"Среда размышления". Куда исчезают цветы с улиц Островца?
Вось і лета прыйшло! Няхай сабе крыху не такое, якога мы чакалі, – дажджы і пахаладанне астуджаюць занадта гарачыя галовы – але ж, як гаворыцца, у прыроды няма дрэннага надвор’я. Да таго ж шэрыя будні так упрыгожваюць гарадскія кветкавыя клумбы…Хм-м, паправачка: прыгожвалі... Бо ёсць сярод нашых суграмадзян такія, якім “вока мазоліць” тая прыгажосць, што ствараецца рукамі астравецкіх кветкаводаў. Немагчыма зразумець паводзін гэтых “эстэтаў”, якія так, між іншым, могуць зламаць або вырваць кветачку-другую. Знішчаюць створаную рукамі іншых прыгажосць – проста так, ад нейкага незразумелага пачуцця ці то злосці, ці то агрэсіі, ці то насмешкі над безабароннасцю кветак. Знайсці такіх “кветкавых знішчальнікаў” вельмі цяжка – амаль немагчыма… Але некалі яны ўсё ж пападуцца “на гарачым”.
Праходзіш каля клумбаў, разглядваеш зялёна-жоўта-чырвоныя кампазіцыі – і вока натыкаецца на чорныя плямы, дзе яшчэ ўчора цвілі-прыгажэлі мілыя цюльпаны, сарамлівыя анюціны вочкі, гордыя геацынты… Здаецца, усё прыгожа і кветак шмат, але прыгледзішся – і ўбачыш, што там-сям парушана сіметрыя, дзесьці абламаныя лісты, абарваныя кветкі... А вось тут вандалы іх увогуле вырвалі з коранем… І становіцца зразумела: пасля кветкаводаў на клумбах “папрацавалі” іншыя “аматары”.
Вольга Сімановіч, якая ўзначальвае брыгаду кветкаводаў Астравецкага РУП ЖКГ, гледзячы на такія “дапрацоўкі”, цяжка ўздыхае:
– Крадуць кветкі ў нас заўсёды і ўсюды! Часам такая злосць ахоплівае, што не выказаць: цэлы дзень жанчыны-кветкаводы рупліва высаджваюць гэтую прагажосць – а назаўтра глядзіш: з гэтай клумбы нехта сабе прыхапіў кветачку, тут узяў. Не сказаць, што крадуць нейкія пэўныя кветкі, – цягнуць усё: аксаміткі, бегоніі, геацынты. Адны выкапваюць сабе ў кветнік, некаторыя рвуць, каб падарыць некаму…
Асабліва прыкра, калі “ламошаць” проста так, ад “няма чаго рабіць”! Сёлета так, напрыклад, было каля фантана: пасадзілі жоўтыя і фіялетавыя цюльпаны – а праз некалькі дзён нейкі паскуднік кветкі проста пазламваў. Ці, напрыклад, каля дома №10 па вуліцы Ленінскай пасадзілі геацынты – а іх пазразалі. Мы часам нават ведаем, хто гэта зрабіў, – але як дакажаш, калі за руку не злавіў?.. Спадзявацца, што міліцэйскі патруль кветкавых злодзеяў зловіць, – бессэнсоўна: ля кожнай клумбы міліцыянера не паставіш. А вось каб пару відэакамер устанавіць у горадзе – гэта ўжо зусім іншая справа была б. За гэты год “кветкавыя злодзеі” ўжо нанеслі ўрону мільёнаў на 30 – і гэта толькі за вырашчаную на сваім прадпрыемстве расаду. А зараз пойдуць кветкі з набытых – шмат даражэйшыя! Што ж тут казаць пра страты? Мы ўжо падумваем па чарзе пільнаваць клумбы – хоць некалькіх такіх “кветкаводаў” злавіць бы за руку ды ў міліцыю здаць, каб потым не адкруціліся і адказвалі за свае ўчынкі па ўсёй строгасці закона. А там хай гэты злодзей і за ўсе папярэднія крадзяжы адкажа.
Мы прайшлі па цэнтру горада. На адной клумбе, каля помніка Іосіфу Гашкевічу, і на другой, каля “Аднаго акна”, Вольга Сімановіч паказала пару месцаў, адкуль літаральна напярэдадні нехта выкапаў некалькі бягоній:
– Вось і лічыце: у адным месцы тры кветкі выкапана, у другім – пяць. Кожная каштуе 10 тысяч – страт ужо 80 тысяч беларускіх рублёў. Дык гэта толькі на двух клумбах. А калі па ўсяму гораду прайсці, то колькі налічым?
На мінулым тыдні грамадства ўскалыхнула навіна з Гродна, дзе вандалы ўкралі каля трох тысяч раслін на вайсковых могілках і з клумб каля Вечнага агню ля Кургана Славы. Злодзеі дзейнічалі ў спешцы, вырывалі кветкі з коранем – праўда, панесці ўсё не змаглі. Як паведаміў афіцыйны прадстаўнік Упраўлення Следчага Камітэта па Гродзенскай вобласці, кошт выкрадзеных ля Кургана Славы кветак склаў 13 мільёнаў рублёў. За крадзёж вінаватым пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.
Зразумела, што за некалькі кветак, украдзеных з клумбаў у Астраўцы, такія штрафы не дадуць. Але і за крадзёж адной-дзвюх кветачак давядзецца заплаціць 1,5-4,5 мільёны рублёў і, да таго ж пакрыць нанесены ўрон. Калі ж вы робіце гэта не ўпершыню, то рыхтуйцеся аддаць у дзяржаўную казну да 7,5 мільёна. Ці не дзешавей будзе купіць?
І галоўнае: калі вы так любіце кветкі і марыце, каб яны ўпрыгожвалі ваш панадворак, то няўжо вам хочацца, каб на гэтай прыгажосці стаяла, хай сабе і не ўсім бачнае, але ўсё ж адчувальнае кляймо “крадзенае”?
“Ад крадзенага не патаўсцееш”, – вучыў бацька сына ў беларускай народнай казцы. І не пабагацееш, і не папрыгажэеш – дададзім мы. Нават калі вам удасца пазбегнуць шматмільённых штрафаў – а народная мудрасць сцвярджае, што толькі да пары збан воду носіць, – то ёсць жа яшчэ і божы суд, і суд грамадскасці. Не баіцеся?
---------------------------------
Антон МАЛЬШЭЎСКІ.
