"Среда размышления". Хочется, чтобы произошло чудо...

Па рэйтынгу папулярнасці телеперадач выпускі навін цяпер, бадай што, б’юць нават самыя “закручаныя” серыялы і самыя актуальныя ток-шоу. А падзеі на Украіне ў гэтых выпусках прымушаюць адкладваць самыя неадкладныя справы і прыліпаць да экрана тэлевізара. Здавалася б, мы жывем у іншай, самастойнай краіне, у нас сваіх клопатаў і праблем хапае – а людзі, сустракаючыся, якія б важныя сямейныя ці карпаратыўныя праблемы ні абмяркоўвалі, абавязкова закрануць гэтую тэму. І ў голасе нават самых закаранелых “пафігістаў” чуецца непрыкрытая трывога.

Гэта і зразумела: Украіна – гэта не Сірыя, не Егіпет і нават не Югаславія. Гэта суседняя краіна, блізкі нам славянскі народ, мову якога мы разумеем без перакладчыка, з якім мы звязаны агульнай памяццю, гісторыяй, зрэшты, генамі. Гэта нашы родзічы, сябры, знаёмыя, якія жывуць у розных гарадах і вёсках Украіны як на захадзе, так і на усходзе – і нам неабыякава, які лёс чакае іх.
Я не прарочыца, не палітолаг, не спецыяліст міжнароднага права і не эканаміст – але, здаецца, сёння неабавязкова быць імі, каб зразумець: Украіна стаіць на парозе грамадзянскай вайны – і, магчыма, не толькі грамадзянскай. Увогуле, усё, што адбываецца зараз у суседняй краіне, нагадвае мне пачатак мінулага стагоддзя, 1917 год – ва ўсякім выпадку, у тым выглядзе, у якім нам данеслі згадкі пра яго гісторыкі і пісьменнікі.
Спачатку – рэвалюцыйная сітуацыя, калі “нізы” ўжо не маглі жыць па-старому, калі карупцыя захліснула ўсю краіну, калі не толькі даішніку на дарозе і чыноўніку трэба было “даць у лапу”, каб дапамаглі ці не перашкаджалі, але і пажарным – за тое, што прыехалі і патушылі агонь, і рэнтгенлабаранту – што зрабіў здымак зламанай нагі ці рукі, і работніку санстанцыі, што прыйшоў праверыць санэпідабстаноўку ў школе ці дзіцячым садку. Я не прыдумляю і не згушчаю фарбы – я пераказваю тое, пра што мне неаднойчы расказвалі, не хаваючыся, мае знаёмыя, якія давалі (і бралі таксама) плату за выкананне (ці невыкананне) сваіх непасрэдных службовых абавязкаў.
А “вярхі” пры гэтым, кленучыся ў любові да народа і адданасці яго інтарэсам, адпіхваючы адзін аднаго, рваліся да ўлады – і хапалі, хапалі, хапалі: і тыя, і гэтыя, і “аранжавыя”, і “чырвоныя”…Ну што ж, Украіна – краіна багатая (ва ўсякім выпадку, была такой да нядаўняга часу), хапаць ёсць што – пакуль…
І заканамерна ўсё завяршылася рэвалюцыяй – Майданам.
Магчыма, падзеі маглі б развівацца па іншым сцэнарыі – любым, еўрапейскім ці расійскім, але бяскроўным, калі улада Украіны выбрала б хоць які канкрэтны накірунак руху і прыняла хоць якое рашэнне. Але “палітычныя прастытуткі” (прабачце – гэта не я, гэта дзядуля Ленін так сказаў, з іншай, праўда, нагоды) імкнуліся ўлагодзіць абодвух партнёраў, прычым адначасова, і ўсядзець адразу на двух крэслах. Заканамерна, што крэслы ўрэшце раз’ехаліся ў розныя бакі – і “сядзелец” бразнуўся ў тартарары, імкнучыся пры гэтым захаваць добрую міну пры дрэннай ігры і паказваючы з бяспечнай адлегласці кукішы сваім сапернікам, гэткі “кароль без каралеўства”. Здавалася б – ура, перамога! Можна рамантаваць ператвораны ў руіны Майдан, і будаваць новую палітыку, і адраджаць пахіліўшуюся эканоміку. Але, як паказвае сусветны вопыт, рэвалюцыі не заканчваюцца эйфарыяй пераможцаў, зменай сцягоў і гаспадароў высокіх кабінетаў. Рэвалюцыя працягваецца…
