«Мой журналистский 2014-й». Нина Рыбик: "Времени не хватает просто катастрофически!"

Калі напачатку года на адной з планёрак мы вырашалі, што варта б падзяліцца з нашымі чытачамі кожны сваім асабістым журналісцкім поглядам на адышоўшы год, пярэчанняў не было. Праўда, і асаблівай радасці – таксама…

Калі ж я потым чытала артыкулы-споведзі сваіх калег, узгадвала разам з імі аб пражытым і перажытым, аб радасцях і расчараваннях, не магла зразумець: чаму для многіх яны даваліся так няпроста?

Зразумела гэта, калі надышла мая чарга падсумаваць вынікі майго журналісцкага года – і ўсяго папярэдне сказанага… З аднаго боку, вельмі складана ўціснуць цэлы год у паўтары-дзве старонкі набранага тэксту. А калі пачынаеш вызначаць самае галоўнае, то здаецца, што вось гэта – не асабліва важнае, а тое – вельмі асабістае, а аб гэтым ужо ўзгадвалі… Да таго ж вельмі цяжка аддзяліць свой журналісцкі год ад пісьменніцкага і тым больш – ад рэдактарскага ці грамадскага…

Але ж не распісвацца рэдактару ва ўласнай неадпаведнасці – які прыклад для падначаленых?!

Такім чынам, падзеі, людзі і эмоцыі майго мінуўшага года. Калі што не так – выбачайце.

Радасці…

Я заўсёды гаварыла, што я найперш – журналістка, а ўжо потым – усё астатняе: рэдактар, пісьменніца, адміністратар і г.д. А зараз злавіла сябе на думцы, што, можа, гэта і не зусім так? Бо найбольшую радасць – нават большую, чым асабістыя творчыя ўдачы, якія, прабачце маю нясціпласць, здаецца, здараліся і летась, – мне дастаўляюць таленавітыя артыкулы нашых журналістаў і няштатных аўтараў. Я атрымліваю фізічную асалоду, калі чытаю цікавы, свежы, разумны, з аўтарскім поглядам, стылем, напісаны прыгожай дасціпнай мовай матэрыял, ці бачу арыгінальны фотаздымак альбо відэаролік, ці нехта на планёрцы выдае сакраментальнае “А давайце…” ці прыходзіць са сваім запаветным “А можна…”. У такія моманты мне хочацца абняць і расцалаваць аўтара – часам, забываючыся, што я ўсё ж нібыта іх начальнік, так і раблю. І мне вельмі прыемна адзначаць, як растуць, раскрываюцца, сталеюць у прафесійным плане мае дзяўчынкі і хлопчыкі, якія некалі прыйшлі на працу нясмелымі і няўмелымі. Дзякуй вам, калегі, за гэтыя мінулагоднія моманты шчасця!

Засмучэнні…

Найбольш засмучае, калі мяне (а найбольш – нашу газету) не разумеюць: абвінавачваюць у тым, чаго мы не рабілі, прыпісваюць нейкія словы і думкі, якіх мы не гаварылі і не думалі, ці надаюць сказанаму ці напісанаму іншы, патаемны сэнс, якога там і блізка не было. У такія моманты хочацца схавацца ў сваю ракавінку, зачыніцца на сем замкоў і нікому не адчыняць, нічога не тлумачыць, не даказваць, увогуле ні з кім не размаўляць.

На жаль, без гэтага не бывае – і мінулы год не стаў выключэннем. У такія моманты, калі нехта табе ўпарта даказвае, што ты – самы сапраўдны вярблюд і толькі прыкідваешся “чалавекам разумным”, атрымліваеш большы стрэс, чым ад хай сабе рэзкай, але справядлівай крытыкі за дапушчаную памылку большай ці меншай значнасці: у такіх выпадках мы стараемся папрасіць прабачэння і выправіць сваю правіну любым магчымым спосабам.

Адным з асноўных паняццяў нашай рэдакцыйнай палітыкі з’яўляецца шчырасць у адносінах з нашымі чытачамі. Калі яны гэта заўважаюць, адзначаюць, цэняць – для нас – найлепшая ўзнагарода. Дарэчы, пра

Перамогі і ўзнагароды…

Узнагароды бываюць розныя. Ёсць тыя, што можна пакратаць, павесіць на “сцяну славы” ці паставіць на палічку. Да такіх можна аднесці мінулагодняе першае месца ў абласным спаборніцтве раённых газет – не першая падобная наша перамога, але ад таго – не менш прыемная.

Але ёсць і іншая ўзнагарода, ад якой залежаць астатнія і якой мы ганарымся найбольш. Пра яе я гаварыла неаднойчы: гэта павага і прызнанне нашых чытачоў. Тое, што нас выпісваюць і чытаюць, што тыраж нашай газеты ў разліку на колькасць жыхароў раёна – самы высокі ў вобласці – дорага каштуе і аб многім сведчыць.

