"Среда размышления". Как нас обманывают

5
Днямі ў маім жыцці адбылася падзея, па вялікім рахунку, радавая: мяне спрабавалі, прабачце за слэнг, “развесці на грошы”, прычым немалыя. І не якія-небудзь махляры, а салідныя, культурныя і прыемныя людзі з афіцыйна зарэгістраванай фірмы. Яны настойліва імкнуліся прадаць мне больш як за сем мільёнаў рублёў шматступенчатую цуда-сістэму ачысткі вады. Магчыма, яна і сапраўды такая цудоўная, але, зразумеўшы, што са мной паводзяць сябе няшчыра, папросту кажучы, падманваюць, я засумнявалася і ў якасці самой сістэмы. Падазраю, што я – не адзіная ў спісе патэнцыяльных пакупнікоў, пагэтаму вазьму на сябе смеласць падзяліцца сваімі сумненнямі з тымі, хто можа аказацца на маім месцы заўтра.

Усё пачалося, як у вядомым дзіцячым вершы Карнея Чукоўскага: у мяне зазваніў тэлефон.
Удакладню: мабільны тэлефон. Нумар быў незнаёмы, але прыемны мужчынскі голас патлумачыў, што яны (хто такія “яны”, прагучала неразборліва – але можа я была не вельмі ўважлівай?) праводзяць даследаванні водаправоднай вады, і папрасіў мяне адказаць на некалькі пытанняў аб яе якасці. Я ўзрадавалася такому клопату аб паўсядзённым жыцці жыхароў роднага горада і з усёй шчырасцю і падрабязнасцю расказала пра ваду, што цячэ з кранаў маёй кватэры: па праўдзе кажучы, пасля таго, як у Астраўцы стала дзейнічаць станцыя абезжалезвання, якасць вады значна палепшылася. Выслухаўшы, мужчына сказаў, што яны хочуць правесці даследаванне вады ў маёй кватэры, і пацікавіўся, калі я і мае хатнія будзем дома. Дзень у мяне чакаўся напружаны, да таго ж на вечар быў запланаваны адзін з самых
працаёмкіх этапаў перадсвяточнай ўборкі кватэры, таму прымаць незнаёмых людзей не вельмі хацелася. Але адмаўляць было няёмка: людзі ж пра нас клапоцяцца! Я вырашыла, што гэта нейкая незалежная экспертная санітарная служба выбарачна праводзіць даследаванні, каб мець найбольш дакладную карціну.
Час для сустрэчы прызначыла даволі позні – 9 гадзін вечара, употай спадзеючыся, што ніхто так позна нічога даследаваць не прыйдзе.
Але памылілася: у вызначаны час да мяне завітала мілая сімпатычная дзяўчына з прыгожым імем Бажэна. Прадэманстравала сертыфікаты аб дзяржаўнай рэгістрацыі іх фірмы – як я зразумела, маладзечанскай, і расказала, што іх мэта – правесці даследаванне водаправоднай вады і расказаць, як яе можна ачысціць з дапамогай супер-эфектыўных фільтраў.
Стасункі з распаўсюджвальнікамі чаго б то ні было не ўваходзілі ў мае планы – пасля пэўнага негатыўнага вопыту ў мяне выпрацавалася стойкая алергія на ўдзельнікаў шматаблічнай сусветнай павуціны пад назвай “сеткавы маркетынг”, але Бажэна, адчуўшы маю насцярожанасць, развяла рукамі: вы ж бачыце, у мяне нічога няма, я вам нічога не прапаную купіць, толькі хачу праверыць вашу ваду.
Праверка пачалася з невялікай лекцыі і паралельнага экзамену аб агульнавядомых уласцівасцях вады і яе значэнні ў жыцці чалавека. Затым прыйшла чарга даследавання: у шклянку з маёй вадой “з-пад крану” быў устаўлены нейкі прыбор, які праз пару секунд вывеў на табло лічбы, якія, па словах Бажэны, сведчылі, што піць такую ваду ні ў якім разе нельга. Далейшыя маніпуляцыі з прасцейшым гідролізным прыборам (здаецца, я правільна яго назвала – фізік з мяне яшчэ той…) наглядна прадэманстравалі, што ўяўляе сабой наша вада: сера-бура-малінавая вадкасць, на якую глядзець немагчыма, не тое, што піць яе. Пасля такой магутнай “артпадрыхтоўкі” дзяўчына пайшла ў наступленне і расказала пра тую самую цуда-сістэму ачысткі, прадэманстравала, якая найчысцейшая вада атрымліваецца пасля праходжання электратоку праз яе: і лічбы там у парадку, і колер…
Заставалася самая дробязь: набыць (пра тое, што ніхто нічога прадаваць не збіраецца, Бажэна, здаецца, ужо забылася) гэтую, як мяне пераконвалі, сістэму нямецкай ручной зборкі – і заўтра будзе ў маёй кватэры ліцца з водаправоднага крана само здароўе… Для гэтага патрабавалася ўсяго нічога: заплаціць сёння (абавязкова сёння!) самую “дробязь” – сем “з хвосцікам” мільёнаў рублёў. А калі я яшчэ паведамлю пяцьдзясят нумароў тэлефонаў сваіх знаёмых, то мяне чакае бонус: спецыяльная насадка для душа альбо пральнай машыны (такім чынам я зразумела, як у “даследчыкаў” апынуўся мой тэлефон – нехта са знаёмых “прадаў” яго за насадку).
