"Среда размышления". И впиваются в душу слова-гвозди...

AA021285

Ёсць старая прытча пра цвікі. Хоць, зрэшты, не зусім пра цвікі…
Адзін малады чалавек быў, як кажуць на Астравеччыне, “у гарачай вадзе купаны” – “успыхваў” на кожным кроку, з-за нічога. І, калі ўпадаў у гнеў, брыдка лаяўся, не выбіраючы слоў, не гледзячы, хто перад ім – стары ці малы, жанчына ці мужчына. Пры любой нагодзе і без яе выляталі з яго вуснаў дрэнныя, крыўдныя, абразлівыя словы. Потым, як “астываў”, хлопец разумеў, што не меў рацыі, часам нават прасіў прабачэння – але назаўтра, а то і праз гадзіну ўсё паўтаралася…
Не ведаючы, як паўплываць на характар сына, бацька прынёс яму скрынку цвікоў, даў малаток і загадаў, як толькі той разгневаецца і пакрыўдзіць чалавека, скажа брыдкае слова, убіваць у драўляны слуп цвік.
Першыя дні юнаку даводзілася забіваць іх па некалькі дзясяткаў за дзень. Праца не столькі цяжкая, колькі бескарысная – і таму раздражняла хлопца невыказна. Ён пачаў сачыць за сваімі словамі паводзінамі – і з цягам часу стук малатка чуўся на панадворку ўсё радзей. А ў адзін цудоўны дзень сын прыйшоў да бацькі і сказаў:
– Усё, я справіўся! Сёння я ні разу не ўскіпеў, не сказаў ніводнага дрэннага слова – і не забіў ніводнага цвіка. Ты можаш мною ганарыцца!
– Малайчына, – пахваліў яго бацька. – Але ж табе, напэўна, не раз хацелася і накрычаць, і сказаць тыя самыя словы, якія ты сябе прымусіў не гаварыць, так?
Сын вымушаны быў прызнацца, што бацька мае рацыю – свае эмоцыі ён стрымліваў намаганнем волі.
– Тады табе новае заданне, – прынёс бацька сыну цвікадзёр. – Кожны раз, калі табе захочацца накрычаць на некага, але ты здолееш стрымацца – выцягвай з таго самага слупа адзін цвік.
Гэтая работа была больш прыемная: кожны раз, калі юнак выцягваў са слупа цвік, ён адчуваў сябе пераможцам у змаганні са сваім неўраўнаважаным характарам. Неўзабаве ў слупе не засталося ніводнага цвіка – аб чым сын тут жа з гонарам паведаміў бацьку.
А той хітравата прыжмурыў вока:
– Ну, давай паглядзім на той слуп… Сапраўды – ніводнага цвіка. Але ты бачыш – ад кожнага застаўся глыбокі след… Вось так, сынок, і ў жыцці. У душу чалавека кожнае несправядлівае, злое слова ўваходзіць вострым цвіком. І калі нават ты потым выцягнеш яго, папросіш прабачэння – балючая рана, горкі след усё роўна застаюцца…
Калі я пачула гэтую прытчу, то падумала: напэўна, кожнаму з нас не пашкодзіла б мець на падворку ці ў кватэры такі слуп, хоць бы ўмоўны – і скрынку цвікоў побач: як напамін пра кошт кожнага нашага слова і сляды ад іх…
…Як часта стомленая, раззлаваная некім з калег жонка сустракае вечарам мужа не смачным баршчом і добрым словам, а крыкам: ”Дзе ты швэндаўся да гэтага часу? Колькі я магу вячэру разаграваць? Ах, ды ты яшчэ і нападпітку! Гад ты, сволач, мы табе не патрэбны! Заўтра ж падаю на развод!”
А муж адкажа тым жа, а то яшчэ і “лепш” – ён таксама ж стомлены і, магчыма, “заведзены”…
Ці ён пачне першы – а жонка ў даўгу не застанецца.А там і дзецям дастанецца “рыкашэтам”: школьную форму запэцкалі, цацкі не прыбралі, хатняе заданне не зрабілі, не тую адзнаку атрымалі…
І ўпіваюцца ў душы самых родных, самых блізкіх людзей крыўдныя, балючыя словы-цвікі… І калі нават потым “цвік выцягнуць”: ён пацалуе і папросіць прабачэння; яна пяшчотна прытуліцца і спытае “Чайку табе зрабіць? З лімонам, як ты любіш…”; сын прынясе са школы “дзясятку” і грамату за актыўны ўдзел у грамадскім жыцці – шрамы-адмеціны застаюцца. Надоўга, часам – на ўсё жыццё…

--------------------
Ніна РЫБІК.