"Среда размышления". Что нас объединяет?

5
Заўтра адзначаецца Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі. На рэдакцыйнай планёрцы спыталі: чаму б мне, расіянцы, якая жыве ў Беларусі, не выказаць сваё меркаванне з такой нагоды?..


Пачну з прызнання: аб тым, што ў календары ёсць такое свята, я даведалася, толькі калі пераехала ў Беларусь. І мне стала сорамна… Як здарылася, што я жыла ў памежнай з  Беларуссю Пскоўскай вобласці і не ведала пра гэты дзень?..

Калі напісала сваім расійскім знаёмым пра гэтае свята, яны адказалі, што таксама не ведаюць, што яно існуе. І мне стала яшчэ больш сорамна…

Тады я “загугліла” (вельмі падабаецца мне гэта слова – пачула яго ўжо на Астравеччыне; раней я карысталася яндэксам – ад гэтага слова нічога падобнага не ствараецца) гэту тэму – і высветлілася, што ў Расіі Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі ўсё ж ведаюць і адзначаюць. Толькі вось не ўсюды, на мой погляд, на дастойным узроўні…

Ну чаму, напрыклад, на маёй малой радзіме да мяне ні разу не трапіла выданне, у якім было б напісана пра Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі? Ды і ў нашай Апочацкай раённай газеце гэтую тэму абыходзілі ўвагай. Чаму я ніколі не сустракала назву такога свята ў расійскім календары?..

У інтэрнэце я-такі знайшла невялікія “інфармашкі” кшталту “адбылася сустрэча з нагоды…” Але ж гэта ўжо сёлета, калі я занялася пошукам мэтанакіравана...

Між тым мне вельмі прыемна, што ёсць такое свята. Бо, мне здаецца, у нас, беларусаў і рускіх, шмат агульнага, што, аднак, не перашкаджае нам заставацца самімі сабой, захоўваць сваю самабытнасць.

Дык што ж нас яднае? Тое, што мы заўсёды былі побач і разам! Мне здаецца, што паміж нашымі краінамі такія цёплыя сяброўскія адносіны, якіх больш няма ні з кім іншым. І я вельмі спадзяюся, што так будзе заўсёды.

Так, паміж Расіяй і Беларуссю зараз ёсць мяжа. Але пры тым яе нібыта і няма: каб паехаць з Расіі ў Беларусь ці наадварот, нам не патрэбны ні замежныя пашпарты, ні візы.

Мае знаёмыя з Расіі – якія, дарэчы, ужо не першы год праводзяць свой адпачынак у вандроўках па Беларусі, – прыходзяць у захапленне ад яе прыгажосці і чысціні. “Мы думали, что так бывает только на картинках”, – кажуць яны. А знаёмыя з Беларусі падарожнічаюць па Расіі – і таксама захапляюцца… Ну хай сабе не чысцінёй і парадкам, у гэтым сэнсе расіянам ёсць чаму павучыцца ў беларусаў, дык нечым іншым.

Акрамя таго, мне падабаецца, што мы можам паехаць “у іншую краіну” і атрымаць там прафесійную адукацыю. Напрыклад, калі я вучылася ва ўніверсітэце, сучасную рускую мову ў нас выкладала прафесар, якая нарадзілася і вырасла ў Полацку – а лёс прывеў яе ў Пскоўскі ўніверсітэт. Так-так, рускай мове мяне вучыла беларуска – я тады і падумаць не магла, што некалі буду вучыць беларускую мову і нават пісаць на ёй.

Мы, Беларусь і Расія, заўсёды былі побач. І сёлета, калі адзначаецца 70-годдзе Вялікай Перамогі, хочацца нагадаць, што гэта таксама наша агульная перамога, да якой доўгіх чатыры гады разам ішлі нашы дзядулі і бабулі.

Мы заўсёды былі побач. Спадзяюся, што гэтак будзе заўсёды.

А цяпер я кожны год 2 красавіка віншую сваіх расійскіх знаёмых з Днём яднання народаў Беларусі і Расіі, бо гэта – свята сяброў и друзей.


---------------------------------

Святлана ФЁДАРАВА.