"Среда размышления". Ланцужок дабрыні

по лужамЧаста можна пачуць, што людзі, асабліва ў апошнія гады, сталі іншымі – іх зусім не клапоціць тое, што адбываецца навокал, кожны думае ў першую чаргу пра свой дабрабыт. І толькі потым – пра астатніх. З гэтым можна згаджацца і не згаджацца, у гэта можна верыць або не верыць…
Нядаўна стала сведкай, як бабулі, якая вярталася з бальніцы дамоў, стала дрэнна. Пасля прыёму ва ўрача, яна зайшла ў аптэку набыць прапісаныя ім лекі – і страціла прытомнасць. На шчасце, вакол было шмат людзей: падбеглі аптэкаркі, паднеслі аміяк, валідол, выклікалі “хуткую дапамогу”. Сваю назву яна апраўдала – сапраўды прыехала вельмі хутка. Бабулю забралі… Як даведалася потым, яе шпіталізавалі ў адно з аддзяленняў раённай бальніцы.
…Лужына разлілася па ўсёй дарозе. Добра, што побач ёсць тратуары – па іх можна прайсці, не замачыўшы ногі. Аднак па дарозе едуць машыны. Некаторыя з іх зніжаюць хуткасць і амаль што спыняюцца перад лужынай – ці то баючыся абляпаць людзей, што ідуць побач, ці каб не запэцкаць сваю машыну. У кожнага свае думкі, і хочацца верыць, што ў першую чаргу яны клапоцяцца пра тых, хто побач, а не пра ўласнае “жалеза”.
Усе гэтыя думкі “гняздзіліся” ў маёй галаве, калі з-за павароту выруліў вялізны джып – для яго праехаць гэтую лужыну не праблема – як кажуць, “танкі бруду не баяцца”. І, мабыць, таму імчаў ён з вялікай хуткасцю.
“Усё”, – толькі паспявае праляцець думка. Я заплюшчваю вочы, уяўляючы, што маё светлае паліто праз імгненне стане шэрым. І раптам чую рэзкі віск тармазоў. Адкрываю вочы і бачу, што джып спыніўся якраз перад лужынай.
“Няўжо мяне пашкадаваў?” – праносіцца думка. І тут погляд натыкаецца на маленькае кацяня, якое стаіць пасярэдзіне дарогі.
Значыць, не ўсё так сумна? Значыць нешта чалавечае ў людзях усё ж такі засталося? І рабіць добрыя ўчынкі мы, калі захочам, можам?! І робім...
Хаця здараюцца і іншыя сітуацыі – і ўзнікаюць непрыемныя інцыдэнты. Сведкам аднаго з такіх стала і я. Жанчына зайшла ў магазін з толькі што набытым у суседнім магазіне посудам. І ўбачыла адзін у адзін такі ж, як набыла некалькімі хвілінамі раней. Цэнніка на посудзе не было, і таму жанчына пацікавілася, колькі ж каштуюць гэтыя талеркі. Пра тое, што яна пачула ў свой адрас, лепш не пісаць. Але нават мне, чалавеку, які не меў ніякага дачынення да сітуацыі, стала прыкра і няёмка. Прадавец жа нават не папрасіла прабачэння. А гэта ж яе патэнцыяльны пакупнік, які, магчыма, не проста спытаў пра цану, каб параўнаць кошт тавару ў двух суседніх магазінах. Ды нават калі і так – няўжо трэба псаваць настрой сабе і людзям, якія апынуліся побач?!
Магазін пакідала моўчкі. Часам у такіх сітуацыях лепш змаўчаць, каб полымя спрэчкі паміж людзьмі і пачуццё сораму за род людскі ў душы не разгарэліся яшчэ больш…
Кожны наш дзень напоўнены мноствам учынкаў. Некаторыя з іх запланаваныя, іншыя былі зроблены спантанна. І большасць з нас не задумваецца, чаму мы зрабілі так ці інакш. І было гэта дабром ці злом. І як твой учынак паўплываў на тых, хто знаходзіўся побач…
Час бяжыць імкліва, і ў спешцы чалавек не паспявае сачыць за сваімі дзеяннямі. Або не хоча паспяваць…
Толькі калі сутыкаешся з пералічанымі вышэй і многімі іншымі сітуацыямі – разумееш, што і ад цябе таксама залежыць, ці не перарвецца той ланцужок дабрыні, які аб’ядноўвае ўсіх, хто годна нясе званне “чалавек” і сваімі ўчынкамі пацвярджае, што ён – самая разумная, міласэрная і культурная істота ў свеце.

---------------------------
Алена СВЕТЛАЯ.