А яшчэ ў маім мінулагоднім жыцці былі і іншыя перамогі, не звязаныя напрамую з газетай. Напрыклад, выхад кніжкі “Скрыжаванні” і яе прэзентацыя.

Яшчэ адной вельмі радаснай, доўгачаканай перамогай, заваяванай на працягу дванаццаці тураў інтэлектуальных бітваў, я б назвала першае месца рэдакцыйнай каманды “Востраў шанцавання” ў чацвёртым раённым чэмпіянаце па інтэлектуальных гульнях. Мы перамаглі ў першым чэмпіянаце, затым былі другімі, трэцімі – і вяртанне на першае месца мае найперш псіхалагічнае значэнне для ўсёй каманды.

І яшчэ да нашых перамог я б аднесла званне народнага, які атрымаў наш спектакль “Калядны вечар” – агульнае дзіця шасці нераўнадушных жанчын, якім вельмі хацелася паказаць, што адзінокая старасць – гэта не заўсёды расплата за грахі маладосці, часцей за ўсё гэта – проста лёс, ад якога ніхто не застрахаваны... У нашай самадзейнай трупе толькі адзін прафесіянал – рэжысёр Вольга Турубарава, але тое, што нам удалося зрабіць за два гады жыцця спектакля пятнаццаць яго пастановак – я таксама магу назваць нашай агульнай перамогай.

Сустрэчы…

Самае лепшае ў журналісцкай працы – гэта сустрэчы. Яны бываюць мімалётнымі, дзяжурнымі, непрыемнымі, абавязковымі… А здараюцца і такія, што пераварочваюць твае погляды на жыццё, прымушаюць па-іншаму глядзець на рэчы, адносіны, людзей. За гэтыя сустрэчы, якія застаюцца ў памяці надоўга, а часам – назаўсёды, а галоўнае – за магчымасць расказаць пра таго ці іншага чалавека, яго лёс, яго думкі, яго перакананні так, як гэта можаш зрабіць толькі ты, я і люблю сваю работу.

Прыемна, калі падчас размовы чалавек раскрываецца з такога боку, які ты не ведаў і, аслеплены шорамі стэрэатыпаў, не здагадваўся, што ён можа быць. Напрыклад, поп-зорка Дзмітрый Калдун аказаўся зусім не “зорным хлопчыкам”, а вельмі цікавым, сур’ёзным, разумным суразмоўцам. А яго маці Таццяна Барысаўна, якая таксам пагадзілася даць інтэрв’ю нашай газеце, – шчырай і адкрытай жанчынай. Было цікава пазнаёміцца самой з вядомымі інтэлектуаламі Алесем Мухіным, Сяргеем Буянам, Яўгеніем Зайцавым, Фёдарам Шведавым.

А яшчэ больш цікава адкрываць новае, невядомае ў жыцці і поглядах на яго добра знаёмых усяму раёну людзей – такім адкрыццём для мяне сталі інтэрв’ю з Эдуардам Свірыдам, Віктарам Аксютчыкам і некаторымі іншымі землякамі.

Вельмі спадзяюся, што ў гэтым годзе мой журналісцкі лёс не паскупіцца на новыя сустрэчы, знаёмствы і адкрыцці.

Дэфіцыты…

Не, я не пра каўбасу, не пра машыну і нават не пра грошы. Галоўным дэфіцытам для мяне ў мінулым годзе – зрэшты, як і надышоўшым – быў і застаецца час. Мне здаецца – і, наколькі я ведаю, не мне адной, – што час зараз сціскаецца фізічна. Не ведаю, ці так гэта – але мне яго не хапае проста катастрафічна! Кожны дзень пачынаецца з планаў: напісаць… вычытаць… сустрэцца… патэлефанаваць… паўдзельнічаць… арганізаваць… І заканчваецца сумнай канстатацыяй: зноў не паспела ўсё, што планавала! Калі б нейкі чараўнік спытаў пра мае запаветныя жаданні, я б папрасіла 35 гадзін у сутках. А яшчэ – здароўя, каб усе гэтыя гадзіны скарыстаць плённа і змястоўна.

Вось гэтага: дастаткова часу, магчымасцей і здароўя для ажыццяўлення планаў і задум – я і пажадаю сабе і нашым чытачам напрыканцы свайго падводзячага вынікі мінулага года артыкула…

Дарэчы: не забудзьцеся выпісаць “Астравецкую праўду” на наступны квартал – і будзем сябраваць і надалей: разам пісаць і чытаць штодзённы летапіс 2015-га года.

А прыйдзе час – падвядзём і яго вынікі.

------------------

Ніна РЫБІК.