"Среда размышления". Каждый когда-то ответит за своё...
Спектакль “Калядны вечар” ад пачатку задумваўся як дабрачынны. Самадзейная трупа, якая ўзялася яго ставіць, мела дзве асноўныя мэты: найперш – прыцягнуць увагу да такой балючай бяды грамадства, як адзінокая старасць. “Калі хоць адзін чалавек, паглядзеўшы наш спектакль, не аддасць сваіх бацькоў у дом састарэлых – можна лічыць, што мы сваю задачу выканалі,” – так лаканічна выказала неяк на рэпетыцыі агульную думку адна з нашых самадзейных артыстак.І другой нашай задачай было па магчымасці дапамагчы тым людзям, хто воляй лёсу знаходзіцца ў Міхалішкаўскай бальніцы на сацыяльных ложках, хто ўжо зведаў гэтую бяду – адзінокую старасць. Падарыць ім хоць маленькае, мімалётнае свята, для якіх яно становіцца сапраўднай падзеяй у іх пазбаўленым усялякіх фарбаў жыцці, якога многія з іх не ведаюць гадамі: прыехаць у госці з падарункамі.
Мы ездзілі да іх двойчы. Першы раз – пасля прэм’еры, у студзені, калі на ахвяраванні гледачоў – іх сабралася каля 4 мільёнаў рублёў – набылі рэчы, якія, па словах галоўнага ўрача Міхалішкаўскай участковай бальніцы, былі патрэбны для догляду старых. І гасцінцы і маленькія падарункі для кожнага з іх.
Другі раз – зусім нядаўна. Падчас “гастроляў” спектакля па розных дамах культуры мы зноў сабралі каля 4 мільёнаў рублёў, ды яшчэ гандлёвы дом “Анастасія”, як і ў першы раз, напёк смачных мяккіх булачак для пацыентаў сацыяльных ложкаў і бясплатна ахвяраваў іх для добрай справы. Купілі старым сёе-тое з прысмакаў. А яшчэ – памперсы, гаспадарчыя рэчы, якія патрэбны ў бальніцы. Журналістка “Астравецкай праўды” і адна з удзельніц спектакля Алена Гануліч расказвала ў “Астравецкай праўдзе” пра свае ўражанні ад таго наведвання Міхалішкаўскай бальніцы.
Але… Няма, мусіць, ніводнай добрай справы, пасля якой бы не ўзнікла якое-небудзь “але” і на якую быў бы цалкам адназначны погляд…
Праз пару дзён пасля наведвання бальніцы патэлефанавала “добразычліўка”, якая, не схацеўшы прадставіцца, са смяшком паведаміла, што з тымі вёдрамі, якія мы прывезлі ў бальніцу, некаторыя яе супрацоўнікі ўжо пайшлі ў лес па ягады…
Я не ведаю, ці праўда гэта. Думаю, што не. Я сустракалася з тымі медсёстрамі і санітаркамі – не з усімі, вядома, але з многімі – якія даглядаюць гэтых забытых роднымі і нават Богам старых. І бачыла іх вочы… Я разумею, як цяжка ім працаваць – каму даводзілася даглядаць сваіх нямоглых бацькоў, ведаюць, што гэта такое. А тут не адзін і не два чалавекі, а амаль што шэсцьдзесят – кожны са сваім характарам, са сваім пабітым глыбокімі шрамамі лёсам, са сваімі крыўдамі на жыццё і людзей. І не веру, што нехта з медыцынскага персаналу бальніцы можа пакрыўдзіць і без таго пакрыўджаных Богам і людзьмі, не маючых сілы абараніцца старых. Бо забраць нешта з таго, што прызначалася ім, – гэта, на мой погляд, усё роўна, што забраць тое, што табе не прызначалася, з Божай рукі. Мала таго, што грэх, дык яшчэ і страх: а калі пакрыўдзіцца Усявышні?
Але не гэта галоўнае. І не аб гэтым я хацела сказаць. Урэшце, у кожнага сваё сумленне і свае адносіны з Богам. І свае адносіны да дабрачыннасці. Нехта, пачуўшы пра збор сродкаў для хворага дзіцяці, адразу ж набірае аб’яўлены нумар. Іншы ў гэтым выпадку скептычна ўсміхнецца: “А дзе гарантыя, што грошы пойдуць менавіта гэтаму дзіцяці, што іх не ўкрадзе нехта па дарозе? І адкуль я ведаю, што таму дзіцяці сапраўды патрэбна дапамога, можа, бацькі падзарабіць хочуць на яго хваробе? Не, я не такі “лох”, як яны пра мяне думаюць. Грошыкі ж мае, кроўныя… Хай дурні клююць” на гэты “развод”, мяне гэтым не купіш”. І затым усяляк стараюцца знайсці высакароднае і глыбока інтэлектуальнае пацвярджэнне сваёй, па вялікаму рахунку, элементарнай сквапнасці і чэрствасці. А калі яно не знаходзіцца, то можна ж проста выдумаць – паспрабуй потым дакажы, хто з якім вядром хадзіў у лес!
“Дачушка, ніколі не мінай жабрака, – навучала мяне некалі мама. – Хоць капеечку, ды падай!”
“Ды тыя “жабракі” ўжо палацы адбудавалі – і сабе, і дзецям сваім,” – абурана пераказвала я тое, што недзе чула ці чытала, не асабліва задумваючыся, колькі праўды ў тых “выкрыццях”.
“Твая справа – міласціну падаць – не пагаджалася мама. – А іх справа – ёй распарадзіцца. І кожны некалі адкажа за сваё… Ты ж не ім падаеш – Богу. І сабе…”
Мудрасць яе слоў я зразумела значна пазней…
І незалежна ад таго, дайшла па прызначэнні тая дапамога, што адвезлі мы ў Міхалішкі (хоць я ўпэўнена, што дайшла, а ўсе гэтыя тэлефанаванні – толькі нагаворы!), я ведаю: ахвяраванні нашых гледачоў і праца нашай самадзейнай трупы былі не дарэмнымі.
Бо, як сказана ў Пісанні, “воздастся им не по словам их, а по делам их”.
І кожны будзе адказваць за сваё…
---------------------
Ніна РЫБІК.
Фота Эдуарда СВІРЫДА.
