"Среда размышления". Победы, которые объединяют нацию

Не чакаючы “фінішу” ХХІІ Алімпійскіх гульняў, ужо можна гаварыць аб тым, што ўпершыню за гісторыю ўсіх спартыўных спаборніцтваў яны сталі самымі “гарачымі” для беларусаў. Для Дашы Домрачавай, якая зрабіла неверагоднае – тройчы стала “залатой” у біятлоне. Для Надзеі Скардзіна, якая пацвердзіла свой тытул самай трапнай у стральбе па мішэнях і заваявала бронзавы медаль у індывідуальнай гонцы. Для Алы Цупер, пасля перамогі якой у фрыстайле па лыжнай акрабатыцы ўсе інфармацыйныя парталы стракацелі словазлучэннем “Цупер-супер”. Для мяне. Для цябе. Для нас усіх...

Дзень святога Валянціна 2014 года прынёс сапраўдны падарунак не толькі закаханым, але і ўсім беларусам. Тры медалі за адзін дзень, два з якіх – вышэйшага гатунку, ад нашых спартсменаў ніхто, напэўна, нават і не чакаў.
Прозвішчы гэтых дзяўчат назаўсёды запісаны ў гісторыю беларускага і сусветнага спорту. Даша Домрачава ў адно імгненне стала кумірам для соцень “цінейджараў”, для юнакоў і дзяўчат – прыкладам, як трэба ісці да сваёй мары – і перамагаць. У сацыяльных сетках маладыя людзі ставяць на аватарку выяву нашай “залатой” біятланісткі і пішуць у сябе на “старонках”: “Вось яны – беларускія жанчыны!”.
Цяпер я разумею сэнс каментарыя Дар'і Домрачавай наконт 9 месца ў спрынце, якое некаторыя паспяшаліся назваць правалам. І сапраўды – гэта была толькі размінка! Мэтанакіраванасць, сабранасць у характары гэтай дзяўчыны – яна ведала сваю мэту і на выдатна адпрацавала на дыстанцыях. Першая прыступка алімпійскага п’едэсталу ў жаночай гонцы праследавання, а пасля ізноў “золата” на дыстанцыі ў 15 кіламетраў – на гэта спадзяваліся, але баяліся прамовіць услых, каб не сурочыць.
Надзея Скардзіна, яшчэ адна біятланістка, якая ў гэты дзень прынесла Беларусі медаль. Дзяўчаты зрабілі неверагоднае: арганізавалі лепшы старт за ўсю гісторыю беларускага біятлона.
А перамога Алы Цупер стала адной з самых “узроставых” за гісторыю жаночага фрыстайлу. Сочынская алімпіяда – пятая ў яе кар’еры. На гэтай спартсменцы “паставіла крыж” украінская зборная. Яна на час сышла са спорту, нарадзіла дзіця – і вярнулася. Хацела заканчваць сваю спартыўную кар’еру, таму што чатыры выступленні на Алімпіядзе прыносілі толькі выхад у фінал, але не медалі... Аднак насуперак усім перашкодам, дарога даўжынёй у 22 гады прывяла спартсменку да алімпійскага п’едэсталу – самай высокай яго прыступкі. І Ала Цупер стала першай у Беларусі алімпійскай чэмпіёнкай па жаночаму фрыстайлу.
Да пачатку гульняў мы з калегамі рабілі стаўкі: хтосьці казаў, што беларусы прывязуць пяць медалёў, а хтосьці, наадварот, прагназаваў поўны пралёт і “безмедалёвасць” нашай каманды. Нават эксперт у спартыўнай вобласці прадказваў два медалі – і прайграў торт сваім падапечным, з якімі на трэніроўках разам бегае і ганяе ў футбол.
Але справа нават не ў колькасці медалёў, якія нашы спартсмены праз пот, кроў і шматлікія выпрабаванні заваявалі і, верыцца, яшчэ заваююць на Гульнях. А ў тым, што хоць на невялікі час беларусы, нягледзячы на ўзрост, прафесію, месца жыхарства, становяцца адной нацыяй. Спорт перастае быць проста спортам. Ён выходзіць за межы – яднае. І перамога адной спартсменкі становіцца і тваёй перамогай, і перамогай твайго суседа, і сябра, з якім даўно не было ніякіх стасункаў, і які менавіта зараз тэлефануе і раздзяляе гэтую радасць з табой. Гэта перамога і твайго калегі, які ніколі не цікавіўся спортам, а часам бурчэў: навошта, маўляў, столькі грошай траціць на гэтых “бегуноў”. І настаўніцы твайго дзіцяці, на вачах якой выступалі слёзы, калі Даша Домрачава фінішавала ў гонцы праследавання з беларускім сцягам у руках і здабыла першы залаты медаль для сваёй краіны... І гэта не выдуманыя журналісцкія вобразы – гэта толькі асобныя моманты радасці ад нашай агульнай перамогі, якіх, безумоўна, было ў сотні, тысячы разоў больш.
Гульні і зараз яднаюць. Нягледзячы на палітычныя або ваенныя канфлікты, нягледзячы на эканамічнае развіццё краіны, спартсмены на Алімпіядзе робяць большае, чым здабываюць перамогу ў асобным відзе спорту. Спорт перастае быць проста спортам. А неверагоднае становіцца магчымым.


P.S. Пакуль матэрыял рыхтаваўся да друку, адбылося неверагоднае! Беларуская скарбонка на ХХІІ Зімніх Алімпійскіх гульнях у Сочы папоўнілася адразу двума залатымі медалямі, і нашая краіна (па стану на 17.02.2014) з 5 залатымі і 1 сарэбраным медалём займае 7 месца ў агульным заліку, апярэдзіўшы такія краіны, як Канада, Швецыя, Кітай...
Фрыстайліст Антон Кушнір у суперфінале лыжнай акрабатыкі сярод мужчын пайшоў ваанк, заявіў складанейшы скачок – і перамог хваляванне, трывогі і апошнія хвіліны чакання. Спартсмен з адрывам апярэдіў сапернікаў і ўзяў “золата” – для сябе і для Беларусі.
Дар’я Домачава выдатна правяла гонку і адпрацавала на рубяжах (адзін промах) у мас-старце і ў трэці раз (!!!) падняласяна вышэйшую прыступку п’едэсталу!
Дар’я Домрачава стала адзінай уладальніцай 3 залатых медалёў сярод жанчын ў індывідуальных стартах біятлона ў свеце, атрыманых падчас адной Алімпіяды.
За ўсю гісторыю суверэннай дзяржавы Дар’я Домрачава – адзіная жанчына, якая ўдастоена ганаровага звання Героя Беларусі.
Для звычайных беларусаў гэтая спартсменка нават без тытулаў і званняў з’яўляецца нацыянальным Героем – таксама як Ала Цупер, Антон Кушнір і Надзея Скардзіна.

-------------------
Іна ІГАРАВА
.