"Среда размышления". Исправь свою ошибку

Незаўважна прыйшоў снежань, а з ім – і Адвэнт: час радаснага чакання Божага Нараджэння, час пакаяння… А яшчэ гэта найлепшы час для ўдзелу ў добрых справах. Хаця, зрэшты, не варта чакаць пэўнага часу, каб зрабіць добрую справу...

Аднак святыя адвэнтовыя дні для жыхароў вёскі Бабраўнікі былі сапсаваны непрыемным здарэннем.


…Сёння дакладна ніхто не ўспомніць, калі з'явілася ў Бабраўніках невялічкая каплічка. Аднак з пакалення ў пакаленне ў вёсцы перадаецца легенда, што тут хадзіла страшная хвароба, ад якой паміралі людзі. І тады святар параіў вяскоўцам пабудаваць у цэнтры вёскі капліцу. Тую параду святара жыхары выканалі – з таго часу і стаіць на раздарожжы ў Бабраўніках каплічка.

Невялікая, але такая ўтульная і галоўнае – свая, да якой можна ў любы момант падысці і папрасіць у заступніка дапамогі. Каплічку і сёння даглядаюць усёй вёскай. Нядаўна зрабілі невялікі рамонт – і яна нібы памаладзела. А разам з ёй ажылі і жыхары вёскі Бабраўнікі. Вакол каплічкі ўстанавілі новую агароджу – старая ўжо развалілася. І зноў жа ўсё зрабілі самі – і самі ж потым дзякавалі Богу за міласць і любаваліся гэтай прыгажосцю.

Аднак нядаўна здарылася бяда. Нехта з жыхароў заўважыў, што агароджа каля капліцы зламана, а калі і як гэта адбылося – ніхто не бачыў.

Непрыемная навіна з хаты ў хату абышла ўсю вёску. А ў рэдакцыю газеты «Астравецкая праўда» аб гэтым паведаміў жыхар Бабраўнік Уладзіслаў Пралуцкі.

– Дзякуй Богу, што агароджу паставілі. Не было б яе, то, можа, і каплічку нашу знеслі, – дзяліўся мужчына.

Знайсці вадзіцеля, які пашкодзіў агароджу ля бабраўніцкай каплічкі, мы не можам. Ды і жыхары вёскі не чакаюць і не просяць пакарання крыўдзіцеля святыні. Адзінае, чаго яны хочуць, – дастукацца да яго сумлення. Людзі ўпэўнены: чалавек, які разбурыў агароджу ля капліцы, зрабіў гэта незнарок і павінен адумацца: вярнуцца на месца здарэння і аднавіць яе.

Помню, як некалькі гадоў назад, якраз напярэдадні Дня Перамогі, невядомыя вандалы зламалі маладыя ліпкі ў Астраўцы. Параненыя дрэўцы «слёзна» прасілі аб дапамозе – тады іх ратавалі работнікі камунгаса. А нядаўна, ідучы міма гэтых дрэўцаў, я злавіла сябе на думцы, што яны, наперакор сваім крыўдзіцелям, выжылі – і сёння радуюць астраўчан.

Я ўпэўнена, што і каплічка таксама будзе стаяць і, хутчэй за ўсё, дзякуючы руплівасці жыхароў Бабраўнік і тых людзей, для каго захаванне нашай спадчыны – на першым месцы. Будзе адноўлена і агароджа вакол каплічкі.

Толькі вельмі хочацца, каб чалавек, які стаў віноўнікам здарэння каля капліцы ў Бабраўніках і вельмі пакрыўдзіў жыхароў тым, што з'ехаў «уціхую», апомніўся – і ачысціў сваё сумленне. А зрабіць гэта можна вельмі проста – усяго толькі дапамагчы вяскоўцам прывесці да ладу тое, што разбурыў.


---------------------------

Алена ЯРАШЭВІЧ.

Фота Алеся ЮРКОЙЦЯ.


У тэму

Капліца святога Роха для жыхароў Бабраўнік ва ўсе гады была прытулкам для шматлікіх просьбаў, аховай ад хвароб і напасцяў. Зараз ужо ніхто не можа дакладна сказаць, у якім годзе яна пабудавана, але некаторыя жыхары ўзгадваюць шыльду, датаваную 1860 годам. І калі ў ваколіцах вёскі даўным-даўно лютаваў страшны мор, мясцовыя жыхары абралі сваім заступнікам святога Роха, вядомага абаронцу ад чумы.

Па ўспамінах мясцовай жыхаркі пані Рэні, раней у капліцы знаходзіўся абраз святога Роха, які знік дзесьці ў 70-х гадах пасля прыезду студэнтаў на бульбакапанне. Зараз у капліцы знаходзіцца рэпрадукцыя аднаго з абразаў святога Роха.

Упершыню рамонт бабраўніцкай каплічкі быў зроблены дзесьці напачатку 70-х гадоў, дзякуючы Зянону Радзевічу. Гэтага чалавека не спалохаў час атэізму і магчымыя праследаванні. Другі значны рамонт каталіцкай капліцы адбыўся год назад па ініцыятыве мясцовага жыхара, дарэчы, праваслаўнага па веравызванні. Усёй вёскай людзі збіралі грошы, знаходзіліся і спонсары – каменьчык да каменьчыка, рубель да рубля, складваліся для таго, каб каплічка святога Роха па-ранейшаму ахоўвала сваіх жыхароў.

Нашы продкі здаўна асабліва ставіліся да такіх месцаў – магільнікаў, капліц, храмаў... Мы – іх нашчадкі таксама не павінны быць выключэннем…


------------------------

Алена ГАНУЛІЧ.


Усе жыхары Бабраўнік просяць чалавека, які пашкодзіў агароджу каплічкі, патэлефанаваць па нумары 31-4-65 або звярнуцца да Уладзіслава Пралуцкага па адрасе: вёска Бабраўнікі, дом №21.