І вось ужо пад лозунгам “рабуй нарабаванае” расцягваецца дабро з шыкоўных рэзідэнцый (вам гэта нічога не нагадвае: ці не гэтак жа амаль сто гадоў таму тыя, хто “быў нікім”, цягнулі з пакінутых памешчыцкіх сядзіб люстры і карціны, посуд і абрусы?). І вось ужо на пасяджэнне абласной рады з’яўляецца мардаварот з аўтаматам (матрос Жалязняк? Ды не, Сашко Белы) і, красамоўна паклаўшы яго на стол, недвухсэнсоўна папярэджвае дэпутатаў – абраных, мушу нагадаць, на падставе Канстытуцыі краіны: “Я яшчэ пагляджу, каго вы тут прызначыце міністрамі… Калі не тых – яшчэ прыйду… І паспрабуйце, хто смелы, забраць у мяне аўтамат…” І не забралі…
А хто ж асмеліцца? Супрацьтэрарыстычнае падраздзяленне “Беркут”, байцы якога, дужыя і мужныя мужчыны, магчыма, адзіныя маглі б зрабіць гэта, – але з іх перш зрабілі пасмешышча, “хлопчыкаў для біцця” для здзекаў “няўзброенага натоўпу”, які паліў іх “кактэйлямі Молатава”, затым паставілі на калені, закляйміўшы ганьбай – за тое, што яны выконвалі свой абавязак і прысягу, а потым і ўвогуле распусцілі. Ну што ж, значыць, “наводзіць парадак” у краіне цяпер будзе Саша Белы, якога няма каму раззброіць і паставіць на месца, і іншыя малойчыкі з аўтаматамі. Анархія – маці парадку?
А тым часам у Крыме ўжо ўзвіваюцца дзяржаўныя расійскія сцягі і зацверджаны Майданам урад у Кіеве захліпаецца нотамі аб акупацыі…
Паўтаруся – я не палітолаг, не юрыст і не збіраюся даваць ацэнкі правамернасці тых ці іншых дзеянняў. Але даўно і не намі сказана: паны б’юцца – у мужыкоў чубы трашчаць.
“У нас зараз суцэльнае “Вяселле ў Малінаўцы”: улада ўвесь час мяняецца: то “белыя” прыйшлі, то “чырвоныя”, – сумна пажартавала падчас стасункаў у сацыяльных сетках знаёмая, якая працуе настаўніцай у адной са школ Адэсы – добрая, дарэчы, настаўніца, з сапраўдных. – Дзяцьмі ніхто не займаецца. Хаваем па закутах партрэты Януковіча і ўсё, што звязана з яго імем.”
Не здзіўлюся, калі сёння там ужо дастаюць з тых самых закутоў партрэты рускіх класікаў.
Але самае сумнае і нават страшнае – тое, што людзі, якія яшчэ ўчора разам адзначалі святы і шчыра жадалі адзін аднаму шчасця і дабра, зараз, апынуўшыся па розныя бакі барыкад, перастаюць размаўляць і вітацца – пра гэта мне таксама напісала тая мая ўкраінская знаёмая. І замест “дарагая”, “шаноўны” ўжо гучыць “бэндэравец недабіты” і “вымятайся ў сваю Расію, маскалька паганая”. І гэта таксама нагадвае 1917 год, калі здаровы сэнс, звычайныя хрысціянскія каштоўнасці забываюцца, у вачах – толькі запаланіўшы думкі і пачуцці колер сцяга, і – сусед на суседа, брат на брата…
…Я не юрыст, не палітолаг і не прарочыца. Але я скукожваюся, калі чую апраўдваючыя кроў словы: “Лес сякуць – трэскі ляцяць”. Бо гэтыя “трэскі” – нечые жыцці, чыесьці мужы, браты, сыны…
Я не ведаю, чым закончыцца супрацьстаянне на Украіне – ды і наўрад ці хто гэта сёння можа сказаць дакладна. Але мне вельмі хочацца, каб здарыўся цуд – і падзеі, якія адбыліся ў Расіі пасля рэвалюцыі 1917-га года, не паўтарыліся ва Украіне. Каб не пачалася там ні грамадзянская, ні якая іншая вайна, таму што ў ёй ніколі не бывае пераможцаў – ва ўсякім выпадку, гістарычны вопыт сведчыць, што імі ніколі не становяцца тыя, хто складзе ў той вайне галовы ці беззваротна згубіць здароўе.
Я – не за “белых” і не за “чырвоных”. Я – за Украіну, вялікую, прыгожую, багатую і гасцінную краіну. І – за яе народ. Сярод якога – шмат дарагіх мне людзей. З якімі я хачу сустракацца і заўтра, і паслязаўтра, частаваць іх дранікамі і частавацца іх варэнікамі, нягледзячы на тое, дзе яны жывуць – у Львове, Кіеве ці Адэсе.


---------------------
Ніна РЫБІК
.