"Роздум перад сном". Выбірай!
Кажуць, гісторыя чалавецтва развіваецца па спіралі. Мне ж здаецца, што ўсё ж – па кругу. Асабліва ў адносінах людзей – мужчын і жанчын, бацькоў і дзяцей, сяброў і родзічаў. У старадаўнія часы, як і зараз, здараліся высакароднасць і здрады, міласэрнасць і падман, бескарыслівая дапамога і чорная зайздрасць: бессмяротныя творы класікаў тых часоў, што дайшлі да нас праз час і адлегласці – таму пацвярджэнне.І ў іх час ад часу сустракаецца зусім не новы сюжэт, калі пасля вялікага кахання – на жаль, не заўсёды асвечанага царквой і змацаванага дзяржаўнай пячаткай – на свет з’яўляюцца – ці збіраюцца з’явіцца – дзеці…
Далей развіццё гэтага сюжэту нярэдка ідзе па старому, як свет, сцэнарыю. У адказ на паведамленне жанчыны, што зараз іх ужо не двое, а трое, мужчына (так, шаноўны чытач, што крытыкаваў мяне за прадузятыя адносіны да мужчын, канешне ж, так здараецца далёка не заўсёды, існуюць і іншыя варыянты развіцця падзей, але сёння – менавіта аб гэтым) спалохана ці абурана заяўляе, што не гатовы стаць бацькам, што зараз – не самы спрыяльны час і ўвогуле ў яго іншыя планы, у якія дзеці пакуль не ўваходзяць. І ставіць жанчыну перад самым галоўным у яе жыцці выбарам: альбо ён – а значыць, іх каханне, далейшае шчаслівае і радаснае жыццё, альбо яно, гэтае ненароджанае дзіця, якое яшчэ і не чалавек зусім, а так, нейкі згустак клетак…
І жанчына выбірае… Што рабіць: пазбавіцца дзіцяці, якое ўсё далейшае жыццё адным сваім існаваннем будзе нагадваць пра той момант грэшнага кахання – і жыць далей гэтак жа, як зараз: весяліцца з сябрамі, прыгожа апранацца, падарожнічаць з каханым, будаваць кар’еру, робячы выгляд, што ніколі нічога не было? Ці, хутчэй за ўсё, перажыць расстанне з чалавекам, які яшчэ ўчора быў самым галоўным, без якога жыццё здаецца проста немагчымым – дзеля таго невядомага, што яшчэ не мае ні полу, ні імені, і адной несці свой невыносна цяжкі крыж пад асуджальнымі позіркамі фарысеяў, адмаўляючы сабе ў тым, што яшчэ ўчора здавалася неад’емнай часткай камфортнага бесклапотнага жыцця?..
Так, праблема гэтая старая як свет – але “абгортка” яе ў кожнай канкрэтнай сітуацыі розная – сучасная, асабістая, эксклюзіўная. І кожны раз мноства “рознакаляровых” нюансаў прымушаюць зварухнуцца шалі гэтага цяжкага выбару ў той ці другі бок. Добра, калі ў гэты момант побач будуць родныя і блізкія людзі, якія дапамогуць не толькі словам, парадай, але і матэрыяльна, і фізічна…
А галоўнае – тыя, хто растлумачыць, што мужчына, які ставіць жанчыну перад выбарам: альбо я – альбо дзіця – і не мужчына зусім, нават калі ў гэты момант ён здаецца вам самым лепшым, самым прыгожым, разумным, высакародным чалавекам у свеце. Якімі б аргументамі ён ні абгрунтоўваў свой шантаж, сваё патрабаванне лёсавызначальнага для жанчыны выбару, кіруе ім адно – уласны махровы эгаізм. І нават калі шалі ў душы каханай зварухнуцца ў яго бок і выбар будзе зроблены не на карысць дзіцяці – не разлічвайце на доўгае шчаслівае жыццё разам з гэтым чалавекам. Шантаж прадоўжыцца. Бо даўно вядома: хто адчуў пах крыві – будзе забіваць, пакуль яго не спыняць; хто аднойчы схлусіў – падмане яшчэ раз; хто ўкраў і не быў злоўлены за руку – зноў палезе ў чужую кішэню. А той, хто адчуў непадзельную ўладу над іншым чалавекам, і надалей будзе ставіць яго перад выбарам: альбо я – альбо… І на іншую чашу шаляў будуць класціся ўсё новыя важныя і дарагія для вас рэчы: сябры, праца, брат, маці.
І калі аднойчы чалавек, які, як вам здаецца, кахае вас і думае пра вашу агульную будучыню, паставіць вас перад выбарам: я – ці наша ненароджанае дзіця, ведайце, што выбар вы робіце іншы, куды больш значны. Выбіраць вам давядзецца паміж самой сабой – асобай са сваёй воляй, жыццём, светапоглядам – і ім, які лічыць сябе валадаром, для якога вы – звычайная парабчанка для выканання яго жаданняў і прыхамацей.
…На маім жыццёвым і журналісцкім шляху неаднойчы сустракаліся жанчыны, якіх ставілі перад падобным выбарам, – і яны прымалі розныя рашэнні. Магу засведчыць: тыя з іх, што насуперак усяму нараджалі, часцей за ўсё пазней знаходзілі сваё шчасце – здаралася, што нават з бацькам таго самага дзіцяці, жыццё якога некалі ставілася ім “на кон”. І ўжо дакладна – ніводная з іх, як бы ні склалася жыццё, не пашкадавала, што побач ці далёка жывуць сын ці дачка.
Тыя ж, хто выбіраў “яго”, часта – вельмі паспяховыя і на першы погляд – нават шчаслівыя. Але глыбока ў вочы ім лепш не зазіраць: дрыжыкі па целу прабягаюць ад той непраходнай, невыноснай тугі, што свеціцца на самым іх донцы…
-------------------
Ніна РЫБІК.
