Слова про память нужно подтверждать делом

это нужно живым“Усяму свой час, і час усякай рэчы пад небам. Час нараджацца, і час паміраць”

Так думала я, калі хадзіла на могілкі прыбіраць месцы пахавання сваіх родных і блізкіх, а па дарозе назад прыпынялася і разглядала надпісы на старых помніках, папраўляючы чужыя магілкі. Рана ці позна для кожнага чалавека наступае пара пераходу ад часовага зямнога існавання да вечнасці. Менавіта на могілках асабліва шчымліва адчуваецца еднасць мінулага, цяперашняга і будучага, усіх пакаленняў, бачнага і нябачнага свету, зямлі і неба. Крылы памяці ахутваюць кожнага, хто прыходзіць сюды, да сваіх спачылых продкаў, нячутнымі вібрацыямі – хвалямі ўкалыхваюць, заспакойваюць, аблашчваюць – каб жывыя працягвалі ткаць палотны свайго далейшага жыцця да Богам вызначанай хвіліны – адыходу ў вечнасць.
…Старанна абыходжу невялічкія ўзгорачкі пад урослымі ў зямлю крыжамі – і з сумам зазначаю, што да іх ужо ніхто, акрамя нас, не прыходзіць. Старыя, магутныя дрэвы нахіліліся над помнікамі і сыплюць, сыплюць лісце, клапатліва ўкрываючы зямлю ад злой зімовай сцюжы. Ім няма справы да людзей, якім прыходзіцца штораз змагацца з гэтым бясконцым лістападам – ды яшчэ асцерагацца, бо старыя, дуплаватыя дрэвы нясуць у сабе пагрозу. Яны могуць упасці, разбурыць помнікі. Некаторыя дрэвы, зламаныя бураю, прыбралі, большасць жа засталася на могілках, ускладняючы дагляд за магіламі.
слово и делоШтогод прыбіраю старыя магілы радзіны князёў Мінэйкаў і графаў Снядэцкіх. І заўважаю з горыччу, што каменныя крыжы на іх пахіліліся і, здаецца, вось-вось зваляцца на зямлю. А некаторыя ўжо склалі свае галовы… Яны нема просяць дапамогі. А гэта ж магілкі слынных гістарычных асоб! Выходзіць, так вось мы шануем нашу спадчыну і слынных сыноў Айчыны? Напэўна, трэба, каб на могілках, у тым ліку і вясковых, быў гаспадар, каб планава ажыццяўляўся догляд за месцамі пахавання, каб могілкі сваім выглядам не псавалі аўтарытэт вёскі.
А яшчэ балюча зачапіла і ўзрушыла, што ніхто ў памінальную суботу не запаліў свечку памяці ля брацкай магілы ў цэнтры вёскі…
Гаварыць словы пра памяць, пра гераізм, сцвярджаць, што “ніхто не забыты, нішто не забыта”, мы можам – а хоць адным учынкам, нават самым невялікім, пацвердзіць гэтую памяць – не?..

---------------------------------------------------
Людміла КУХАРЭВІЧ, в. Варняны.