"Среда размышления". Найти свой путь к Богу

Шлях да Бога ў кожнага чалавека свой. Некаторыя з маленства ходзяць у касцёл ці царкву на кожную службу, а пасля, па толькі ім вядомых прычынах, не пераступаюць парог храма. Іншыя, у жыцці якіх не было веруючых бабулі, мамы ці таты, прыходзяць у храм пазней, часам – у сталым узросце. Калі ты ходзіш ў касцёл кожную нядзелю, ты – веруючы? І што ёсць праява веры?
Яшчэ з дзяцінства я памятаю словы ксяндза Здзіслава Пікулы: ў кожным, хто сустракаецца на тваім жыццёвым шляху, ты можаш сустрэць Ісуса.

…Іра толькі-толькі падыходзіла ў жыцці да парогу, які падзяляе яго на дзяцінства і юнацтва. Філасофская “інтаксікацыя”, пошук сапраўднага кахання і сяброў, а ў дадатак – паспяховая вучоба ва ўніверсітэце. У гэты перыяд свет бачыцца чорным або белым, добрым або злым. І ты намагаешся штодзённа і несвядома шукаць пацвяржэнні ўласнай жыццёвай філасофіі; пераймаеш мадэлі паводзінаў у людзей, якія падабаюцца. Іра лічыла, што гэты перыяд зацягнуўся ў жыцці. Хацелася падарожнічаць, знаёміцца, пазнаваць, а не корпацца ў сабе.
Сябар, з якім дзяўчына пазнаёміліся ў сацыяльных сетках, прапанаваў схадзіць у пілігрымку – і яна без ваганняў згадзілася. Іра не часта хадзіла ў храм. Яна ведала, што Бог – ёсць, што існуе нейкая звышсіла недзе там, сярод аблокаў… Але жадання хадзіць у храм не ўзнікала – наадварот, ёй рабілася млосна ад адной думкі, што яна можа маліцца разам з мноствам людзей. Пагэтаму сяброўскую прапанову ўспрыняла як шанс пераглядзець свае адносіны да рэлігіі.
…Яны далучыліся да пешых пілігрымаў каля Маладзечна. І восем дзён ішлі да святыні. Адмервалі крокамі дзясяткі кіламетраў, перасільваючы боль у нагах. Неслі цяжкія заплечнікі, хоць праз тыдзень хады лямкі мулялі і церлі плечы. Яны ішлі пад суцэльнымі дажджавымі залевамі і пад спякотным сонцам. Вечарам, калі цямнела і цяжка было разабраць дарогу, пілігрымы спыняліся на начлег у хатах вясковых людзей. А раніцай, з самым вітаннем, калі начны адпачынак не паспяваў разагнаць стому і хацелася паспаць яшчэ хоць хвілінку-другую, працягвалі свой шлях.
Гэтая пілігрымка была першай у Ірыным жыцці. Яна шмат размаўляла з сябрам пра Бога, дзялілася сваімі сумненнямі, а ён даводзіў дзяўчыне, што Бог – ёсць любоў.
На восьмы дзень пілігрымы дасягнулі свайго “Рыма”. Урачыстасці ў Будславе сабралі вялікую колькасць людзей не толькі з Беларусі і яе маленькіх вёсачак і гарадоў, але і з замежжа. У ваколіцах касцёла стаялі дзясяткі аўтобусаў і машын, ад якіх ажно мільгацела ў вачах.
Дзяўчына схадзіла да споведзі пасля паўтарагадовага перапынку – і яе адпусціла. Унутраныя хмары не дажджылі. Сіл не было – толькі моцна хацелася дамоў. Бо толькі там, дома, можна пабыць сам-насам, калі ўнутранае агаленне і слабасць не бачны чужому воку.Яна не ведала, як дабярэцца ў родную вёску, толькі адчувала, што павінна абавязкова ўбачыцца з мамай, татам, сястрой і бабуляй. У кашальку зусім не засталося грошаў (калі не лічыць некалькі зялёных сторублёвак). На пластыкавай картцы былі грошы, але за час пілігрымкі картка моцна пакамячылася, і банкамат, не зважаючы на дзявочыя “просьбы”, выплёўваў яе, бы гумку.
Іра доўга шукала, з кім можна даехаць дамоў, – і ёй пашанцавала. Вадзіцель аднаго з аўтобусаў згадзіўся ўзяць у дарогу дзяўчыну.
Складанасці ўзніклі ў той момант, калі ў салоне пачалі збірацца людзі – удзельнікі
будслаўскіх урачыстасцяў. Жанчына, якая адказвала за арганізацыю паездкі, сказала, што трэба плаціць пяцьдзясят пяць тысяч – і больш нічога слухаць не хацела. Пагадзілася ўзяць дадатковую пасажырку на вольнае месца толькі пры ўмове, што разам з дзяўчынай у бліжэйшым горадзе зойдзе ў банк зняць грошы.
Іра заняла месца непадалёк ад кіроўцы. Ён быў сведкай нядаўняй размовы, аднак не мог запярэчыць. Людзі ехалі ў Будслаў мэтанакіравана: збіралі грошы, наймалі аўтобус…
Дзяўчына папрасіла яго спыніцца каля першай запраўкі, якая трапіцца па дарозе. Аконнае шкло абпальвала холадам скуру. На вуліцы, як і на душы, задажджыла. Да дзяўчыны даляталі незадаволеныя галасы. Адна жанчына моцна абуралася тым, што цяперашняя моладзь нахабная і хітрая. Маўляў, па галовах пойдуць, каб свайго дасягнуць.
Іра думала толькі пра тое, як выйсці, як зрабіцца нябачнай і праслізнуць у дзверы.
Кіроўца націснуў на тармазы, і аўтобус спыніўся. Дзяўчына на ватных нагах паднялася са свайго месца і накіравалася да дзвярнога праёму. Не паспела зрабіць некалькі крокаў, як яе моцна тузанулі за заплечнік.
– А грошы дзе?
…Аўтобус працягваў свой далейшы шлях і набліжаў людзей, спазнаўшых благадаць і апеку Маці Божай, да ўласных сем’яў і дамоў.
Іра сядзела на абочыне і плакала – а перад вачамі стаяў той момант, калі яна, быццам злачынца, вырываецца з чужых рук і кідаецца прэч.
…“Галоднага – накармі, сасмяглага – напаі, бяздомнага падарожніка – прытулі”.
У гэтым жыцці мы ўсе – падарожнікі.


---------------------
Алена ЮРКОЙЦЬ.