"Среда размышления". Как мы провели лето

Ну вось і закончылася лета… Аграрнікі падлічваюць збожжа ў засеках, гаспадыні – слоікі з варэннямі-марынадамі ў склепах, школьнікі хваляцца перад сябрамі абноўкамі і фотаздымкамі летняга адпачынку. Напэўна, не сёння-заўтра многія з іх стануць пісаць зададзеныя на дом сачыненні на тэму “Як я правёў лета” – і па некаторых з іх на ўроках мовы і літаратуры можна будзе вывучаць геаграфію.
…Калі чалавек здаровы, яму здаецца, што ўвесь свет вясёлы, шчаслівы і радуецца жыццю. А калі здараецца трапіць у бальніцу, то ўяўляецца, што радасці ў свеце не засталося ўвогуле, усё насельніцтва перасялілася ў лячэбніцы
.


Так прыкладна і з падарож-жамі: пакуль ты сядзіш дома і ў чаканні чарговага адпачынку плануеш, на што б патраціць заробленыя “непасільнай працай” не вельмі багатыя зберажэнні, то ў конкурсе паміж новым кухонным гарнітурам, тэлевізарам ці дублёнкай падарожжа здаецца верхам непрадбачлівасці: вандроўка ж не блішчыць і не грэе, і зайздрослівага позірку суседзяў не выклікае. “Падумаеш, уражанні, – лічаць многія, – іх можна і ад тэлевізійнай перадачы атрымаць.”
І толькі калі адпраўляешся ў падарожжа, разумееш, што ніводзін самы таленавіты расказчык, нават Дзмітрый Крылоў з першага тэлеканала са сваёй не менш таленавітай тэлекамерай, не здольны перадаць водар мора, своеасаблівую энергетыку звычайных брукаванак, па якіх стагоддзямі хадзілі самыя розныя людзі, адчуванне менталітэту таго ці іншага народа, своеасаблівы дух горада ці краіны. І адчуваеш, што нават самая модная і дарагая дублёнка не ў стане перадаць асалоду ад гэтых уражанняў, ад спазнавання новага для цябе свету – ці чарговай сустрэчы са старым, але надзвычай палюбіўшымся.
І там, у вандроўках, сумненні: ці правільна я распарадзіўся сваімі “кроўнымі”, знікаюць – і не толькі ад атрыманых уражанняў, але і ад усведамлення таго, што падарожнічаеш не ты адзін – увесь свет: маладыя і старыя, дзеці і інваліды. Не стану хаваць: часам гэта разнамоўнасць і шматаблічнасць натоўпу пачынае раздражняць: ну каму ж хочацца быць “такім, як усе”? Але ў кожнага медаля ёсць два бакі. Другі ў гэтага, турыстычнага, – “і я там быў…” Суцяшэннем у гэтым сэнсе можа служыць усведамленне, што мала засталося мясцін, дзе ты можаш лічыць сябе турыстам-першапраходцам – хіба што на ўласнай дачы, і то пры пэўным збегу абставін…
У найбольш папулярных турыстычных месцах можна пабачыць адначасова ўвесь свет: японцаў, кітайцаў, амерыканцаў, лаціна, афраазіятаў, розных прадстаўнікоў Афрыкі і Амерыкі, Еўропы і Азіі.
Паказальнай у гэтым сэнсе для мяне стала нядаўняя выпадковая сустрэча ў старым Таліне. У старажытным Верхнім горадзе па брукаванай вузенькай вулачцы асцярожна ішла, абапіраючыся на палачку, пажылая індыянка ў нацыянальным сары – пад руку яе беражліва падтрымліваў такі ж немалады мужчына… Пазайздросціўшы іх шчаслівай старасці, пасля падумала: гэта для нас Талін – некалькі гадзін на аўтобусе, а для іх? Тысячы кіламетраў і немалыя выдаткі на дарогу. Але ж нешта вабіць іх сюды – у зусім чужую і па гісторыі, і па ментальнасці, і па культуры краіну? Нешта ж іх тут цікавіць? І напэўна ж, не памяць продкаў, як у таксама немаладой ужо расіянкі з Валгаграда, з якой мы абедалі за адным столікам у кафэ у тым жа Таліне – яна прыехала праведаць родныя магілы. А тая індыянка шукала ў далёкіх вандроўках, напэўна, тое ж, што і кожны, хто адпраўляецца ў падарожжа: новыя ўражанні, разуменне, што існуе і іншы свет, акрамя твайго звыклага, як падаецца вечным і непарушным, як свет…
А пасля на пароме “Рыга-Стакгольм” звярнула ўвагу на мужчыну на інваліднай калясцы, які, як і іншыя пасажыры, нягледзячы на моцны вецер, любаваўся заходам сонца на верхняй палубе. Я нічога не ведаю пра яго жыццё, не ведаю, чаму ён выправіўся ў гэтае падарожжа. І хай сабе нехта палічыць мяне невылечным рамантыкам, але мне хочацца думаць, што галоўнымі для таго інваліда, як і для мяне, сталі неперадавальныя ўражанні ад таго, як промні сонца змагаюцца са свінцовай безнадзейнасцю хмар – і ўрэшце перамагаюць… І вельмі шкада, што нашы людзі з абмежаванымі магчымасцямі не могуць дазволіць сабе тое, што іх “сябры на няшчасці” з высокаразвітых еўрапейскіх краін, – да прыкладу, тыя ж падарожжы па свеце.
Канешне, кожны вырашае самастойна, як яму патраціць заробленыя на працягу года напружанай працы “адпускныя”. У некага вучацца дзеці, некаму тэрмінова патрабуецца рамонт у кватэры, хочацца ў чарговы раз памяняць мэблю – каб “адпавядала” ўзросшаму сацыяльнаму статусу. І як не парадавацца за тое, што расце дабрабыт нашых грамадзян пры іх пастаянных скаргах на цяжкае жыццё.
Вядома ж, даваць парады – справа марная і ў вышэйшай ступені бескарысная. І ўсё ж дазволю сабе падзяліцца ўласным перакананнем і параіць: калі ў вас ёсць найменшая магчымасць – адпраўляйцеся ў падарожжа! Няважна, блізкае ці далёкае, дарагое ці па “бюджэтным варыянце”. Цяжка сказаць, ці будзе праз дзясятак-другі гадоў адпавядаць тагачаснай модзе набытая вамі сёння канапа ці футра – а вашы незабыўнымі ўражанні і асабістыя адкрыцці, якія часам здольны перайначыць светаўспрыманне, за вас не зробіць ніякі Дзмітрый Крылоў. І яны застануцца з вамі назаўсёды – у фотаздымках, відэароліках ці проста ў зарубках памяці – і будуць не толькі нагадваць аб тым, “якімі мы былі маладымі”, але і грэць душу промнямі даўно знікшага за гарызонтам сонца доўгімі і нуднымі восеньскімі вечарамі…


---------------------
Нина РЫБИК.