"Среда размышления". Мы помним!?

1
Набліжаецца Дзень Перамогі – свята гонару, смутку, памяці. Свята, без перабольшвання, усенароднае, бо ў кожнай сям’і захоўваюць памяць пра бацькоў-дзядоў-прадзедаў, якія былі ўдзельнікамі той вайны. На жаль, часцей за ўсё – толькі памяць, бо жывых ветэранаў засталіся адзінкі: час няўмольны…


Аб тым, як захоўваецца гэтая памяць, хочацца паразважаць. Нядаўна падчас правядзення апошняга дня сельвыканкама ў Падольскай сярэдняй школе звярнула ўвагу на стэнд з партрэтамі і кароткімі біяграфічнымі звесткамі пра землякоў-ветэранаў (хочацца спадзявацца, што недзе ў музейным пакоі захоўваюцца і больш падрабязныя расповеды пра іх жыццё, і ўспаміны герояў вайны). Парадавалася: помняць нашчадкі!

Але дысанансам маёй аптымістычнай радасці стала пісьмо педагога-ветэрана з Варнян Людмілы Іванаўны Кухарэвіч, якая таксама ўздымае тэму памяці аб вайне і ветэранах. І, паразважаўшы над аргументамі нашага пазаштатнага аўтара, я мусіла пагадзіцца з імі: часта за гучнымі і прыгожымі словамі – гулкая пустата…

“Многія жыхары раёна пабывалі ў Мінску ў Музеі Вялікай Айчыннай вайны – велічным, прыгожым, эмацыйна і інфармацыйна насычаным. Там захоўваецца памяць аб тым, як ваявала краіна, аб героях той вайны, – піша Людміла Іванаўна. – Але ў кожным раёне, сельсавеце, вёсачцы была свая вайна і свае героі, якія таксама вартыя памяці і шанавання. Некалькі гадоў назад нейкія вандалы разбілі гранітныя пліты з імёнамі загінуўшых землякоў, што былі ўстаноўлены ля помніка воінам і партызанам у лесапарку – як толькі рука паднялася ў гэтых нелюдзяў?! Памятную пліту аднавілі – але ўжо без прозвішчаў. А чаго вартая безымянная памяць? Гэта ўсё роўна, што безымянная магіла…”

Уздымала ў сваім лісце Людміла Іванаўна і тэму памяці аб ветэранах. Так, у школах, сельскіх клубах ці бібліятэках ёсць невялікія музейчыкі-пакоі, дзе стараюцца захаваць памяць пра герояў вайны. Але давайце глядзець праўдзе ў вочы: кінуліся іх ствараць ужо тады, калі ветэранаў засталося мала. А колькі іх, параненых, кантужаных, з цяжкіх грузам перажытай вайны і заваяванай Перамогі, ардэнаносцаў, герояў, сышло ў нябыт у першыя і наступныя пасляваенныя гады, так і не пачуўшы слоў падзякі і прызнання, бо ў тыя гады на гэта мала звярталі ўвагі: героямі былі калі не ўсе, то – амаль усе. Іх сёння амаль не ўспамінаюць… Вось і атрымліваецца, як у Грыбаедава: шумім, браткі, шумім… А аб чым шумім?

А ёсць жа ў гэтых ветэранаў, нашых землякоў, дзеці, унукі, праўнукі, якія, напэўна, шмат ведаюць пра сваіх слаўных продкаў і многае могуць пра іх расказаць. Чаму б сённяшнім школьнікам-следапытам, удзельнікам патрыятычнай арганізацыі БРСМ не сабраць гэтыя ўспаміны, звесткі аб жыцці герояў? Гэта была б сапраўдная патрыятычная работа для моладзі і жывая памяць пра ветэранаў. Калі не зрабіць гэтага сёння, то заўтра ўжо можа быць позна…

“Святкаванне Дня Перамогі, якое звычайна праходзіць грандыёзна ў сталіцы, ярка і прыгожа – у вобласці і райцэнтры, да вёсак, нават цэнтральных сядзіб гаспадарак і сельсаветаў, амаль што не даходзіць, – з сумам канстатуе Людміла Іванаўна. – І калі не лічыць дзяржаўнага сцяга, які ў  гэты дзень вывешваюць на адміністрацыйных будынках, то свята, нават такога шчымліва-гераічнага, як Дзень Перамогі, у вёсцы не відаць і не чуваць – хіба што па тэлевізары можна яго пабачыць. У райцэнтр жа вяскоўцы, асабліва пажылыя людзі, не паедуць – трэба, каб свята прыйшло да іх у вёску.

Так, напярэдадні Дня Перамогі праводзіцца аб’езд помнікаў па ўсіх вёсках. Але на ўрачысты мітынг звычайна запрашаюць толькі ветэранаў, школьнікаў ды начальства. А чаму не запрасіць усіх жыхароў вёскі? Калі не засталося ў вёсцы жывых ветэранаў, то няхай бы падзяліліся ўспамінамі іх удовы ці дзеці, унукі ці праўнукі. І не парвецца жывая сувязь пакаленняў…”

Мне здаецца, да заўваг і прапаноў Людмілы Іванаўны Кухарэвіч варта прыслухацца, каб святкаванне 70-гадовага юбілею Вялікай Перамогі стала сапраўды ўсенародным – як і сама Перамога.


-------------------

Ніна РЫБІК.