"Среда размышления". Когда кажется, что собственная старость ещё далеко...
Старасць не зважае на сацыяльныя статусы, пасады, багацце, наяўнасць або адсутнасць дзяцей… Яна не прызнае жаданні і інтарэсы чалавека. Крочыць ценем па пятах – і з кожным днём усё больш і больш паглыбляецца ў чалавека – сетка маршчынак разбягаецца па твары, да рук і шыі…І аднойчы цёплай восеньскай раніцай ці халодным зімовым вечарам ты разумееш, што думкі пра будучыню ўжо не ўзнікаюць… Як казала мая прабабуля: жыццё прамінае так хутка, быццам у адны дзверы ўвайшоў – а ў другія выйшаў.
Дзверы Міхалішкаўскай бальніцы за кожным цяперашнім яе жыхаром зачыняліся аднолькава: прывычны свет заставаўся звонку, а тут пачыналася іншае жыццё, уціснутае ў вузкія рамкі сняданкаў, абедаў, вячэраў, працэдур і, у лепшым выпадку, чакання прыезду родзічаў.
Раніцай не трэба ўсхоплівацца з ложка, каб пакарміць курэй ці па паленцы нанасіць дроў. Не трэба ўглядацца ў выцвілую паперу з вялікімі лічбамі тэлефоннага нумара і ў пяты ці дзясяты раз спрабаваць пакручанымі пальчыкамі набраць на непаслухмяным барабане адзінаццаць лічбаў. Не трэба ісці да суседкі і прасіць, каб тая выкруціла са студні вядро вады. Не трэба шыбаваць да агароду і, перамагаючы боль у спіне, схіляцца над пустазеллем, а потым цягнуць вырваную траву на сметнік. Не трэба ісці паўкіламетра на прыпынак, каб з першым аўтобусам трапіць у аддзяленне банка ці на пошту, каб заплаціць за свет…
Гатовая ежа, усе зручнасці на месцы, чыстая бялізна, суседзі па палаце, пастаяннае дзяжурства ўрача – але чамусьці ўсе гэтыя выгоды перакрэсліваюць тлустым чырвоным колерам жыццё – “не трэба”.
Не рупішся – не жывеш? Бабулі і дзядулі, якія знаходзяцца на сацыяльных ложках – калі не браць у разлік разумова непаўнацэнных – адносяцца да таго пакалення, якое прывыкла працаваць, як дыхаць. Не дай ім працы – і яны, быццам сарваная кветка, якую паставілі ў прыгожую вазу са свежай вадой, зачахнуць. На вачах марнеюць – і ніякавеюць.
Хтосьці можа запярэчыць, што ў такім ўзросце стары не можа абыходзіцца сваімі сіламі і патрабуе асаблівага догляду. Так, праца адыходзіць у нябыт. А на яе месца, калі верыць псіхолагам, заступаюць патрэбы ў цеснай інтэграцыі з сям’ёй і перадача ўласнага жыццёвага вопыту і досведу маладому пакаленню.
А калі няма ні ўнукаў, ні праўнукаў? Калі ў сына ці дачкі склаліся такія сямейныя ці жыццёвыя абставіны, што немагчыма забраць бацьку або маці да сябе?
Выйсцем становіцца інтэрнат. Напэўна, той, хто хоць раз за жыццё ў любой якасці пераступаў яго парог, не пакідае гэтых сцен ранейшым.
…Трупа самадзейных акцёраў спектакля “Калядны вечар”, які ставіўся на сцэнах нашага і іншых раёнаў, завітала ў Міхалішкі з падарункамі ў спякотны жнівеньскі дзень. Артысты прывезлі сродкі асабістай гігіены, гаспадарча-тэхнічныя рэчы і кожнаму з 60 жыхароў пакуначак з прысмакамі.
За нейкі сок, шакаладку, вафлю і астатнія слодычы яны дзякавалі, як за жыццё. Старэчы голас дрыжэў, а вочы свяціліся такой радасцю, што рабілася не па сабе. І амаль у кожнай палаце чулася: “Дзякуй, вялікі дзякуй… Хай Божачка дасць здароўя вам і вашай сям’і”, праз слёзы: “Буду дзень і ноч маліцца за вас, дзетачкі”… А ў скронях пульсавала: за што так дзякаваць? Шкада, што напісаныя словы не могуць перадаць інтанацыі, усю палітру вымаўленага. Дзякаваць так могуць толькі людзі ў поўным адчаі.
Некаторыя моўчкі апускалі вочы, іншыя – цікавіліся: ад якой арганізацыі ім прынеслі падарункі? Дзяўчынка – а магчыма ўжо і жанчына, усе людзі з сіндромам Даўна мне падаюцца дзецьмі – спрабавала схавацца ў адным з пакояў, але санітаркі і медыцынскія сёстры спынілі яе. Яна без слоў узяла пакунак і пайшла ў сваю палату.
Госці прайшлі ўглыб калідору, а калі праз некалькі хвілін вярталіся назад – праз расчыненыя дзверы ўбачылі, як Рэгіна разглядвала падарунак, з замілаваннем у вачах глядзела на бліскучыя ад сонечных промняў абгорткі – і цалавала пакунак.
…У жаночым пакойчыку сядзеў дзядок каля ложка бабулі. Па выразу твару можна было зразумець, што цяжкая хвароба з’ела розум жанчыны… На калідоры дзядка аклікнула санітарка, каб не нёс да сябе ў палату жончын падарунак, бо мае свой. Жанчына расказала, што Чэсь кожную раніцу, у абед і вечарам корміць і поіць старую. Каб была такая магчымасць, ён бы не толькі начаваў, але і дняваў каля жонкі.
…У адным з пакояў затрымалася з фотаапаратам. Бабулька з адчаем прасіла, нібы маліла: “Скажыце ім… Скажыце… Яны ў Астраўцы жывуць…” І са сваіх худзенькіх, бы ссохлых рук не выпускала руку журналісткі. Дзяўчына разумела, што не можа адмовіць: такая просьба не прымае “не”. Моўчкі кіўнула галавой – і бабулька ў імгненне пасвятлела тварам. Стрыечныя пляменнікі апошні раз прыязджалі да яе два гады назад…
Такія непадобныя лёсы людзей, лініі жыцця якіх сышліся пад адным дахам. І ўсе выгоды, якія даюць старым людзям спецыялізаваныя інтэрнаты, не могуць даць аднаго – увагі і таго пачуцця, што хоць на адно імгненне, на дзясятую долю секунды ты – цэнтр засяроджанасці іншага, няхай і чужога чалавека.
І як бы ні даводзілі некаторыя людзі, што старыя ў інтэрнатах забяспечаныя ўсім неабходным, бачаць і слодычы, і фрукты, і па неабходнасці памперсы – пра людзей у інтэрнатах нельга забываць. Прасцей за ўсё пералічыць нейкую суму грошай на спецыяльны рахунак для адчэпкі сумлення – і спаць спакойна. Куды цяжэй пераступіць парог, чуць гэтае незаслужанае “дзякуй” і давіцца горкім камяком. І прыехаць у другі, у трэці раз, хоць першыя думкі, якія ўзнікаюць падчас наведвання інтэрнату для нямоглых, – гэта пакінуць яго сцены і схавацца. Не бачыць. Не чуць. Не адчуваць. Тады здаецца, што ўласная старасць знаходзіцца яшчэ так далёка!
Але не паспееш азірнуцца, як у адны дзверы ўвайшоў, а ў другія – выйшаў… І ўсё пытанне ў тым, што там, паміж дзвярамі…
---------------------
Алёна ГАНУЛІЧ.
