва свінаватымі грамадзянамі прыбіральшчыка – толькі няхай зарплату ім плаціць той самы грамадзянін. Мне здаецца, што на вуліцах адразу стане чысцей.
А пакуль што работа прыбіральшчыкаў – гэта сізіфава праца: чысцяць, мятуць, мыюць, фарбуюць... Ды ўсё дарэмна!
Калі вы не верыце мне, то прайдзіцеся як-небудзь ранкам пасля вялікага свята па тых мясцінах, дзе па начах збіраюцца «пагудзець» астраўчане, пажадана яшчэ да таго часу, як на працу выходзяць «санітары горада». Упэўнены, што вы пабачыце горы смецця каля лавачак у гарадскім парку, скверы, на востраве і на «бульвары» каля фантана. Можа, у наступны раз, перад тым, як кінуць паперку сабе пад ногі, вы ўспомніце гэтыя «карцінкі» і здолееце зрабіць некалькі крокаў да сметніцы?
Вынік з усяго вышэйсказанага можна зрабіць такі: выпраўляць свет трэба, пачынаючы з сябе. Таму зараз я не саромеюся падняць з зямлі паперку, якую кінуў міма сметніцы. Бо я хачу каб мой горад быў прыгожы і ўтульны, а мая краіна – Чыстай і Белай!
І вам таго ж жадаю.


--------------------------------
Антон МАЛЬШЭЎСКІ, фота аўтара
.