"Среда размышления". Благодарить за всё и за всех молиться Богу...
На гэты раз да роздуму падштурхнула пісьмо. Звычайнае пісьмо-падзяка, якія паштальён прыносіць у рэдакцыю ці не штодня. І ўсё ж не зусім звычайнае… Дазволю сабе працытаваць яго поўнасцю – нельга інакш…Падзяка
Хачу найсардэчнейша падзякаваць калектыву нашай цудоўнай газеты “Астравецкая праўда” за тое, што заўважылі мяне і напісалі пра мой лёс і гісторыю майго жыцця так, што нават у іншых выданнях, з дазволу “Астравецкай праўды”, перадрукавалі гэты матэрыял. Усё сваё жыццё я ў малітвах і добрых учынках служыла і служу Пану Богу, Касцёлу і людзям. Вельмі ўдзячная ксяндзу Казімежу Мараўскаму, які некалькі год таму назад з парафіянамі быў пасяліўшы мяне жыць каля касцёла ў мястэчку Гудагай. Затым, калі я захацела вярнуцца ў Дайлідкі, дырэктар Дайлідскай школы Валянціна Зыгмундаўна Лаздоўская пасяліла мяне ў сваю хату каля касцёла і дапамагала мне разам са школьнікамі, за што я ім вельмі ўдзячная. Вельмі ўдзячная ксяндзу Алегу Шпеню і яго маці Рэгіне Шпень, ксяндзу Паўлу Паўлюкевічу, сям’і Станіслава Бабойця і ўсім сем’ям, якія апекаваліся мной, нямоглай, амаль 89 гадоў майго жыцця.
Затым мяне забрала да сябе ў Астравец мая сястра, але праз год яна і сама моцна захварэла, таму што далі аб сабе знаць яе ранейшыя хваробы. Сястра мая паехала лячыцца ў бальніцу ў Гродна, а я папрасіла, каб мяне завезлі ў бальніцу ў Міхалішкі. Вельмі ўдзячна я за добрыя адносіны да мяне медыцынскага і абслугоўваючага персаналу, а таксама навакольных людзей. Вельмі ўдзячна праўленню СВК “Гервяты” і яго старшыні Аляксандру Вацлававічу Габрукевічу за тое, што і раней адносіліся да мяне добра, і цяпер, у Дзень пажылых людзей, Аляксандр Вацлававіч адведаў мяне з вельмі важкімі падарункамі.
Хачу падзякаваць кіраўніцтву Міхалішкаўскай бальніцы за тое, што дазваляюць ксяндзу Анатолію Захарэўскаму кожны тыдзень у бальніцы адпраўляць святую Імшу і ўдзяліць Святы Сакрамэнт. За вас усіх заўсёды малюся аб Божым блаславенні і патрэбных вам Божых ласках.
Генавэфа Бурштыновіч.
Пачытала гэтае пісьмо – і даўкі камяк падступіў да горла. Мы, маладыя, здаровыя, у якіх, па вялікаму рахунку, ёсць усё – на гэтае ж усё і скардзімся: на малую, як нам здаецца, зарплату – бо ў некага ж яна большая! На высокія цэны, бо не толькі хатнія на каўбасу глядзець не хочуць, але нават кот, а паляндвіцу кожны дзень не купіш… На хваробы, якія часта самі сабе прыдумляем, наглядзеўшыся тэлевізійных “эскулапаў”. На суседзяў, на калег, урачоў, на начальства, у цэлым – на жыццё. Атручваем гэтымі бясконцымі скаргамі жыццё – сабе і тым, хто побач.
Паказальнай у гэтым сэнсе стала выпадкова падслуханая гутарка дзвюх даўніх сябровак, якія даўно не бачыліся. Парасказваўшы, хто як жыве зараз, перапытаўшыся пра родных-знаёмых, адна з былых суседак раптам схамянулася:
– Ой, ледзь не забылася табе пахваліцца: мне ж за гэты час ажно дзве аперацыі зрабілі.
Нібы ордэнам пахвалілася!
Другая ў адказ таксама “пахвалілася”: у дачкі муж у даўгі ўлез, цяпер вось трэба дапамагаць, бо дачка ў дэкрэце сядзіць, ох, як цяжка…
І так – паўсюль. Падзяліцца радасцю стала амаль непрыстойнай тэмай для размовы: няёмка, нібы выхваляешся, ды раптам яшчэ сурочаць… Лепей “паплакацца”: сын ажаніўся – але ж дзе ім жыць зараз; машыну купілі – дык жа ў даўгі ўлезлі, кватэру пабудавалі – колькі ж яшчэ гадоў крэдыт плаціць… А ўжо падзякаваць некаму – тым больш: за што? Бацькі дапамагаюць – дык на тое ж яны і бацькі… Урач паўдня каля твайго ложка прасядзеў – у яго работа такая. Калега падмяніла, зрабіла тваю работу – дык яна ж за гэта грошы атрымае…
А вось гэтая нямоглая жанчынка, якая за сваё жыццё перажыла столькі бедаў і выпрабаванняў, нібы Бог траім рыхтаваў, ды ёй адной аддаў – некалі наша журналістка Ганна Чакур у адным з артыкулаў расказвала пра цяжкае жыццё гэтай набожнай жанчыны, – за ўсё дзякуе і за ўсіх Богу моліцца. Кожнага помніць – кожнае добрае слоўца, кожны добры ўчынак. Сваё доўгае шматпакутнае жыццё дажывае яна на сацыяльным ложку ў Міхалішкаўскай бальніцы – ужо адно гэтае многія палічылі б найгоршым яго фіналам. А яна просіць суседа, які час ад часу яе праведвае, каб запісаў яе падзяку, стараючыся не забыць нікога, хто зрабіў для яе хоць некалі хоць нешта добрае – і перадаў у рэдакцыю. І штодня ўспамінае сваіх дабрадзеяў у сваіх малітвах.
Дзякуй вам, Генавэфа Андрэеўна! За вашу малітву, за ваша добрае, шчырае сэрца, у якім няма месца ні злосці, ні крыўдзе.
І за тое, што лепш усякіх сучасных псіхолагаў-“пазітыўшчыкаў” вучыце нас, як трэба адносіцца да жыцця і да людзей.
----------------------------
Ніна РЫБІК.
