"Среда размышления". Если б не было войны...
Баляць раны вайны. Больш за 70 гадоў трывожаць ветэранаў вялікай Айчыннай. Ныюць у памяці дзяцей вайны.Што ж ты нарабіла, вайна? З-за цябе нашы дзяўчынкі і хлопчыкі да часу сталі дарослымі. Сілком вывезла ў Нямеччыну на працу моладзь нашу – большасць з іх не вярнулася. Каб не было цябе, нарадзіліся бы дзеці нашых воінаў, магілы якіх параскіданы па розных краінах Еўропы. О, як шмат было б цяпер нас, ліцвінаў-беларусаў!
Каб не было вайны, не зіхацелі бы зараз узнагароды на грудзях ветэранаў за вызваленне Прагі, Варшавы, …за ўзяцце Берліна, за Перамогу. Не плакалі бы бездаглядныя дзеці-сіроты, чакаючы з вайны бацькоў. Не сніўся бы бязвусаму юнаку-байцу паміж баямі, які не зведаў яшчэ шчасця кахання, свіст касы на родным поплаве. Гэты свіст замяніў яму свіст куль, свіст смерці, якая занесла сваю руку над галовамі салдат.
Няма крэматорыяў, Майданэка, Асвенцыма, Хатыні. Не ўзвышаецца Курган Славы пад Мінскам. У краіне не існуе гарадоў-герояў, брацкіх могіл, крыжоў, што ўвекавечваюць месцы гібелі воінаў. Не было б успамінаў аб жахах вайны, калі б яе не было.
Марк Бернэс не выканаў бы сваю незабыўную “Цёмную ноч”. Не існавала бы залатой стужкі Міхаіла Калатозава “Ляцяць жураўлі”. Канстанцін Сіманаў не прасіў бы “Чакай мяне”, калі б не было вайны.
Памяць аб вайне жыве ў сэрцах астраўчан. Мы ўшаноўваем не толькі Дзень Перамогі – памятаем і дату пачатку вайны.
…Золак. Толькі што адышоў світанак. Чыстае свежае паветра пранізвае наш лесапарк. Цішыня. Полымя свечак мільгае ў руках людзей. 22 чэрвеня. Роўна 4 гадзіны – пачатак вайны – 1941 год.
Менавіта ў гэты час, у чатыры гадзіны раніцы, святар астравецкай царквы святых апосталаў Пятра і Паўла Георгій Савіцкі ў каторы ўжо раз перад помнікам воінам-вызваліцелям праводзіць малебен за душы астраўчан і ўсіх народаў свету, што загінулі ў дні вайны.
…15 красавіка ў Астраўцы праходзіў занальны агляд-конкурс самадзейнасці органаў унутраных спраў, прысвечаны 70-годдзю Вялікай Перамогі. Чуллівая “Балада пра маці” ўзрушыла слухачоў. Асабліва балюча ўпілася яна ў душы сівых жанчын, якім далёка за семдзясят. Яны слухалі знаёмую песню, хавалі слёзы – успаміны вайны, успаміны далёкага дзяцінства.
Зала не ўстала б пры выкананні песні “Дзень Перамогі”, калі б не было вайны...
Але зала паднялася, стаяла са скрухай у душы, аддаючы даніну павагі і падзякі не толькі выканаўцам. Стаяла ў хвіліне маўчання перад памяццю загінуўшых. Людзі стаялі, схіліўшы галовы, у гонар Вялікай Перамогі.
Была вайна… І была – Перамога. І ёсць мы, людзі, што помняць і берагуць…
Яна ГАЛІНА, г. Астравец.
