"Среда размышления". Гэта трэба жывым...
Кажуць, пра ўзровень культуры грамадства можна меркаваць па тым, у якім стане захоўваюцца месцы пахавання продкаў. Адносіны людзей да могілак, даўней – да магільнікаў, курганоў, капцоў, заўсёды былі асаблівымі, сакральнымі. Нашы сучаснікі ўжо мала ведаюць і разумеюць адыходзячыя ў глыбокую даўніну карані гэтай з’явы – але тым не менш месцы пахавання сваіх родных і блізкіх стараюцца, у большасці сваёй, утрымліваць у парадку.
І не аб тым я хачу сёння пагаварыць, што лепш: паставіць на месцы апошняга спачыну роднага чалавека дарагі гранітны помнік ці сціплы, але асвечаны крыж; патрэбна ля магілы абгародка і якая – ці лепш без яе; кветкі павінны цвісці жывыя ці лепш паставіць штучныя – лічу, што гэта асабістая справа кожнага. І – ад гэтага таксама нікуды не дзенешся – пэўны ўплыў маюць павевы моды, часта – дэманстрацыя дабрабыту, якая існуе нават тут, на могілках…
Таксама не збіраюся расказваць пра могілкі ў іншых гарадах і краінах – хаця, па праўдзе кажучы, расказаць ёсць аб чым. Магільнікавы турызм, як бы гэта шакіруюча ні гучала, стаў адным з напрамкаў развіцця гэтай галіны эканомікі, і мне давялося – з рознымі мэтамі і па розных прычынах – пабываць на Ваганькаўскіх могілках у Маскве, у гэтых жалобных і адначасова даволі цікавых мясцінах у Львове, у Калінінградзе. Усе могілкі ў свеце вельмі падобныя – і адначасова розныя, бо ў кожнага народа – свае, адыходзячыя ў глыбіню стагоддзяў ці на некалькі дзесяцігоддзяў у мінулае традыцыі, ні крытыкаваць ці тым больш ламаць якія я не збіраюся: не я іх укараняла.
Сёння я хачу пагаварыць аб іншым – аб утрыманні і добраўпарадкаванні могілак у нас, у Астраўцы.
Трэба адзначыць, што апошнім часам стан астравецкіх могілак, у прыватнасці, новых, так званых мальскіх, значна палепшыўся. І гэта не толькі маё меркаванне: родзічы, якія часам прыязджаюць з іншых гарадоў Беларусі і з-за межаў краіны, з якімі мы затым праведваем нашых блізкіх, што назаўсёды пасяліся ў “горадзе анёлаў”, у адзін голас адзначаюць добраўпарадкаванасць нашых могілак. Вядома, гэта заслуга і тых людзей, што даглядаюць за магілкамі сваіх родных і блізкіх, і работнікаў камунгаса, якія падтрымліваюць парадак на агульнай тэрыторыі: вывозяць смецце, прыбіраюць аварыйныя дрэвы, зімой расчышчаюць магілкі ад снегу, летам абкошваюць траву – шкада, што толькі па цэнтральных дарогах, добра было б, каб рабілі гэта і паміж магіламі... Вось установяць абяцаную ёмістасць з вадой – і будзе яшчэ лепей: аматары кветак змогуць паліваць свае міні-кветнікі, падоўжыць жыццё прынесеным жывым гваздзікам ды ружам…
Але… Напэўна, без большага ці меншага “але” не абыходзіцца ніводная справа. Так і тут. Сярод дагледжаных, добраўпарадкаваных магіл там і сям сустракаюцца зялёныя ўтравянелыя астраўкі з пачарнеўшымі, пахіленымі крыжыкамі ці парослымі мохам помнікамі… Сэрца сціскаецца, калі бачыш такое – нават калі прозвішча на шыльдачцы незнаёмае ці яго зусім няма. Міжволі падумаеш: жыў чалавек – пра нешта марыў, да нечага імкнуўся, нешта рабіў , а зараз яго і ўспомніць – прыбраць магілу, прынесці кветкі – няма каму… Хто ведае, чаму так адбылося? Можа, чалавек гэты быў адзінокі… Ці стаў адзінокім ужо пасля смерці, калі забыліся пра яго тыя, каму ён некалі шчодра аддаваў цяпло сваёй душы… Ці дзяцей-унукаў лёс закінуў у далёкую далячынь, і часта прыязджаць, каб дагледзець родную магілку, яны не могуць. Ці, можа, і непадалёк жывуць родныя, ды не маюць ужо сіл і здароўя, каб датэпаць да могілак, абкасіць ці абарваць траву, падправіць помнік ці крыж… Лёсы людзей бачны не толькі ў іх жыццёвых справах, але і пасля іх спачыну, у гэтых вось некалькіх квадратных метрах зямлі, дагледжаных ці забытых, добраўпарадкаваных ці закінутых…
Ведаю, ёсць добрыя людзі, якія зусім бескарысліва даглядаюць магілы не толькі сваіх родных, але і сяброў-суседзяў – па вуліцы ці па могілках – па той простай прычыне, што за імі больш няма каму даглядаць. Але ж такія, на жаль, не ўсе…
Між тым, напэўна, можна вырашыць і гэтую справу? У тым жа камунгасе ёсць служба, якая займаецца добраўпарадкаваннем могілак: чаму б ёй не заняцца – па просьбе родзічаў, якія не могуць па нейкіх прычынах зрабіць гэта самастойна, і за адпаведную плату – яшчэ і навядзеннем парадку на закінутых магілах? Думаю, знойдуцца жадаючыя заключыць дагавор, заплаціць грошы – і ведаць, што месца апошняга спачыну роднага чалавека, да якога ты не можаш прыехаць некалькі разоў на год ці не маеш сілы ці магчымасці ўтрымліваць яго ў парадку, будзе своечасова абкошана, трава на ім – аполата, там своечасова памяняюць кветкі і хоць два разы ў год, у дні памінання продкаў, запаляць свечку…
Магчыма, гэты клопат – таксама не бескарысліва – маглі б ўзяць на сябе і прыватныя прадстаўнікі рытуальнага бізнесу: як ні цынічна гэта гучыць, ён – адзін з самых запатрабаваных і бессмяротных, хоць і займаецца справамі мёртвых. Можа, варта было б падумаць падобным фірмам над “асартыментам” прадстаўляемых кліентам паслуг…
Бо гэта трэба не мёртвым – гэта трэба жывым…
…А можа, і мёртвым – адкуль мы ведаем: ці не паліваюць іх душы нябачнымі слязамі паваленыя крыжы і густы лазняк на сваіх занядбаных магілах…
Ніна РЫБІК.
