"Среда размышления". Это нужно живым

2
это нужно живымЧас позняй восені найбольш дакладна характарызуе слова “спачын”.
…Спачывае зямля, аддаўшы людзям усё, што ўзгадавала сваімі сокамі: спажывайце на здароўе, толькі здолейце скарыстаць…
Рыхтуюцца да зімовага летаргічнага сну рэчкі, якія, здаецца, запавольваюць плынь, і лясы, што распранаюцца пад настойлівым націскам нахабнага ветру, прыкрываючы сваю цнатлівасць доўгімі тонкімі галінамі.
Адпачываюць ад напружанай вяснова-летне-асенняй працы людзі: ужо не будзіць раненька ўсмешлівае сонца, не кліча ў поле жаўрук, не трымае да першай зоркі свежаўзараная ралля…
І нездарма, напэўна, менавіта на гэтыя познія восеньскія дні, калі спачын, здаецца, становіцца фізічнай з’явай, на якой настоена паветра, прыпадаюць Дзяды – дні памінання продкаў: каталіцкія Усе Святыя, якія адзначаліся ў мінулыя выхадныя, і праваслаўная Усяленская бацькоўская Дзімітраўская субота, якая сёлета вельмі сімвалічна выпала на 7 лістапада – Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі, падзеі, якая стала пачаткам і першапрычынай шматгадовага кровапраліцця і мільёнаў бязвінных ахвяр. Зрэшты, гэта тэма іншай размовы.
У апошнія кастрычніцкія і першыя лістападаўскія дні людскія ручаінкі няспынным патокам цякуць у месцы, якія з’яўляюцца ўвасабленнем вечнага спачыну, – на могілкі. “Горад мёртвых” у гэты час нагадвае расквечаны агнямі і фарбамі людны мегаполіс.
І кожны стараецца – наколькі дазваляюць яму сілы і сродкі, – каб у гэтыя святы апошняе “месца жыхарства” яго родных і блізкіх выглядала дастойна. Нехта ўстанавіў на магіле роднага чалавека новы помнік ці скульптурную кампазіцыю – іншы ж толькі і змог што пафарбаваць сціплы крыж ды абсыпаць магільны грудок жоўтым пясочкам… Там – разнаквецце пышных штучных букетаў, тут – адзінокая кветачка… Ля гэтай магілкі зіхацяць дзясяткі трапяткіх агеньчыкаў у дарагіх лампадах – а побач спрабуе рассунуць ранні змрок адзінокі слабы язычок полымя…
Кажуць, на тым свеце ўсе стануць роўнымі: там не будзе ні багатых, ні бедных, ні першых, ні апошніх, ні кіраўнікоў, ні падначаленых. Магчыма, на тым свеце і так – але не на могілках. Тут, як і ў жыцці, ідзе відавочнае спаборніцтва. Не мёртвых – ім гэта ўжо не патрэбна, а жывых: чый помнік даражэйшы, на якой магіле кветкі прыгажэйшыя і пышнейшыя, дзе больш запалена свечак і гараць яны даўжэй…
…А побач – утравелы магільны грудок з пахіленым праржавелым ці збуцвелым крыжыкам. І – ні кветачкі, ні лампадкі…
Скажаце: пэўна, такі чалавек быў, што пасля смерці ніхто не хоча да яго прыйсці нават у дзень свята.
Магчыма… Але не факт! Розныя ж жыццёвыя сітуацыі здараюцца. Можа, блізкія гэтага чалавека жывуць далёка і не маюць магчымасці прыехаць-прыйсці на могілкі нават у такія святыя дні. Можа, яны самі хворыя і нямоглыя. А колькі добрых, спагадлівых людзей заканчваюць жыццё ў поўнай адзіноце, часам – на сацыяльных ложках! Па розных прычынах: не даў бог сям’і ці дзяцей, ці ў чарзе ў той свет, які лічыцца лепшым, яны аказаліся апошнімі з родных… Ці ж яны – ці ўсе з іх? – вінаватыя, што ў гэты дзень, калі, кажуць, вароты “таго свету” адчыняюцца і нашы “дзяды” прыходзяць у свет гэты, іх апошняя зямная “кватэра” выглядае так непрывабна побач з багатымі і дагледжанымі, што ніхто не ўспамінае іх у малітве і ў няспешнай бяседзе за памінальным сталом?
