"Среда размышления". Не предавайте своих четвероногих друзей

Гісторыя двух сабак 2015Існуе меркаванне, што пра стан грамадства можна меркаваць па тым, як у ім адносяцца да старых і малых. У гэты пералік я дабавіла б яшчэ жывёл. Апрыёры я люблю людзей, якія з любоўю адносяцца да братоў нашых меншых, асабліва бяздомных.

У такіх вострых сацыяльных пытаннях, як бадзяжныя жывёлы, грамадства звычайна падзяляецца на два супрацьлеглыя лагеры: першы ў сваёй большасці прадстаўлены абаронцамі, валанцёрамі, якія ў свой вольны час дапамагаюць спецыялізаваным прытулкам, бяруць катоў і сабак на ператрымку, шукаюць ім новых гаспадароў сярод знаёмых і ў сацыяльных сетках, адным словам – робяць усё, каб захаваць жыццё кожнай кошцы ці сабаку. Другі лагер прадстаўлены менш чуллівымі асобамі, якія асноўны спосаб барацьбы з бяздомнымі жывёламі, што часта ў горадзе збіваюцца ў зграі, бачаць толькі ў адным – адлове і ўсыпленні.
Мне не хочацца браць на сябе ролю знаўцы этыкі і развешваць на кагосьці цэтлікі – кожны з нас жыве па сваім сумленні і кіруецца ім ва ўчынках, паводзінах, штодзённым выбары.
У свой час я, як журналіст, спрабавала непрадузята разабрацца з праблемай бяздомных жывёл як у нашай краіне ўвогуле, так і ў Астравецкім раёне – у прыватнасці. Не атрымалася. У гэтай праблемы, як, дарэчы, і ў іншых вострасацыяльных пытаннях – шмат адценняў як белага, так і чорнага. Бяздомныя жывёлы – розныя, як і меркаванні людзей на гэты конт. Радуе, што сярод нас, асабліва сярод моладзі, часцей і часцей сустракаюцца людзі, якім баліць чужое гора; у якіх ёсць душа і якія ўмеюць шкадаваць і спачуваць бліжняму – і неістотна, будзе гэта пісклівы камячок ля пад’езда шматпавярховага дома, бабуля з цяжкай торбай у руках ці чалавек у цёмных акулярах, які не бачыць.
Нездарма псіхолагі раяць заводзіць хатняга гадаванца для таго, каб развівалася эмацыйная сфера дзіцяці, каб яно ўмела клапаціцца пра кагосьці слабейшага за сябе. Але як растлумачыць малому, хто такія бяздомныя жывёлы і якім чынам яны трапілі на вуліцу? Калі чатырохгадовае дзіця задаволіць просты адказ, то школьнік будзе задаваць больш глыбокія пытанні.
Адказы можна было знайсці ў кінаканцэртнай зале “Астравец”, дзе трупа Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі паказала спектакль для дзяцей “Гісторыя двух сабак”.
Нягледзячы на тое што пастаноўка пачалася крыху пазней запланаванага – патрэбна было рассадзіць маленькіх гледачоў, якія прыехалі з розных школ раёна, – і выхаванцам дзіцячых садкоў было складана ўсядзець на месцы такі працяглы час – ігра акцёраў спадабалася і дарослым, і дзецям.
Пасля таго як гаспадар пакідае на вуліцы свайго вернага сябра, лабрадора Дуная, новаспечаны бяздомнік знаёміцца з бульдожкай Булькай, якая на працягу месяца жыве на вуліцы. Яны разам ратуюцца ад холаду і голаду, спрабуюць у сустрэчных людзях знайсці новых гаспадароў – але тыя абмінаюць іх, як пракажонных. На іх шляху трапляецца жывадзёр, і ўрэшце яны самі апынаюцца ў прытулку… Пасля здрады, усіх вулічных перыпетый Дунай знаходзіць новага гаспадара – урача, які шукаў вялікага і моцнага сябра для свайго сына, які перастаў гаварыць пасля смерці мамы. А Булька дзякуючы вернаму спадарожніку пазбягае ўсыплення: Дунай прыводзіць у прытулак свайго гаспадара і яго знаёмую настаўніцу. Шчаслівы канец гісторыі двух сабак пацвярджае спрадвечную ісціну: свет не без добрых людзей.
Выхаванне мастацтвам не толькі прышчапляе этычныя правілы і цягу да прыгожага – але і вучыць быць добрым, спагадлівым і чуллівым. Простая незавуаляваная гісторыя для дзяцей з новага ракурсу адкрыла для мяне, дарослай, праблему бяздомных жывёл – напачатку былі людзі, якія здрадзілі сваім чатырохлапым сябрам, і толькі пасля з’явіліся бадзяжкі, здзічэлыя каты і сабакі, вырасшыя ў калектарах і падвалах… Хоць бы нашы дзеці, новае пакаленне, не забывалі словы Маленькага прынца і ніколі не здраджвалі сябрам.

------------------------
Алена ГАНУЛІЧ.