Канешне ж, я рассмяялася ў адказ. Але атака была ў разгары, і мая няпрошаная госця адступаць не збіралася. Яна выпытвала, ці спадабалася мне сістэма, якую я бачыла толькі на малюнках і пра якасць ачысткі вады пасля праходжання праз сем яе фільтраў чула толькі ад Бажэны, і пры якіх умовах я магла б яе набыць? А пасля сказала, што вось толькі сёння і толькі для мяне яна паспрабуе зрабіць усё магчымае і выпрасіць у шэфа крэдыт на прымальных для мяне ўмовах…
Пакуль Бажэна вяла перамовы з шэфам, тым жа занялася і я: патэлефанавала знаёмаму сантэхніку з вышэйшай спецыяльнай адукацыяй, каб даведацца, што ён ведае пра гэтую сістэму і ці сапраўды яна настолькі цудоўная. Праз паўгадзіны перамоў Бажэна радасна паведаміла, што мне за мае прыгожыя вочы могуць прадаставіць крэдыт (не растэрміноўку!) і, калі я згодна, то прама зараз да мяне прыйдуць спецыяльна навучаныя людзі і заключаць дагавор (хоць было ўжо больш за 10 гадзін вечара, але яны чакаюць яе званка) – і ўжо заўтра мая сям’я будзе піць абсалютна чыстую ваду!
Такая “бура і націск” мяне, па праўдзе кажучы, збянтэжыла: як, напэўна, і большасць людзей, не люблю, калі на мяне пачынаюць “ціснуць”. Я шчыра сказала Бажэне, што хачу “пераспаць” з яе прапановай: усё абдумаць, паглядзець у інтэрнэце водгукі... У адказ дзяўчына тут жа адкрыла мне нейкі сайт ў сваім смартфоне і паказала хвалебны водгук аб дзеянні сістэмы і чысцюткай вадзе пасля яе. Гэта мяне яшчэ больш упэўніла ў тым, што спяшацца не варта – тым больш, што я сама ўмею карыстацца інтэрнэтам і без старонняй дапамогі знаходзіць там патрэбную інфармацыю. Я не вельмі дыпламатычна развіталася з крыху расчараванай Бажэнай, паабяцаўшы, што паведамлю ёй пра сваё рашэнне заўтра.
Інтэрнэт, канешне, вялізная смеццезвалка – але там можна знайсці ўсё! Знайшла патрэбнае і я. У водгуках розных людзей, нібы ў люстэрку, адбіваліся падобныя як дзве (ды дзе там дзве – некалькі дзясяткаў) кроплі вады метады работы падобных распаўсюджвальнікаў, пачынаючы ад лекцыі і заканчваючы спецыяльнай, пасля некалькіх тэлефонных званкоў “шэфу”, выключнай прапановай выгаднага крэдыту… Даведалася і “сакрэт” ператварэння маёй вады ў рознакаляровую вадкасць: як расказалі людзі, знаёмыя з фізікай і хіміяй лепш, чым я, якасць вады гідролізам не кантралюецца, і любая нармальная вада, у якой ёсць солі і хімічныя элементы – а быць яны павінны, бо інакш ніякая гэта не вада, а дыстылят, – мяняе свой колер.
А падобныя “даследаванні” разлічаны на эмацыянальных і не вельмі дасведчаных у хімічных працэсах людзей – ну, прыкладна гэткіх жа, як і я. А яшчэ я даведалася аб тым, што ў Брэсце гэты цуд водаачысткі каштуе як мінімум на два мільёны менш, а ў Польшчы – увогуле палову брэсцкай цаны. Зразумела я і тое, чаму прадстаўнік фірмы так хацела заключыць дагавор і атрымаць грошы, хоць бы часткова, “тут і зараз”, хоць апоўначы, – бо назаўтра шансы займець іх зніжаліся неверагодна і імкнуліся, як у маім выпадку, да нуля…
Назаўтра Бажэна патэлефанавала сама. Пачуўшы маю адмову, дзяўчына не проста расстроілася – абвінаваціла мяне, што я ёй цэлы вечар галаву марочыла (!!!). Я, канешне, яе разумею – зарплата такіх распаўсюджвальнікаў, наколькі я ведаю, напрамую залежыць ад таго, колькі даверлівых людзей ім удаецца “падчапіць на кручок”. Спачуваю, што ёй са мной “не абламілася”, – але мне таксама грошы не з неба валяцца…
Але яшчэ больш я спачуваю тым, хто на падобны “кручок” падчапіўся. Канешне, усе мы хочам быць здаровымі, прыгожымі і шчаслівымі. Але наіўна думаць, што адно толькі чыстая вада – нават калі гэтая  ачыстка сапраўды такая “суперская”, ці цудоўная каструля за шалёныя грошы, ці незвычайны крэм, ці чароўная біялагічна-актыўная дабаўка коштам з вашу месячную зарплату ў адзін момант вернуць вам маладосць і здароўе. Асабліва калі пры гэтым вы не супраць прапусціць кілішак-другі, паляжаць на канапе, паесці смачненькага – салодзенькага, тлусценькага, вэнджанага і ўвогуле не маеце намеру адмаўляцца ад “маленькіх чалавечых радасцей”… Адзінае, што вам гарантавана ў падобным выпадку, – гэта істотнае аблягчэнне вашага кашалька.
Так што, шаноўныя чытачы, вырашайце самі: купляць ці не купляць. Але будзьце пільнымі і не давайце некаму зарабляць на вашай даверлівасці.


Ніна РЫБІК