"Среда размышления". А через год снова вернёмся в школьное детство...

Гучаць песні школьных гадоў, якія вяртаюць нас у далёкае дзяцінства і юнацтва, акунаюць ва ўспаміны пра першы ўрок, піянерскі гальштук, першае каханне…
І так цёпла становіцца на сэрцы… І здаецца – не было гадоў, праведзеных за гэтымі сценамі, якія на працягу ўсяго школьнага часу былі для цябе другім домам.

Кожную першую суботу лютага ўсе ўстановы адукацыі расчыняюць дзверы перад сваімі выпускнікамі. Традыцыйны вечар сустрэчы дазваляе, быццам на машыне часу, яшчэ раз трапіць у далёкае дзяцінства.
Амаль дваццаць гадоў прайшло з таго моманту, як я і мае аднакласнікі ў апошні раз пераступілі парог школы. Апошні званок, расставанне з настаўнікамі і аднакласнікамі, апошнія словы падзякі і – новае жыццё…
Дваццаць гадоў… Падчас іх кожны з нас прайшоў яшчэ некалькі жыццёвых этапаў. Лёгкіх і складаных, радасных і сумных, якія праляцелі нібы адно імгненне і якія цягнуліся, здавалася, цэлую вечнасць. І штораз мы абяцалі адзін аднаму, што ў наступным годзе абавязкова сустрэнемся…
І сустракаліся… Толькі часцей за ўсё – па сумных нагодах.
За гэтыя дваццаць гадоў не стала многіх нашых настаўнікаў – тых, хто даваў веды, вучыў добраму,
разумнаму, вечнаму, каго мы любілі і паважалі. Праўда, пры іх жыцці, на жаль, мы вельмі рэдка гаварылі ім пра гэта. Не стала і некалькіх нашых аднакласнікаў – яны заўчасна пайшлі з жыцця. І штораз успаміны пра іх гучаць як напамін пра тое, што ў наступным годзе мы абавязкова сустрэнемся…
Пажаданні, кветкі, слёзы, цёплыя ўспаміны... І аказваецца, што для шчасця так мала трэба – сабрацца разам!
Мы сустракаемся… Нячаста і не ўсім класам. І тады ўспамінаецца былое…
А помніш дзяўчынку з велізарнымі белымі бантам?
А помніш, як ніяк не атрымлівалася напісаць лічбу “два”?
А помніш, як згубіўся наш школьны журнал з адзнакамі?
А вучобу ў старой школе помніш? А будаўніцтва новай?.. Як мы радаваліся, што хутка будзем вучыцца ў новым сучасным будынку! І як першыя дні блудзілі ў калідорах – цяпер гэта падаецца амаль што немагчымым… А тады… Тады, калі дрэвы былі вялікімі, усё было іншым.
А помніш, як у дзявятым класе мы садзілі на калгасным полі буракі і нехта ўспомніў, што ўжо пачалася “Рабыня Ізаура”, а можа, “Санта-Барбара” ці “Багатыя таксама плачуць”? Тады гэта была такая трагедыя, якую, здавалася, немагчыма перажыць… А на наступны дзень буракі давялося перасаджваць…
А помніш, як за гэтую правіннасць на выпускных экзаменах нас рассадзілі па аднаму? І парты расставілі ў велізарнай актавай зале, каб ніхто не змог спісаць у суседа. Здалі мы тыя экзамены! І здалі нядрэнна.
А помніш, як у дзясятым класе нашы два паралельныя класы аб’ядналі ў адзін?
Як мы клалі адзін аднаму кнопкі на крэслы… Як гулялі ў “Крыжыкі-нулікі” і “Марскі бой”... І як было сорамна, калі за гэтым заняткам нас заставалі настаўнікі… Канешне, ты таксама ўсё помніш… Магчыма, нават больш, чым я.
Часам мне здаецца, што няма на свеце чалавека, які б не хацеў хаця б раз у год вярнуцца ў мінулае – у час пазнання і расчаравання, першай любові, мараў і спадзяванняў… І такую магчымасць кожнаму з нас дае вечар сустрэчы…
… Пры расставанні ніхто нікому не гаворыць “Бывай”, толькі “Да пабачэння, да новай сустрэчы”. Бо праз год школа зноў сустрэне цябе песнямі твайго дзяцінства і юнацтва і ты зноў на хвалях памяці вернешся ў школьнае дзяцінства…


-------------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.
Фота аўтара і з вечара сустрэчы ў СШ №1 – Вольгі ХАЦЯНОВІЧ
.