Пра гэта пісала ў сваіх “Зацемках” (“АП” за 31 кастрычніка) Алёна Гануліч. Яе падтрымала Ганна, якая пакінула на нашым сайце свой каментарый да разважанняў журналісткі: “Як светла напісана! Задумалася: можа і сапраўды маім сваякам не патрэбна столькі букетаў, таму што кветкі вязуць і мінчане, і сваякі з Брэста? Можа, і праўда лепш прыбраць забытыя і пакінутыя магілы – больш толку будзе і для памерлых, і для тых людзей, якія жывуць зараз, але не думаюць аб тым, што час мае адну асаблівасць – хуткаплыннасць?..”
Ведаю многіх людзей, якія не проста разважаюць аб гэтым, а прыбіраюць магілы не толькі сваіх родных, але і тыя, якія з-за збегу розных жыццёвых абставін аказаліся безнагляднымі. Іх ніхто не прымушае гэта рабіць – акрамя, можа, уласнага сумлення і светлай памяці аб людзях, якіх яны некалі ведалі. Ды і з сумленнем можна было б “дамовіцца”, бо часта гэтыя “жыццёвыя абставіны” з’яўляюцца ўсяго толькі нежаданнем блізкіх, якія пасля смерці роднага чалавека сталі далёкімі не столькі ў прамым, колькі ў пераносным сэнсе, браць на сябе лішні клопат.
Ведаю і тых, хто ўзяў пад сваю апеку нават тыя магілкі, пра “гаспадароў” якіх яны ўвогуле нічога не ведаюць, – проста аказаўся той утравелы магільны грудок з безыменным крыжам побач з роднай магілай… А колькіх не ведаю – добрых, шчырых, сардэчных людзей нашмат больш, чым мы ўяўляем!
Але закінутыя, безнаглядныя магілкі ўсё роўна ёсць на кожных могілках – як брудная пляма на святочным абрусе, як непамыты парог у чыста прыбранай кватэры. Як жывое сведчанне таго, што пра стан грамадства лепш за ўсё сведчаць адносіны да дзяцей і старых. І – стан могілак…
Хто бываў у знакамітым Мосары ў той час, калі пробашчам мясцовага касцёла з’яўляўся светлай памяці ксёндз Ёзас Булька (кажуць, зараз там усё інакш…) і наведваў тамтэйшыя могілкі, памятае не толькі тое, што там няма ніводнай абгародкі, але і ніводнай закінутай магілы: усе жыхары вёскі пад кіраўніцтвам ксяндза збіраліся некалькі разоў у год, звычайна – перад вялікімі святамі і прыбіралі не толькі родныя магілы, але і ўсю тэрыторыю, не мінаючы ніводнага лапіка зямлі ў “горадзе мёртвых”.
Такую ж традыцыю завёў у “пабрацімскіх” Астравеччыне пастаўскіх Камаях (нас, як вы памятаеце, парадніў Казімір Сваяк) мясцовы ксёндз-пробашч, энтузіяст-духоўнік Яцэк Хутман.
Можа, ёсць і іншыя падобныя добрыя прыклады, якія, мне здаецца, вартыя пераймання. І няважна, хто стане ініцыятарам добрай справы – касцёл, царква, сельсавет ці камунальная служба. Мне думаецца, што калі не ўсе, то многія адгукнуцца на гэтую ініцыятыву – справай, словам ці рублём.
Галоўнае – каб ніводная магілка не засталася закінутай, забытай.
Гэта трэба не мёртвым. Гэта трэба жывым!

Ніна РЫБІК.
Фота А. МАЛЬШЭЎСКАГА.