"Польское эхо Островца" и участники спектакля "Калядны вечар" подарили праздник пациентам Михалишковской участковой больницы
Закончыўся зімовы святочны калядна-навагодні марафон. Даўно выцягнуты з-пад ёлак і распакаваны “дзед-марозаўскія” падарункі – і прымераны, і выкарыстаны, і расхвалены, а ў каго ўжо нават зламаны і выкінуты ці перадораны, ці засунуты ў дальні куток шафы з-за непатрэбнасці…Ды і самі ёлкі, якія спачатку страцілі свой водар, затым – зеляніну, а напрыканцы ўвогуле бессаромна распрануліся, прадэманстраваўшы, што за прыгожым некалі ўборам хаваліся старэчыя кастлявыя шурпатыя галіны, спалены ў печцы ці вынесены на сметнік… Ад салодкіх, горкіх і тлустых прысмакаў баляць жываты і знікае апошні намёк на талію. Прадпрымальнікі падлічваюць барышы і адпачываюць: у іх да сярэдзіны лютага, да свята-валянцінаўскай, а затым пачарговай мужчынскай і жаночай падарункавай ліхаманкі – часовае зацішша… Усе стаміліся ад бясконцых святкаванняў, віншаванняў, падарункаў і святочных сталоў і з новым імпэтам акунуліся ў прыемнае напружанне будняў…
І ўсё ж – далёка не ўсе. Больш таго – ёсць тыя, хто нават не заўважыў ні надыходу святаў, ні іх заканчэння. І Дзед Мароз, які, здаецца, пад Новы год нікога не абмінае, пра іх забываецца і не ўключае ў свае падарункавыя рэестры – бо нават гэты стары чараўнік чамусьці найбольш любіць багатых і шчаслівых… І Новы год, Каляды і ўсе іншыя святы для іх вызначаюцца толькі прыходам ксяндза ці трошкі смачнейшым, чым звычайна, абедам у бальнічнай сталоўцы. А самай значнай падзеяй, галоўнай навіной становіцца з’яўленне ў палаце новага насельніка ці, што таксама бывае нярэдка, адыходзе каго з ранейшых суседзяў ці партнёраў па гульні ў карты або сумеснай малітве ў іншы – кажуць, што лепшы, – свет, у які, тым не менш, ніхто з жывых асабліва не спяшаецца…
Так, я зноў пра іх – пра пацыентаў аддзялення сястрынскага догляду Міхалішкаўскай участковай бальніцы – прабачце, калі ласка, мне тыя, каго гэтая тэма раздражняе і каму хочацца забыцца аб тым, што побач з намі, здаровымі і больш ці менш шчаслівымі, ёсць і яны, старыя і хворыя, усімі, акрамя дзяржавы, забытыя і пакінутыя, вельмі часта – нават уласнымі дзецьмі.
Рэдакцыйная пошта перапоўнена пісьмамі аб тым, як чарговая арганізацыя перад Новым годам ці адразу пасля яго наведала з падарункамі дзіцячы сацыяльны прытулак – чамусьці ўсе лічаць патрэбным зрабіць публічную справаздачу аб сваёй дабрачыннасці. І зусім няма пісьмаў аб тым, як павіншавалі са святамі абяздоленых старых. Зразумейце мяне, калі ласка, правільна: я пераканана, што дзецям з прытулку, якія сустракаюць Новы год не ў родным доме пад святочна прыбранай ёлачкай, дзе іх чакаюць жаданыя падарункі, а ў чужым казённым доме, таксама патрэбна падарыць свята – абавязкова! Але ключавое слова тут – “таксама”. Бо ў свяце маюць не меншую патрэбу і тыя дзядулі і бабулі з Міхалішак. Яны амаль гэткія ж дзеці… Толькі без будучыні, бо ўжо ніколі не вырастуць, бо іх ніхто ніколі не “ўбацьковіць” і не “ўмацярыць”, і застаецца ім да скону – гэты казённы ложак, казённая тумбачка, казённы халат і казённы абед…
Як яны радаваліся, калі да іх прыехалі артысты “Польскага рэха Астраўца” і ўдзельнікі спектакля “Калядны вечар”! Падчас канцэрта падпявалі, хто мог, песні сваёй маладосці, старанна, як атрымлівалася, пляскалі ў далоні – тыя, хто змог дайсці ці хоць бы пад’ехаць на інваліднай калясцы да сталовай, якая на нейкі час ператварылася ў канцэртную залу.
А ляжачыя, каму было не дабрацца на канцэрт, ім зайздросцілі: для іх і гэтае відовішча стала недаступнай раскошай.
Таму з асаблівай нецярплівасцю чакалі яны ў сваіх палатах удзельнікаў спектакля “Калядны вечар”, які, па вялікаму рахунку, створаны па іх драматычных, а часам – трагічных лёсах…
– Чаму ж вы так доўга не ехалі? – спытала мяне адна жанчына, падзякаваўшы за падарунак. – Мы вас так чакалі…
– Але адкуль вы ведалі, што мы павінны былі прыехаць? – сумелася я.
– Дык жа ў мінулым годзе прыязджалі…
Мы ў адказе за тых, каго прыручылі…
І, як дзеці, радаваліся яны тым невялікім падарункам, што ў чарговы раз прывезлі ім самадзейныя артысты – яны былі набыты за грошы, што ахвяравалі гледачы падчас спектакляў у розных гарадах і вёсках (асаблівыя словы ўдзячнасці гандлёваму дому “АнаСтасіЯ”, супрацоўнікі якога кожны раз пякуць і ахвяруюць для гасцінцаў міхалішкаўскім пастаяльцам смачныя свежыя булачкі). І стараліся як мага даўжэй патрымацца за руку, каб нешта расказаць, падзяліцца сваім – ці проста адчуць цяпло чужой рукі…
У кожнага з іх – свой лёс, які прывёў іх на гэты казённы ложак, вельмі часта, хоць далёка не заўсёды, – заслужаны ўласным жыццём… Найчасцей гэты лёс – нялёгкі і драматычны. І, як ні прыкра гэта ўсведамляць, у большасці з іх ёсць дзеці і ўнукі. Якіх гэтыя бабулі і дзядулі шкадуюць і апраўдваюць: у іх – сваё жыццё, хваробы, клопаты, турботы… І пры гэтым дотыку менавіта іх рук яны чакаюць найбольш…
Але… Дзень змяняецца ноччу, зімы – вёснамі, святы – буднямі. А для гэтых адзінокіх старых адзіным доўгачаканым святам застаецца прыезд чужых людзей – з песнямі і сціплымі гасцінцамі…
--------------------
Ніна РЫБІК.
Фота Алены ЯРАШЭВІЧ.
