"Среда размышления". Первый раз в первый класс
Неўпрыкмет верасень перакаціўся за палову. Здаецца, яшчэ ўчора першы званок сабраў у школьных сценах нашых дзетак – дзяўчынак скрозь у белых блузачках і чорных спаднічках,сарафанчыках, хлопчыкаў у строгіх касцюмах, не менш прыгожых настаўнікаў і настаўніц, прадстаўнікоў раённай улады і грамадскіх аб’яднанняў, якія прыехалі ў школы не толькі з прывітальнымі словамі, але і з падарункамі. А цяпер, пасля тыднёвай адаптацыі да новага раскладу жыцця, школьнага, адказнага – летам жа аніякіх праблем: загарай, купайся сабе на здароўе і бестурботна іграй на дзіцячай пляцоўцы – яны прывыклі да свайго статусу – “вучань”.Сёлета ў Астравецкім раёне 343 дзіцяці ўпершыню селі за парты. Не памылюся, калі скажу, што і бацькі нанова для сябе пераступілі парог школы, што многія з нас успаміналі свой першы званок – прыгожы, накрухмалены фартушок і вялікія, напаўгалавы, белыя банты, рознакаляровыя гладыёлусы і буквар аўтарства Анатоля Клышкі. А зараз ужо нашы дзеці – першакласнікі. А так складана прызнавацца самому сабе, што твой сын або дачка ўжо выраслі, што яны не тыя непаседы, якія гулліва шчабяталі ў дзіцячым садку; што дзіця адной нагой знаходзіцца на парозе калі не дарослага, то адказнага і больш самастойнага жыцця; што яно само павінна рабіць выбар паміж “трэба” і “хачу”; што яго ўжо не абароніш і не схаваеш за сабой ад праблем; што, нарэшце, дыяда бацькі-дзіця павінна ператварыцца ў трыяду, дзе новым складнікам будзе школа. Калі не адбудзецца гэта метамарфоза, калі бацькі не будуць з настаўнікамі заадно, мне здаецца, працэс навучання і выхавання парушыцца – а значыць, будуць слёзы, істэрыкі і ніякай матывацыі вучыцца і спасцігаць новае.
Вядома, для кожнага з бацькоў сваё дзіця – самае лепшае, разумнае і прыгожае. Вядома, нам хочацца, каб сын ці дачушка атрымлівалі адны дзявяткі і дзясяткі і ўдзельнічалі ва ўсіх школьных мерапрыемствах. Вядома, нам хочацца, каб нашых дзяцей любілі гэтак жа, як мы іх любім.Нядаўна на адным з парталаў на вочы трапіўся артыкул пра крызіс ліберальнага выхавання. Простымі словамі, гэта калі дзіцяці ўсё дазволена, калі каля яго круціцца ўвесь свет, а капрызы і прыхамасці выпаўняюцца імгненна. Асабіста я ў выхаванні дзіцяці кіруюся прынцыпам, што бацькоўскай любові зашмат не бывае, аднак з некаторымі тэзісамі, выкладзенымі ў артыкуле, не магла не пагадзіцца. Яны пра тое, што ў нас растуць перахваленыя дзеці: адначасова найлепш за ўсіх малююць, іграюць на музычным інструменце, валодаюць матэматыкай і англійскай мовай… І, як вынік, на выхадзе мы маем моладзь, якая прыходзіць да свайго першага працадаўцы і патрабуе максімальнай зарплаты, якая ніякім чынам не стасуецца з іх навыкамі і ўменнямі.
А колькі прыкладаў чула ад сябровакнастаўніц, калі бацькі абвінавачваюць педагога ў некампетэнтнасці, бо той паставіў іх дзіцяці не тую адзнаку! Колькі дзетак не хочуць ісці ў школу, баяцца атрымаць дрэнную адзнаку, бо іх чакаюць папрокі ад бацькоў. Але не ўсім быць выдатнікамі! Базіс ведаў, а не адзнакі вызначае далейшае жыццё.
Кожны з нас хоча, каб яго дзіця было паспяховым – мела вышэйшую адукацыю, кватэру, машыну… А ці задумваліся мы з вамі, што хоча яно само? І ўвогуле, ці залежыць шчаслівае жыццё ад паспяховасці? Гэта паспяховасць будзе гарантавана дзіцяці толькі ў тым выпадку, калі бацькі будуць заадно з настаўнікамі.
…У другі раз я пайшла ў першы клас –цяпер разам са сваёй дачкой. Хваляванні, перажыванні, сумненні – як і ў многіх бацькоў учарашніх дашкалят. І я ўдзячна “другой” маме – школьнай, настаўніцкаму калектыву і кіраўніцтву, што тыя традыцыі – моцныя веды, даверлівыя адносіны з вучнямі, індывідуальны падыход – жывуць у школе, парог якой, як некалі я, сёлета пераступіла мая дачушка.
---------------------------
Алена ГАНУЛІЧ.
Фота Алены СВЕТЛАЙ.
