«Мой журналистский 2014-й». Марина Мацкевич: "Из событий, знакомств и ощущений слагается моя работа"

Мой мінулы журналісцкі год… Дванаццаць месяцаў радасці і пакут, дасягненняў і памылак, упэўненасці і безнадзейнасці… Пастаяннага жадання напісаць лепш, больш цікава, арыгінальна…

Часам крыўднага расчаравання і разумення, што ў выніку атрымалася зусім не так, як хацелася. Супакаення свядомасці, што імкненне да лепшага, магчыма, і ёсць працэс творчасці і самаўдасканалення. І чарговая нямая дуэль паміж сабой і белым аркушам вордаўскага дакумента на камп’ютары… І адвечнае, вось як зараз, пытанне: з чаго пачаць? Ну што ж, пачнём з пачатку…

Студзень. Для мяне гэты месяц пралятае ў паслянавагодняй мітусні, дзе карагод ёлак-урачыстасцей-справаздач паступова ідзе на спад. Сустракаюцца і сутыкаюцца мінулае і новае. І неўзабаве прыходзіць усведамленне, што апошні нумар газеты мінулага года быў не кропкай, а ўсяго толькі шматкроп’ем. І ўсё пачынаецца спачатку!

Люты. Звычайна праходзіць у трох вымярэннях: вечна закаханы святы Валянцін, дзень мужных абаронцаў Айчыны і памяць аб афганскай вайне. Мяне заўсёды па-асабліваму кранае апошняя дата. І, у чарговы раз ідучы на мерапрыемства, прысвечанае дню памяці воінам-інтэрнацыяналістам, хвалююся. Гледзячы ў твары знаёмых і разам з тым незнаёмых мне ўдзельнікаў вайны, адчуваю незразумелае, змешанае пачуццё віны і гонару.

Сакавік. Для многіх вясна пачынаецца з цудоўнага свята жанчын. Для мяне ж – з Дня міліцыі. Няхай выбачаюць цяперашнія супрацоўнікі, але больш люблю пісаць пра ветэранаў – пра тых, хто стаяў ля вытокаў, памятае Астравец невялікім пасёлкам, абходзіў свой участак пехатой і жыццё прысвяціў службе ў органах. З адкрытай непасрэднасцю і шчырай усмешкай расказваюць яны пра пагоні і аварыі, злачынствы і затрыманні, а таксама кур’ёзы міліцэйскага жыцця…

Красавік. Неаднойчы прызнавалася ў любові да некаторых відаў спорту. Асабліва вылучаю бокс. “Здымаю капялюш” перад юнымі талентамі, якія спалучаюць сілу волі, уласныя здольнасці і прагу да перамогі, і іх трэнерамі.

А ў мінулым красавіку па-новаму паглядзела на каратэ. Адкрытае першынства, што ў 2014-м годзе прайшло ў Астраўцы, прымусіла паглядзець на адзінаборства па-іншаму. Гэта сапраўды своеасаблівая філасофія і гармонія паміж магчымасцямі цела і станам душы.

Май. Люблю падарожнічаць. Магчыма, адхіляюся ад тэмы, але разам з маем і водарам бэзу ў паветры пачынае вітаць прыемнае прадчуванне заўсёды чаканага адпачынку. Значыць, трэба вызначацца з маршрутам. Сяброўка кліча спазнаць культуру ўсходніх краін. А мне так хочацца паспрабаваць смак непаўторных французскіх круасанаў і пагойдацца ў гандоле на хвалях венецыянскіх вуліцканалаў! У думках я ўжо пачынаю пісаць пра гэта матэрыял…

Чэрвень. Люблю лета. Люблю турзлёты. Люблю Дзень моладзі, які адзначаецца напрыканцы гэтага месяца. Люблю знаёміцца са звычайнымі і разам з тым такімі незвычайнымі маладымі людзьмі. Зараджацца іх энергіяй, бадзёрасцю і аптымізмам.

І адпачынак – блізка-блізка. Тэст у адной з сацыяльных сетак сцвярджае, што мая краіна – Італія. Не будзем спрачацца з сусветнай павуцінай.

Ліпень. “Ніхто не мае такой патрэбы ў адпачынку, як той, хто толькі вярнуўся з яго”, – мой дэвіз на астатак месяца.

Жнівень. Знаёмлюся з цудоўнай жанчынай – загадчыцай Гудагайскай пошты. Чалавек, пра якога хочацца расказаць чытачам. Знаёмае пачуццё зноў бярэ ў палон і вяртае з пасляадпускной дрымоты.

Дарэчы, пра водпуск. А вы ведаеце, якой непаўторнай прыгажосці захад на беразе возера Швакшты?! Як б’юцца аб бераг хвалі на Нарачы?! Якое дзіўнае пачуццё турыста-першапраходца ўзнікае, калі ідзеш па сцежках пешаходнага маршрута на Блакітных азёрах?! Шкадую, што ў мінулым годзе не напісала, як цудоўна адпачываць у Беларусі! А Італія? Ды пачакае тая Італія!

Верасень. Нарэшце! У астравецкіх баксёраў з’явіўся свой рынг.

Доўгачакана, выпакутавана, заслужана. Не трэба гучных і пафасных слоў, дастаткова проста зазірнуць у вочы юных баксёраў і пачуць шчырае і радаснае: “Зараз і ў нас ёсць свой рынг!”

Кастрычнік. Пралятае ў звыклай штодзённай руціннай рабоце сярод інфармацый і апрацовак.

Лістапад. Даўно захапляюся людзьмі, якія ўмеюць прыгожа маляваць. Ажыццяўляецца яшчэ адна даўняя мара – знаёмлюся з таленавітым астравецкім мастаком-дызайнерам-райтэрам Дзянісам Ходасам, пэндзаль і фантазія якога вытвараюць на паперы, палатне і сценах неверагоднае і прыгожае.

Снежань. Апошні рывок перад фінішам. Канец года, апошнія планаванні – і словы галоўнага рэдактара: “А давайце…” Тры стадыі праходжання пастаўленай задачы: усведамленне і асэнсаванне; сумненні “Я не змагу!” – і нямая дуэль з белым аркушам таго ж вордаўскага дакумента. Вынік: гммм… а нічога так атрымалася.

Магчыма, гэта не такі, што трэба аналіз майго мінулага журналісцкага года. Няма спісу важных падзей ці ўзнагарод, а толькі эмоцыі і пачуцці. Аднак менавіта з такіх вось звычайных для іншых і незвычайных для мяне падзей, знаёмстваў, адчуванняў і складаецца мая работа – маё штодзённае і штогадовае журналісцкае жыццё.

-------------------------------

Марына МАЦКЕВІЧ.