"Среда размышления". Мечтать не вредно! В любом возрасте...

Хто пра што, а я зноў вяртаюся да пытання, аб якім ужо некалі разважала: у колькі гадоў “жыццё толькі пачынаецца”? І ці можна паўнацэнна жыць на пенсіі? Я ўжо неаднойчы пісала на гэтую тэму, прыводзіла прыклады, калі людзі з выхадам на “заслужаны адпачынак” адкрываюць у сабе новыя таленты – ці развіваюць даўно існуючыя, ды “закапаныя ў зямлю” з-за шэрагу прычын, і займаюцца тым, на што ранней не хапала часу і сіл. Ці проста адпачываюць… А ў адказ чула: “Пачакай-пачакай… Пабачым, што ты “заспяваеш”, як прыйдзе час…”.
Ну, што я “заспяваю” пазней, пакуль не ведаю: прыйдзе той час – тады і буду “спяваць”. А сёння мне вельмі сімпатычная мая новая знаёмая Таццяна, якая пасля выхаду на пенсію пакінула, нягледзячы на ўгаворы кіраўніцтва папрацаваць яшчэ хоць пару гадкоў, сваю прэстыжную і высокааплачваемую работу ў вялікім расійскім горадзе, куды лёс закінуў шмат гадоў назад. Прадала там сваю добраўпарадкаваную кватэру і вярнулася на радзіму, у Беларусь: купіла домік у беларускай вёсцы – і кажа, што ўжо тры гады не можа нарадавацца жыццю! Садзіць агарод, вырошчвае кветкі, падарожнічае, шые – для сябе і блізкіх… Кажа, што толькі цяпер адчула сапраўдны смак жыцця. А пазнаёміліся мы падчас апошняга падарожжа па Еўропе.
…Некалі, бываючы за мяжой, я з замілаваннем назірала за пажылымі парамі, якія, беражліва і клапатліва падтрымліваючы адзін аднаго, падарожнічалі, адпачывалі на моры, купаліся ці проста гулялі па вулачках, у  скверах і парках. І з нейкай крыўдай на жыццё думала: ну чаму беларускія пенсіянеры, у адрозненне, скажам, ад нямецкіх ці шведскіх, не могуць дазволіць сабе, выйшаўшы на заслужаны адпачынак, паехаць у падарожжа – ну хай сабе не кожны год, хай у не вельмі далёкае? І чаму яны не могуць гэта сабе дазволіць, што перашкаджае – толькі іншы ўзровень даходаў ці найперш – іншы менталітэт? Раней была ўпэўнена, што першае, цяпер схіляюся да думкі, што ўсё ж другое.
Паклаўшы руку на сэрца, адкажыце: як у нас у пераважнай большасці выпадкаў паглядзяць на пенсіянерку, якая раптам наважылася адправіцца ў падарожжа “па Еўропах”? Канешне ж, скажуць: звар’яцела на старасці. Не, каб дзецям-унукам дапамагчы ці “на смерць” пару долараў адлажыць, ці яшчэ на які “чорны дзень” – а яна вунь што надумала: у падарожжа адправіцца! А калі ўдваіх з мужам – значыць, у абодвух “дах паехаў”!
І вось, адправіўшыся ў чарговы раз у не вельмі блізкую вандроўку, я з радасным захапленнем адзначыла для сябе: аказваецца, свет мяняецца і менталітэт нашых людзей, у тым ліку і пажылых, – таксама! І нашы беларускія пенсіянеры зараз таксама падарожнічаюць!
У нашым туры, які ўключаў у сябе 10-цідзённае падарожжа па Еўропе і затым тыднёвы адпачынак на ўзбярэжжы Адрыятычнага мора ў Італіі – прама скажам, не вельмі танным і зусім не лёгкім, з паўтара-двухгадзіннымі пешаходнымі экскурсіямі ў кожным горадзе – было нямала пенсіянераў. Прычым немаладога ўжо ўзросту – у большасці сваёй далёка за 60, з уласцівымі гэтаму ўзросту артрытам, павышаным ціскам і іншымі хваробамі: практычна ў кожнага напагатове была індывідуальная аптэчка з лякарствамі, якія трэба было прымаць па днях і гадзінах. З 25 чалавек нашай групы я налічыла такіх дзесяць чалавек, з іх – тры сямейныя пары. І гэта былі не нейкія там “распальцаваныя” камерсанты – тыя, мне здаецца, нават на пенсіі адпачываюць у іншых месцах і па-іншаму, – а самыя звычайныя прадстаўнікі “сярэдняга класа” інтэлігентаў: былыя ўрачы, настаўнікі, інжынеры, журналісты… І, мяркуючы па размовах, для іх падобнае падарожжа далёка не першае – у адрозненне ад мяне, “галоўнай падарожніцы Астраўца”, як лічаць некаторыя (што называецца, дзякуй за камплімент: хоць гэта і не так – але ўсё роўна прыемна).
