"Среда размышления". Что такое настоящий патриотизм?

Папулярнае слова “патрыятызм” часцей за ўсё, на жаль, мае адценне пэўнага фармалізму, які надалі яму чыноўнікі ад адукацыі і ідэалогіі, што любяць наладжваць розныя фестывалі- конкурсы-семінары з мэтай патрыятычнага выхавання, якія, як правіла, “апранаюцца” ў “адзенне колеру хакі”. Я не маю нічога супраць ваенных і не аспрэчваю іх ролю ў тым самым патрыятычным выхаванні (уф, ад аднаго гэтага словазлучэння патыхае фармалізмам), але бяру на сябе смеласць сцвярджаць, што паняцце патрыятызму, якое, паводле складальніка талковага слоўніка Сяргея Ожагава, азначае “адданасць сваёй айчыне, свайму народу”, шмат шырэй.

…Не так даўно давялося прыняць удзел у нефармальным (гэта азначае – не запланаваным загадзя “вышэйстаячымі”) мерапрыемстве, якое арганізавалі – для сябе і нешматлікіх гасцей – калегі з гродзенскай рэгіянальнай газеты “Перспектыва” пры падтрымцы і непасрэдным удзеле Гродзенскага раённага адзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі. Нават назву яму надалі незвычайную – гэта быў не семінар, не нарада, а этна-тур. Падчас яго планавалася паказаць развіццё турызму ў рэгіёне, якім, да слова, тут займаецца не толькі аддзел па фізкультуры і спорту, які да таго ж зараз далучаны да адукацыі, а і культура – гэта, як мне здаецца, больш лагічна і абгрунтавана. А на самой справе падчас гэтага этна-тура ўсім – і маладым журналістам, і сталым рэдактарам – ненавязліва, без лозунгаў і дзяжурных фраз прадэманстравалі, што гэта азначае на справе: любіць сваю Радзіму і быць адданым ёй. У той дзень мы наведалі некалькі мясцін Гродзенскага раёна – не самыя, скажам прама, “распіяраныя”. Напачатку – рэшткі фартыфікацыйных збудаванняў каля вёскі Навумавічы, дзе падчас вайны немцы расстралялі некалькі тысяч мірных жыхароў – анімацыйнае прадстаўленне у выкананнні самадзейных артыстаў з сельскага клуба зачапіла да слёз нават бачыўшых многае ў і пэўнай ступені выпрацаваўшых цынічны погляд на жыццё журналістаў.
У салоне-майстэрні “У рамесніка”, у які пераўтвораны звычайны сельскі клуб, госці не толькі змаглі пабачыць выставу рэчаў, што захоўваюць памяць пра таленавітыя рукі майстроў, якія іх некалі зрабілі, – абярэгі, дываны і ручнікі, карціны. Пры жаданні самім падчас спецыяльных майстар-класаў, якія арганізоўваюць тут работнікі раённага дома рамёстваў, можна было навучыцца ткаць, рабіць фігуркі з салёнага цеста, з веданнем справы – што для чаго патрэбна – вырабіць спецыяльны абярэг для дома ці для сябе.
А скарылі ўсіх удзельнікаў этна-тура жыхары невялікай сёння вёскі (ах, прабачце, зараз – аграгарадка) з багатым гістарычным мінулым – Адэльска.
Багатым мінулым здзівіць каго-небудзь цяжка – а вось тое, як сучасныя жыхары Адэльска яго ведаюць, памятаюць, шануюць і захоўваюць, – гэта сустрэнеш не часта. Як тут любяць свой касцёл, у якім захоўваецца часцінка мошчаў святога Антонія, – настолькі, што на сродкі прыватнай асобы, ураджэнца Адэльска, у цэнтры вёскі ўстаноўлены помнік святому, які стаў своеасаблівым сімвалам Адэльска! Як ганарацца , што з вёскі паходзяць чатыры біскупы, у тым ліку і арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч!
А вы шмат ведаеце вёсак, дзе маюць сваю, як сёння б сказалі, сувенірную прадукцыю, вырабленую мясцовымі майстрыхамі? І не толькі традыцыйныя магніцікі – без іх таксама не абышлося, – але арыгінальныя вышываныя сурвэтачкі, мяшэчкі для траў, рукавічкі-прыхваткі…
А яшчэ тут частуюць турыстаў – дарэчы, таксама ў сельскім Доме культуры, які ператвораны ў своеасаблівы турыстычны цэнтр – стравамі традыцыйнай народнай кухні: кішка, “пальцам пханая” каўбаска, бігас, хатні сыр, масла, тварог, мёд. Канешне, любы падарожнік аддасць перавагу такому меню, чым традыцыйнай адбіўной і салату з капусты! А калі абед яшчэ пройдзе пад музычнае суправаджэннемясцовых “буранаўскіх бабулек”, якія здольны “запаліць” сваёй агністасцю каго заўгодна, то задавальненне атрымае не толькі страўнік, але і душа.
Але мяне больш за ўсё ўразіў Мар’ян Скрамблевіч. Мужчыну больш як 74 гады – а ў ім столькі маладой энергіі, што нельга не захапляцца. І ён шчодра дзеліцца ёй з кожным, хто наведвае яго музей і майстэрню драўляных музычных інструментаў. Таленавіты музыкант і майстар таксама нарадзіўся і вырас у Адэльску, атрымаў музычную адукацыю ў Ленінградзе, вярнуўся ў Гродна, стварыў тут са звычайных работнікаў аўтакалоны цудоўны чатарохгалосы мужчынскі хор, які аб’ездіў увесь Савецкі Саюз і быў лаўрэатам шматлікіх конкурсаў. А пасля, калі ў гады перабудовы развалілася і аўтакалона, і хор, а сам ён выйшаў на пенсію, вярнуўся ў родны Адэльск, у бацькоўскую хату, і асвоіў новае захапленне: стаў рабіць драўляныя музычныя інструменты. Сёння на рахунку Мар’яна Скрамблевіча іх – больш за 120 назваў, а “паштучна” свае вырабы не можа падлічыць і ён сам. На дудках, флейтах, дудах, рагах і ражках, свістках, трубах Мар’яна Скрамблевіча хто толькі не іграе, у тым ліку і ў многіх аркестрах.
А лепш за ўсё, як мне здаецца, гэта ўдаецца яму самому. Майстар браў у рукі звычайныя дудачкі, часам – арыгінальныя, сувенірныя: у выглядзе пасхальнага яйка, рыбы, джэнтэльменскай тростачкі – а мы чулі галасы розных звяроў і птушак, шэпт лесу і шолах дажджу… А калі ён яшчэ і заспяваў, акампануючы сам сабе на адрэстаўрыраваным уласнаручна тульскім баяне – раўнадушных не засталося. “Гэта самы цёплы і душэўны музей, які я калі-небудзь наведвала”, – выказала агульную думку адна з калег-журналістаў.
…Мар’ян Скрамблевіч дэманстраваў свае інструменты і майстэрства – а я бачыла ў яго словах, вачах, у кожным руху тое, што і з’яўляецца сапраўдным патрыятызмам: любоў да сваёй Радзімы, вёскі, да кожнага дрэва, кветкі, птушачкі… І з кожным гукам, з кожнай мелодыяй яна перадавалася ўсім прысутным – і гэтае насенне, хочацца верыць, прарасце ў душах кожнага, хто выправіўся ў той дзень у этна-тур па Гродзенскім раёне, тымі ж парасткамі любові і адданасці сваёй Айчыне.


Ніна РЫБІК.