"Среда размышления". Не молчит зимой деревня
Вёска зімой – не маўклівая. Канешне, яна не такая, як шматгалосная і вірлівая сталіца, дзе, нават нягледзячы на безупынныя снегапады, жыццё не мяняе свайго тэмпу – нязменны “час пік” раніцай і ўвечары, перапоўненыя вагоны метро і безліч выстаў і прэзентацый, і нават не наш з вамі Астравец – кампактны, утульны і шматлюдны...Наша зямля нават зімой размаўляе з чалавекам ціха і сціпла, ледзь чутна, адкрывае свае сакрэты тым, хто ўмее слухаць і чуць. Хоць голас гэты за дваццаць гадоў змяніўся да непазнавальнасці, але знаёмыя з дзяцінства ноткі і зараз прыемна казычуць слых.
Да рыпення снегу, па якім два разы на дзень вяскоўцы ў валёнках пракладваюць шлях да дрывотні, далучаецца трэск дроў, якія прагна паглынае агонь. А як добра пагрэцца ля працепленай печкі пасля шпацыру ў зімовы лес! Памятаю, кожныя выхадныя мама, тата і я – яны садзілі мяне ў драўляныя санкі – адпраўляліся ў лес. У тэрмасе была духмяная гарачая гарбата, а ў кішэнях – некалькі скібак сала і хлеб. Мне, маленькай, тата паказваў сляды зайчыка ці лісы, а мама прапаноўвала паласавацца маленькімі, бы арэхі, падмерзлымі яблыкамі “дзічкі” – і той смак мне чамусьці запомніўся на ўсё жыццё.
У некаторых вясковых сем’ях і зараз ёсць традыцыя кожную суботу ці нядзелю разам – нават вечна заняты тата адкладвае на пасля свае справы – катацца на лыжах, санках ці проста гуляць па зімовым лесе.
І з прыходам сапраўднай зімы дзеці і моладзь, нарэшце, павылазілі з-за камп’ютараў і высыпалі вясёлым гуртам на вуліцу. Санкі і лыжы, якія некалькі гадоў запар былі самым незапатрабаваным інвентаром, у імгненне ператварыліся ў лепшых сяброў. А звычайныя поліэтыленавыя пакеты, нягледзячы на з’яўленне навамодных цюбінгаў, не страцілі свайго прыкладнога прызначэння: узброіўшыся гэтым немудрагелістым прадметам дзятва зноў пакарае не адну горку.
Сёлетняя зіма падружовіла дзіцячыя шчокі – але сапсавала настрой гараджанам. Безупынныя снегапады, якія накрылі Беларусь на мінулым тыдні, падзялілі людзей на два лагеры: адны бралі ў рукі лапаты і выходзілі на вуліцу дапамагаць камунальным службам спраўляцца з наступствамі цыклону, іншыя вельмі бурна абмяркоўвалі заклік уладаў выйсці на дапамогу і актыўна абураліся ў сацыяльных сетках: маўляў, чаму я павінен рабіць тое, за што іншыя людзі атрымліваюць зарплату? Вядома, гэта асабістая справа – расчышчаць тратуар ля свайго дому ці чакаць, пакуль гэта зробіць дворнік, за якім замацавана да пятнаццаці пад’ездаў.
На выхадных давялося ехаць у адну з вёсак раёна – невялікую, хат на дваццаць. Суседская бабуля, век якой пераваліў за восемдзесят, спрытна і рухава завіхалася на панадворку з лапатай – роўныя сцяжынкі вялі ад парогу да студні, дрывотні і хлявоў. Яна здзіўлялася: “Усё кажуць па тэлевізары пра гэты цыклон… А што гэта такое – не ведаю. Зіма – як зіма: у маю маладосць такімі зімы і былі”… Маладжавы пенсіянер у іншым канцы гэтай жа вёскі ратуе не толькі свой, але і суседскі панадворак ад снегу. Дзед Стась ведае, што Міхайлаўна адна не справіцца – ёй хоць бы дроў самой па паленцы нанасіць і выкруціць вядро вады – і то добра…
…Часам трэба адарвацца ад штодзённай рэчаіснасці і з’ездзіць на вёску да бацькоў, каб зразумець, што самае галоўнае – гэта чалавечнасць і ўзаемадапамога, пра якія мы чамусьці ўсё часцей і часцей забываем. І прыклад з уборкай снегу – далёка не першы…
---------------------
Іна ІГАРАВА.
