"Среда размышления". Никогда не поздно изменить свою жизнь в лучшую сторону

попелец2016Сорак дзён чакання, напоўненых роздумамі аб месцы веры ў жыцці чалавека, аб здрадзе і навяртанні, любові і нянавісці… Сорак дзён Вялікага посту – час для змянення ўласнага жыцця; час, калі праз дапамогу бліжнім дапамагаеш сабе; калі шчырыя малітвы, прамоўленыя разам з іншымі вернікамі падчас Крыжовай дарогі, вызваляюць цела Хрыста ад цвікоў і тваю душу – ад колкіх грахоў… За сорак дзён можна змяніць сваё жыццё да лепшага.

Сёлетні Вялікі пост асаблівы: ён праходзіць пад знакам міласэрнасці. Папа Францішак абвясціў гэты год Годам міласэрнасці і адчыніў святыя дзверы ў базіліцы святога Пятра… Пасля па ўсім свеце ў асабліва намоленых месцах, катэдрах, санктуарыях пачалі адчыняцца Брамы Міласэрнасці. Маці Божая Шкаплерная ў Гудагаі таксама чакае, як сваё дзіця, кожнага чалавека, хто хоча папрасіць у яе аб нечым, падзякаваць ці падумаць у цішыні.
Святары кажуць, што падчас посту, асабліва Вялікага, кожны веруючы католік павінен практыкаваць малітву, пост і міласціну. Маліцца не толькі за сябе, але і за бліжніх, за ўвесь свет, у якім зараз пануюць ваенныя канфлікты, дзе галоўнае месца займае не чалавечае жыццё, а грошы. Утрымлівацца не толькі ад мясных страў, але і ад гучных забаў, каб у цішыні засяродзіцца на галоўным – веры, і знайсці ўнутры сябе адказы на адвечныя жыццёвыя пытанні. Стаць відушчым: бачыць не толькі тое, што хочацца, – а цалкам жыццё, а ў ім – і людзей, якім зараз горш, чым табе, у дзясяткі разоў.
Для таго каб рабіць добрыя справы, трэба мець не поўныя кішэні грошай, а вялікае і гарачае сэрца. Колькі каштуе перавесці бабулю праз дарогу ці прынесці вядро вады адзінокаму дзядулю, да якога дзеці і ўнукі прыязджалі апошні раз на калядныя святы? Ці ёсць кошт у тэлефанавання добрай знаёмай, якая апраўляецца пасля цяжкай хваробы? А колькі каштуюць шчырыя словы “Прабач мяне, калі ласка”, адрасаваныя блізкаму чалавеку?
Добрыя справы вымяраюцца не ў грошах, а ў тых ласках, якія ты атрымліваеш сам.
Хрыстос увогуле аддаў сваё жыццё на крыжы за род людскі, ён даў чалавеку магчымасць ачысціцца, стаць лепшым. Але як часта ў штодзённым жыцці мы ўспамінаем пра яго мукі? І ці не згубілі мы гэты шанс – быць лепшымі – у XXІ стагоддзі?
Сёлетні Вялікі пост асаблівы не толькі тым, што ў кожнага верніка ёсць шанс змяніць жыццё да лепшага, – але і тым, што веруючыя ўсяго свету менавіта ў гэты перыяд аб’ядноўваюцца, пра што яскрава сведчыць сустрэча Папы Рымскага Францішка і Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла, якая стала першай у гісторыі сустрэчай вышэйшых прадстаўнікоў Каталіцкага Касцёла і Рускай Праваслаўнай Царквы.
Ніколі не позна пачаць мяняць сваё жыццё да лепшага. Першы крок – самы складаны, але як лёгка ісці па жыцці, калі ў сэрцы ёсць Бог – любоў.

---------------------------
Алена ЮРКОЙЦЬ.