"Среда размышления". Насильно мил не будешь...
“Жыццё пражыць – не поле перайсці!” – гаворыць старая прыказка. І гэта праўда. З перашкодамі сустракаешся, нават пераходзячы поле – можаш вымачыць ногі, спатыкнуцца, параніцца… А тут вялікае чалавечае жыццё з самымі рознымі сітуацыямі – шчаслівымі і не вельмі прыемнымі, з радасцямі і засмучэннямі.Часам, здаецца, жыццё пражыта доўгае і шчаслівае. Ты ведаеш людзей, якія знаходзяцца побач, верыш ім, любіш, часам нават абагаўляеш. І раптам – як гром з яснага неба: дурны ўчынак мужа ці жонкі перакрэслівае ўсё тое добрае, што было ў жыцці. І перастаеш верыць людзям, пачынаеш сумнявацца, часам нават ненавідзець…
Па статыстыцы за мінулы год па рэспубліцы на 1000 шлюбаў прыйшліся 492 разводы. Задумайцеся: амаль 1000 чалавек, а калі ў сям’і ёсць дзеці, то і больш, раптам становяцца чужымі людзьмі. Як правіла, у такія моманты яны не толькі перастаюць разумець адзін аднаго, але нават не хочуць выслухаць. А шкада… Часам адно сказанае слова можа змяніць жыццё. Магчыма, да лепшага.
Нездарма ж сказана: “Спачатку было Слова. І слова было ад Бога. І Бог быў Слова…” Магчыма, з гэтага Боскага Слова, з якога ўсё пачалося ў гэтым свеце, у тым ліку і каханне, якое вы згадзіліся б пачуць ці, наадварот, сказаць, жыццё змянілася б. І скасавання шлюбу двух любячых сэрцаў удалося б пазбегнуць. І зрабіць людзей шчаслівымі. Але вочы засціў гнеў, і ніхто не зрабіў першым крок насустрач. Ніхто не падумаў замест нараканняў і пагроз прапанаваць: “А давай разам абмяркуем…”.
Не радуе статыстыка і па нашым раёне. За пяць месяцаў бягучага года на Астравеччыне быў зарэгістраваны 61 шлюб. І – толькі ўдумайцеся (!) – 30 разводаў. Па вобласці сітуацыя яшчэ больш сумная – 2474 шлюбы і 1425 разводаў – і гэта толькі за 5 месяцаў.
Зразумела, што “сілком мілы не будзеш”. І ў тое, што сцерпіцца-злюбіцца, даўно ўжо ніхто не верыць. Мінулі часы, калі арыстакратычныя сем’і шлюбы заключалі яшчэ да нараджэння дзяцей – будучых маладажонаў. І тым не менш… у тыя часы трагедый і разбітых сем’яў чамусьці было значна менш.
Яшчэ горшыя сітуацыі ўзнікаюць тады, калі справа не заканчваецца разводам мужа і жонкі. Часам, і гэта вельмі добра, яны застаюцца сябрамі і падтрымліваюць добрыя адносіны паміж сабой – ад гэтага ў выйгрышы аказваюцца дзеці, якія хоць і ведаюць, што мама і тата больш не будуць разам, але любяць іх.
…Яны кахалі адзін аднаго так горача і шчыра, што гэта было бачна ў кожным іх руху і поглядзе. Гэта было ўзаемнае каханне – кожны з іх стараўся зрабіць другому прыемнае. Ён будзіў яе кветкамі, яна – смачным сняданкам. Сябры здзіўляліся: “Няўжо ў цяперашні час можа быць такое каханне?” Праз год нарадзілася дачушка. І раптам: “Ты чула? Яны вырашылі развесціся…” Пачутыя словы не ўспрымаліся за рэальнасць. Як такое можа быць?
Усё аказалася празаічна проста. Ніякага кахання ў яе не было. Яна прыкідвалася, што кахае, што ёй добра, усміхалася толькі таму, што хацела замуж! Сяброўкі ўжо даўно дзяцей гадавалі, а яна, такая прыгажуня і малайчына, у 25 (!) гадоў засядзелася ў дзеўках! Але вельмі хутка такая сямейная “праца на публіку” надакучыла. А каханне так і не прыйшло. І рабіць выгляд шчаслівай жонкі і матулі больш не хацелася – надакучыла прыкідвацца. Не сцярпелася, не злюбілася…
Праз некалькі месяцаў яны разышліся. Сёння дачушка жыве з мамай, а выхадныя дні праводзіць з татам… А былыя муж і жонка сталі абсалютна чужымі людзьмі – пры сустрэчы толькі вітаюцца.
А іншы раз пасля разводу бацькі не могуць падзяліць дзяцей… І самымі пакрыўджанымі ў такім выпадку становяцца менавіта дзеці, якім балюча бачыць дарагіх ім людзей няшчаснымі, злымі, залітымі слязьмі.
А колькі было і, напэўна, будзе выпадкаў, калі адносіны паміж мужам і жонкай заканчваюцца смерцю аднаго з іх. Была б магчымасць, змяніў бы ўсё – аднак жыццё не кінастужка, якую можна адкруціць назад. Нічога не зменіш – і даводзіцца мірыцца з тым, што маеш.
На жаль, семейным адносінам цяпер ніхто не вучыць. А дарэмна. Ёсць жа курсы для цяжарных. А чаму б не арганізаваць курсы для маладажонаў? Можа, тады праблем у сем’ях, а разам з гэтым – і сямейных канфліктаў і разводаў стала б менш?
---------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.
