"Среда размышления". Не имей 100 рублей, а имей 100 друзей?!
У жыцці кожнага здараюцца моманты, калі трэба падтрымаць сваіх сяброў, знаёмых ці проста чужых людзей у якіх-небудзь жыццёвых сітуацыях і выпрабаваннях. Складаных, цяжкіх, балючых, радасных, шчаслівых… Вось тут якраз і пазнаюцца сапраўдныя сябры.Аднойчы знаёмай тэрмінова неабходна было дабрацца да бальніцы. Вадзіцельскае пасведчанне яна мела, але машына раптам сапсавалася. Не заводзіцца – і ўсё! Сітуацыя – хоць ты плач! Але, як гаворыць народная мудрасць, “слязьмі гору не дапаможаш”. Дабірацца ж неяк трэба.
Час быў позні, таму варыянт з аўтобусам адразу ж адпаў. Заставалася адно – некага папрасіць падвезці. Хоць і не любіць яна прасіць аб дапамозе, ёй больш даспадобы дапамагаць людзям самой – прыйшлося тэлефанаваць сябрам.
Аднаму, другому, трэцяму – у кожнага знайшлася свая прычына, свая адгаворка. Адзін заняты, другога дома няма, у трэцяга таксама машына сапсавалася… Ужо не спадзеючыся, што нехта ёй дапаможа, патэлефанавала аднавяскоўцы, якую амаль і не ведала.
– Канешне, падвязу, – пачула ў адказ. – Праз хвіліну буду каля твайго дома.
Ад здзіўлення жанчына страціла “дар мовы” – яна моўчкі кіўнула галавой і пачала збірацца…
Пасля гэтага выпадку я задумалася… Калі б такая сітуацыя здарылася са мной, каму б я патэлефанавала і папрасіла аб дапамозе? І ад каго б на самой справе змагла б яе атрымаць? Канешне, у першую чаргу гэта – муж, бацькі, брат… Але калі ўявіць, што іх не было б побач? Тут, нягледзячы на маю таварыскасць, спіс значна б звузіўся. Нехта не ўзяў бы тэлефон, кагосьці мне самой няёмка было б турбаваць у позні час, хтосьці не захацеў бы ўнікаць у мае праблемы… Атрымалася, што людзей, да якіх я змагла б звярнуцца і якія на самой справе мне дапамаглі б, не так і шмат. Мне стала страшна і сумна…
І ўсё ж людзі, якія адразу ж адгукнуліся б на маю просьбу, ёсць. І гэта шчасце…
Ведаю адну цудоўную жанчыну, якая радуецца за кожнага, у каго з’явілася для гэтага нейкая радасная падстава, сумуе разам з тымі, у каго адбылася бяда. І яна не вызначае іх сацыяльны статус, становішча ў грамадстве, нацыянальнасць і іншыя дадзеныя і асаблівасці, а проста ад душы шчыра суперажывае ці радуецца разам з імі.
І такія сітуацыі адбываюцца паўсюль: адзін дапамагае другому перажыць бяду, нехта радуецца перамозе, шчасцю іншага. І гэта вельмі добра, бо ўсе мы – людзі, і ў любым выпадку, пры любых абставінах павінны заставацца чалавечнымі.
Сяброў заўсёды можна знайсці – варта проста памятаць, што мы не адны на вялізнай планеце. Калі ты сам добры чалавек, то абавязкова з вялікай колькасці людзей знойдзецца той, хто будзе блізкі табе па духу, меркаваннях, паводзінах.
Аднойчы пачула выказванне: “сапраўдных сяброў не павінна быць шмат”. Спачатку здзівілася. А як жа “не май 100 рублёў, а май 100 сяброў”? А потым, паразважаўшы, пагадзілася. Часта тыя, хто выдаюць сябе за сяброў, пакідаюць цябе ў самы нечаканы момант і не хочуць не тое што дапамагчы, але нават падтрымаць словам. А той, на каго ты нават не разлічваў, аддасць табе апошняе, падтрымае, дапаможа…
Сябар можа падвесці. І не раз. І ненаўмысна, і свядома. Але сапраўдны сябар рана ці позна зразумее сваю памылку, а ты ў сваю чаргу прабачыш яму, таму што таксама – не ідэальны.
Жыццё – складаная рэч… Часта можна пачуць: “адзін у полі – не воін” і гэта, як паказвае практыка, сапраўды так. Тым не менш, лепш аднаму, чым з такімі сябрамі, якія гатовы цябе “пакусаць”, хаця і робяць выгляд, што хочуць дапамагчы. Аднак, на шчасце, значна больш такіх, хто ў першую чаргу падумае пра таго, хто побач, каму цяжэй і дапаможа яму ў складанай жыццёвай сітуацыі.
Успомніце легенду пра двух сяброў, якія аднойчы пасварыліся. І адзін з іх даў другому аплявуху. Сябар, якога ўдарылі, нічога не гаворачы, напісаў на пяску сваю крыўду. Але яны прадоўжылі ісці разам. Праз нейкі час на іх шляху з’явілася возера, і сябры вырашылі пакупацца. Той, хто атрымаў аплявуху, стаў тануць, і сябар выратаваў яго. Калі ён ачуняў, то напісаў на камяні, што сябар выратаваў яму жыццё. І той, хто даў аплявуху, а потым выратаваў жыццё свайму сябру, спытаў: “Чаму, калі я цябе пакрыўдзіў, ты напісаў сваю крыўду на пяску, а цяпер пішаш на камені?” Сябар адказаў: “Калі нас пакрыўдзілі, мы павінны напісаць гэта на пяску, каб вецер сцёр гэты надпіс. А калі хто-небудзь зробіць нам нешта добрае, мы павінны выгравіраваць гэта на камяні, каб ніякі вецер не змог сцерці гэта”.
Таму давайце пісаць крыўды на пяску і сціраць іх са сваёй памяці. А радасці і добрыя справы назаўсёды пакідаць не толькі на камені, але і ў сваёй памяці.
І давайце ўспомнім пра тых, хто побач з намі – і няхай заўсёды пануе толькі павага і ўзаемаразуменне! І няхай сапраўдных сяброў будзе не сто, а значна больш.
Алена ЯРАШЭВІЧ.
Фота з сайта aion-friends.clan.su.