"Среда размышления". Мы – в ответе?! Кто? И за кого?

8
Мы ў адказе за тых, каго прыручылі…

Больш як два гады жыве спектакль “Калядны вечар” – тэрмін нават для прафесійных тэатраў немаленькі, а для народных, мне здаецца, увогуле – рэкордны.

І ўвесь гэты час за сродкі, сабраныя падчас спектакляў, самадзейныя артысты набываюць падарункі і едуць у Міхалішкі, дзе ва ўчастковай бальніцы ў аддзяленні сястрынскага догляду дажываюць свой век прататыпы іх гераінь: абдзеленыя лёсам, пакінутыя роднымі, а часам – і ўласнымі дзецьмі старыя.

Вось і пасля апошняга спектакля на ахвяраванні гледачоў, да якіх далучылі свой асабісты ўклад самі артысты і супрацоўнікі рэдакцыі газеты “Астравецкая праўда”, былі набыты падарункі. З велікоднымі яйкамі і кулічамі – паездка ў бальніцу адбылася на другі дзень праваслаўнага Вялікадня – далучыўся да самадзейных артыстаў айцец Георгій, настаяцель Петрапаўласкай царквы. І ўсе разам мы адправіліся да сваіх падапечных…

Яны чакаюць нас. Наракаюць: чаму ж так доўга не ехалі? Радуюцца, як дзеці, стараюцца хутчэй разгарнуць пакунак, паглядзець: а што ж там? Дзякуюць, стараюцца прытуліцца, пацалаваць. Спяшаюцца расказаць пра свае навіны, справы, надзеі…

І – плачуць… Амаль усе. Асабліва жанчыны. Бо кожнаму з тых, хто сустракае свята ў казённай палаце, хочацца ўбачыць у гэты дзень не нас… Дакладней – не толькі і не столькі нас…

– А хто вас прывёз? – асцярожна пытаецца, адлажыўшы пакунак з падарункамі, бабулька. – Не Стаська часам?

Пачуўшы, што не, не Стаська, маркотна апускае галаву.

– А хто такі Стаська? – пытаюся ў бабулі.

– Сынок гэта мой, – уздымае выцвілыя ад слёз вочы сівая жанчына. – Ён рабочых сюды возіць. Думала – і вас таксама прывёз… Хоць бы адным вочкам на яго глянуць, пабачыць, якім ён стаў…

– А што, даўно не бачыліся? Колькі часу вы тут?

– Ды шэсць гадкоў ужо. Стаська перш зрэдку праведваў. А зараз – не, не прыязджае. Няма калі яму, напэўна, работы шмат.

Даўкі камяк падступіў да горла. Не могучы прамовіць словы спачування, падтрымкі, абнадзеіць, што Стаська хутка прыедзе, выскокваю з палаты… Каб пабачыла таго Стаську – пэўна, прыдушыла б! Маці нават зараз усё даруе сыну, апраўдвае яго. І адна мара ў яе засталася: убачыць хоць краечкам вока сына, які забыўся пра яе існаванне…

А мо і добра, што не бачыць? Мо, каб пабачыла, то сэрца балела б яшчэ больш?

І не толькі ў гэтай бабулі. У многіх з тых, хто дажывае свой век на сацыяльных ложках у Міхалішкаўскай  бальніцы, недзе ёсць дзеці. У некаторых яны жывуць за пару кіламетраў ад будынку бальніцы, у Міхалішках ці ў суседніх вёсках.

Канешне, прымаць такіх старых на сацыяльныя ложкі нельга, бо тых 80 працэнтаў пенсіі, якія з іх утрымліваюць, каб часткова кампенсаваць расходы на іх утрыманне, не хапае нават на харчаванне. І, па сутнасці, догляд да гэтымі старымі кладзецца на плечы дзяржавы. А дзеці, якіх бацькі некалі гадавалі, начэй не дасыпалі, не даядалі, з’яўляюцца ў бальніцы толькі ў дзень выплаты старым тых апошніх 20 працэнтаў пенсіі, каб забраць і іх. А навошта старым – яны ж накормленыя, абмытыя, апранутыя, і ўсё за казённы кошт! А нам у краме нічога бясплатна не даюць, і там усё так дорага… Калі ж дзяцей некалькі, то з’яўляюцца нават чэргі ці ўсчыняюцца сваркі: каму на гэты раз дастануцца тыя 200-300 тысяч, што атрымала маці ці бацька, каб купіць сабе кавалачак мыла ці салодкі пернік…

Але калі гэты клопат не возьме на сябе дзяржава, у дадзеных выпадку – Міхалішкаўская участковая бальніца, то клапаціцца пра гэтых старых застанецца толькі Богу…

– Так, мы ведаем, што ў многіх нашых пацыентаў, для якіх бальніца стала родным домам, ёсць дзеці, – гаворыць галоўны ўрач Міхалішкаўскай бальніцы Генрых Генрыхавіч Калтан. – Часам жывуць яны зусім недалёка, не проста ў нашым раёне – у Міхалішках ці ў суседніх вёсках. Ведаем і дзяцей ды ўнукаў гэтых дзядуль і бабуль. Канешне, мы не павінны прымаць на сацыяльныя ложкі людзей, у якіх ёсць дзеці, у крайнім выпадку можна ўтрымліваць іх па дагавору з роднымі, якія будуць аплачваць поўны кошт знаходжання ў бальніцы. Але… Калі іх сёння выпісаць з бальніцы, аддаць родным дзецям – гэта ўсё роўна што пахаваць зажыва… Памруць яны ў родных хатах – з голаду і холаду. А дзеці могуць гэтага і не заўважыць…

У краіне ўжо больш як пяць гадоў дзейнічае Дэкрэт №18, які прадугледжвае меры ўздзеяння да бацькоў, у тым ліку і матэрыяльныя, якія не жадаюць утрымліваць сваіх непаўналетніх дзяцей, – кампенсацыя расходаў на утрыманне дзяцей ў дзяржаўных установах. Напэўна, настаў час прыняць падобны дакумент, які б абавязаў дарослых працаздольных дзяцей утрымліваць сваіх састарэлых нямоглых бацькоў альбо кампенсаваць гэтыя расходы. Не таму, што дзяржава не можа дагледзець сваіх ветэранаў. А таму, што кожны доўг павінен быць аплачаны. І сыноўні доўг – у першую і галоўную чаргу. Калі дзеці забыліся пра яго,  ім трэба нагадаць… Ці запатрабаваць. Калі не любіць і паважаць бацькоў – прымусіць да гэта немагчыма, то хоць бы аддаць ім матэрыяльную частку гэтага доўгу…


--------------------

Ніна РЫБІК.

Фота Алены ГАНУЛІЧ.