Калі за сталом у атэлі за йшла размова на гэтую тэму, наша суседка, 64-х гадовая былая настаўніца матэматыкі з Магілёва, якая падарожнічала разам з мужам, ваенным пенсіянерам, з уласцівай пераважнай большасці настаўнікаў безапеляцыйнасцю (прабачце, педагогі, але што ёсць, тое ёсць), выказала сваю думку:
– І мы маглі б зрабіць еўрарамонт, купіць новую мэблю і паставіць жалезныя дзверы ў кватэры. Але нам больш цікава падарожнічаць – таму мы цэлы год адкладваем, каб летам паехаць адпачыць… Дзеці ўжо выраслі, і даўно пара адымаць іх ад цыцкі! А калі жыць па прынцыпу: што гэта за бацькі, што дзяцей, а то і ўнукаў да пенсіі не пракормяць? – то за ўсё жыццё толькі на надмагільны помнік і збярэш. У лепшым выпадку…
Але найбольш уразіла ў гэтым сэнсе 74-гадовая бабулька-падарожніца. Яна ў хвіліну шчырасці расказала, што з кожнай пенсіі адкладвае па 200-300 тысяч, калі пашанцуе, то 400 тысяч рублёў. (“А што мне трэба? Адзенне дай бог старое данасіць, а мяса нам, старым, шкодна, тваражок ды кефір куды больш карысныя”) – і за два-тры гады збірае сабе на падарожжа.
– Мужа я пахавала, дзяцей у нас не было, пляменнікам я, па вялікім рахунку, не патрэбная – то хоць перад  смерцю мару сваю здзейсню, свет пабачу, – так патлумачыла яна сваё імкненне да вандровак.
Некаму вандроўку па Еўропе падарылі дзеці (ну як не парадавацца за такіх дзяцей і такіх бацькоў?), нехта яшчэ падпрацоўвае – словам, кожны з маіх спадарожнікаў шукае магчымасць, каб ажыццявіць мару.
Ведаеце, пасля гэтай паездкі я стала зусім па-іншаму глядзець на вандроўкі ўвогуле і на магчымасць знаёмства са светам беларускіх пенсіянераў у прыватнасці…
І ў чарговы раз упэўнілася ў справядлівасці ісціны, да якой прыйшла даўно: жыццё пачынаецца ў тым узросце, у якім вы хочаце жыць. Ёсць людзі, якія ўжо нараджаюцца глыбокімі пенсіянерамі, і ўсё іх жыццё праходзіць пад дэвізам: ах, як усё дрэнна, толькі б дажыць, дацягнуць, датрываць, капейку на чорны дзень адлажыць. Зноў жа – дзецям ды ўнукам трэба дапамагаць. Хоць сыночкі “сямі сажняў у плячах” і дачушкі з дзвюма вышэйшымі адукацыямі даўно ўжо самі маглі б дапамагаць бацькам, але ж – “не збяднее рука таго, хто дае, і адсохне ў таго, хто бярэ”. Ды ім жа сёння так цяжка… А мы ўжо як-небудзь, па-старэчаму, мы ж прывычныя… Абноўка, падарожжа, паездка ў тэатр? Ды што вы, як можна, гэта ж не для нас, старых, не з нашымі даходамі…
А ёсць тыя, хто ставіць перад сабой мэту: пабываць, скажам, у Празе ці ў Парыжы, ці хоць бы ў Санкт-Пецярбургу, Львове ці Нясвіжы. І ажыццяўляе яе – пры гэтым не адмаўляючыся ад іншых радасцей жыцця. І такія, мне здацца, у нашай паездцы былі самымі шчаслівымі. Іх, у адрозненне ад маладых, не засмучала ні дажджлівае надвор’е, ні не вельмі камфортныя нумары ў атэлі, ні доўгія пераезды. Яны радаваліся кожнаму дню!
І я – разам з імі. Найперш – за іх… За тое, што і беларускія пенсіянеры могуць дазволіць сабе марыць – і ажыццяўляць гэтыя мары.

НА ЗДЫМКУ: прагулка на гандоле ў Венецыі. У нашай кампаніі – былы ўрач, настаўніца, інжынер.

--------------------
Ніна РЫБІК.