«Мой журналистский 2014-й». Елена Ярошевич: "На разочарования стараюсь не обращать внимания"
Некалькі гадоў назад калега заўважыў, што жыццё журналістаў сумнае і манатоннае. “З году ў год адбываюцца адны і тыя ж святы і падзеі, – працягваў ён, – і штораз іх даводзіцца асвятляць на старонках газеты. Часам ад гэтага стамляешся – і перастаеш бачыць цікавае.”З аднаго боку з ім нельга не пагадзіцца: сапраўды, каляндарныя святы прыходзяцца на адны і тыя ж даты. А з другога – менавіта ў гэтым і ёсць тая самая “ізюмінка” – ты штогод шукаеш у прывычным нешта адметнае і стараешся паказаць яго іншым.
Мой мінулы год мала чым адрозніваўся ад папярэдніх – таму прапанова галоўнага рэдактара паразважаць над тым, якім ён быў, спачатку паставіла ў тупік. І ўсё ж...
Штораз падводзячы вынікі года, мы шукаем станоўчае і негатыўнае, тое, што прынесла радасць, і што, наадварот, засмуціла – нездарма ж лічыцца, што жыццё паласатае: то белае, то чорнае…
Радасць года
Менавіта ў мінулым годзе я адзначыла першы невялікі юбілей – пяць гадоў я працую ў любімай “Астравецкай праўдзе” – газеце, якую чытала з самага дзяцінства. Аднак тады я нават не задумвалася аб тым, што некалі і сама буду ствараць нашу “раёнку”.
Бываюць, канешне, моманты, калі работы здараецца вельмі шмат. Тады напрыканцы дня нікога не хочацца бачыць і ні аб чым гаварыць. А на наступны дзень зноў з радасцю бяжыш на работу, каб сустрэцца са сваімі калегамі, якія за гэты час сталі роднымі і поспехам якіх ты радуешся нават больш, чым сваім.
Але ў душы, напэўна, я ўсё гэтак жа засталася настаўніцай (хаця часам мне хочацца думаць, што гэта не так), і таму найбольшую радасць у маёй журналісцкай працы ў мінулым годзе прынесла перамога астравецкіх педагогаў Тамары Іосіфаўны Качкан і Алены Чаславаўны Севасцьян у абласным конкурсе “Настаўнік года-2014”. Не пакрыўлю душой, калі скажу, што іх перамога яшчэ раз упэўніла ў тым, што ёсць у нашых школах сапраўдныя педагогі! З вялікай асалодай пісала пра іх удзел у конкурсе і перамогу.
Уражанне года
Мінулы год быў багатым на падзеі і сустрэчы – а галоўны журналісцкі вопыт атрымліваеш менавіта ад знаёмства з новымі людзьмі. Такіх сустрэч было шмат. Аднак самай запамінальнай стаў удзел у рэспубліканскім семінары грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”, які праходзіў на Гродзеншчыне і на які сабраліся самыя актыўныя жанчыны з усёй нашай краіны. Прыгожыя, таленавітыя, ініцыятыўныя, яны, акрамя таго што з’яўляюцца маці, жонкамі, дочкамі і бабулямі, знаходзяць час на добрыя справы – і сваім энтузіязмам і высокім пачуццём адказнасці “запальваюць” тых, хто знаходзіцца побач.
А яшчэ такім пазітыўным уражаннем стала знаёмства з выхаванцамі аддзялення дзённага знаходжання для маладых інвалідаў, якое працуе на базе тэрытарыяльнага цэнтра. Рабяты са сваім кіраўніком праз “не магу” дасягаюць поспехаў і вучацца жыць нягледзячы ні на што!
Поспех года
Сёлета ўпершыню пасля працы ў школе, дзе гэта даводзілася рабіць часта, я зноў давялося выйшла на вялікую сцэну – на гэты раз у якасці вядучай рэдакцыйных мерапрыемстваў. Некаторыя спытаюць: і што ж тут такога значнага? Мабыць, для некага гэта падзея з разраду паўсядзённых – для мяне ж яна стала яшчэ адной, няхай і невялікай, перамогай над сабой у маёй журналісцкай дзейнасці.
І, канешне, нельга не ўспомніць тое, што на працягу года мы развівалі яшчэ адзін новы накірунак у дзейнасці нашай рэдакцыі – выпуск відэаролікаў. Кожны з іх пакінуў незабыўны след у маёй памяці – спадзяюся, што і ў вашай таксама.
Знаёмства года
Часам у мяне пытаюцца: ці складана напісаць артыкул? Адназначна адказаць на гэта пытанне немагчыма. Жыццё журналістаў немагчыма без сустрэч з людзьмі – і вельмі часта героі нашых артыкулаў і публікацый пакідаюць яркі след у нашым жыцці і нават змяняюць нашы адносіны да той ці іншай з’явы.
Мае героі таксама аказваюць на мяне вялікі ўплыў. Шматдзетныя маці, якія прысвяцілі сваё жыццё дзецям, кветкаводы, якія заўважаюць прыгожае ў паўсядзённым і могуць навучыць гэтаму іншых, прафесіяналы сваёй справы, сярод якіх нямала цікавых людзей, таленавітыя школьнікі – многія з іх сталі не толькі героямі маіх публікацый – знаёмства з імі перарасло ў сяброўства.
Расчараванне года
На жаль, не абышлося і без расчараванняў. Гэта тыя самыя чорныя палосы, якія, хочаш таго ці не, сустракаюцца і ў жыцці журналістаў. Але, як сказаў хтосьці з вясёлых і знаходлівых: дайшоў да чорнай паласы – і наперад, уздоўж яе – па белай! Я вырашыла скарыстацца гэтай парадай – на расчараванні стараюся не звяртаць увагі і не заўважаць іх.
----------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.
