«Мой журналистский 2014-й». Антон Мальшевский: "Всё зависит от вдохновения!"

1
Як у мяне прайшоў мінулы год? Прайшоў – і дзякуй богу! Без нейкіх звышпадзей, хваляванняў і катастроф... Нікуды не вылучаўся, нічога не атрымліваў, ні з кім не “свяціўся”… Карацей: не быў, не заўважаны – і нічога не дакажаце!


Хаця з другога боку, час для нейкіх падзей неяк паціху падпірае крыху “ніжэй спіны”. Трэба вяршыць вялікія справы – чацвёрты ж дзясятак на падыходзе! Але… Прыроджаная лянота і няспешнасць шэпчуць: “Не спяшайся”, “Яшчэ паспееш”, “Цішэй едзеш – даўжэй будзеш”.

А яшчэ гэтая зараза, натхненне, то з’яўляецца ў самы непадыходзячы момант, то яе ніякімі пячэнькамі не прывабіць. Хочацца ж усё рабіць з душой! А даводзіцца – хутчэй, хутчэй, яшчэ хутчэй…

Але вернемся да нашага года.

Дзесьці без тыдня год таму, акурат у гэтыя дзянькі, вярнуўся я на Астравеччыну з недалёкай Смаргоншчыны. Многія пытаюцца: чаму вярнуўся? Адкажу, каму цікава, яшчэ адзін (апошні, стотысячны) раз: тут лепш кормяць, больш лашчаць і менш напружваюць. Сядзіш у рэдакцыі, нібы ў кветніку – амаль адны дзяўчаты навокал: адна – пакорміць, другая – прылашчыць, трэцяя – чарачку паднясе… (жартую!)

А калі сур’ёзна, то і сам не ведаю, чаму вярнуўся. Цягнула сюды. Тут і людзі, і сам раён знаёмыя, зноў жа няма такой мітусні, як у вялікіх гарадах. А ў мяне работа такая: неабходна сур’ёзна падыходзіць да справы, пасядзець – падумаць, натхненне “схапіць за хвост”. Канешне, часам трэба актывізавацца і рвануць. Ну, калі трэба – то трэба: рванём. Але ў большасці сваёй мне такія “хуткапісы” не вельмі падабаюцца. А з другога боку, па сабе ведаю, што калі вельмі зацягваць і адкладаць у тую самую “доўгую скрыню” напісанне матэрыялу, то ёсць рызыка, што ён увогуле ніколі не з’явіцца. Здаралася і такое: з’ездзіў я ў мінулым годзе ў фэст-тур у Варшаву, Прагу, Дрэздэн – шчыра прызнаюся, хацеў свой погляд на Еўропу выказаць у артыкуле, але даадкладваўся да таго, што ўражанні пабляклі, а думкі згубіліся.

Зноў нешта я не пра тое... Астравеччына. Чаму яшчэ сюды вырашыў вярнуцца? Тут намячалася цікавая работа: здымаць відэаролікі для сайта газеты – гэтакі відэапартал (так мы адразу дамовіліся яго называць, бо да свайго мясцовага ТБ нам яшчэ далёка), дзе мы можам не толькі расказаць, але і паказаць нешта цікавае, што адбываецца ў раёне. Падчас работы ў Смаргоні я пэўны час працаваў на мясцовым тэлебачанні ОКС-ТБ, таму дзякуючы падказкам і парадам людзей, што там працуюць, больш-менш арыентуюся ў гэтай сферы. Вядома, мы і зараз яшчэ толькі вучымся і нам яшчэ далёка да сапраўдных чараўнікоў, але гэта значыць, што ёсць да чаго дарастаць.

Увогуле, не магу не нарадавацца з нашай “раёнкі”! Ці заўважылі вы, як супрацоўнікі рэдакцыі змагаюцца за тое, каб “Астравецкая праўда” была адной з лепшых газет краіны? І гэта адзначаем не толькі мы, але і нашы калегі па пяру з іншых рэдакцый, ды і нашы чытачы таксама. Прыемна, калі стаіш у чарзе на пошце ці каля кіёска “Белсаюздруку” і чуеш: “Дайце мне “Астравецкую”… Адразу разумееш, што працуеш не дарэмна.

Мы змагаемся за тое, каб нашы людзі не проста “праглынулі“ інфармацыю, а каб аналізавалі прачытанае, пагаджаліся ці спрачаліся, даказвалі сваю кропку гледжання. Адным словам, развіваліся разам з намі.

Што яшчэ я магу сказаць пра свой журналісцкі 2014-ты? А, вось! У мінулым годзе мой працоўны стаж дасягнуў першай дзесяцігодкі. За гэты час я ўжо паспеў пабыць і вярстальшчыкам, і журналістам, і радыёвядучым, і аператарам, займаўся мантажом, зараз – фотаздымкамі. Наш рэдактар кажа, што часам у мяне неблага атрымліваецца, але ёсць і такія здымкі, за якія набіць па руках – самае лёгкае пакаранне. Ну што ж тут зробіш? Усё ад натхнення залежыць!

Так што застаецца толькі спадзявацца, што ў гэтым годзе яно, гэтае натхненне, будзе да мяне завітваць часцей і я змагу парадаваць вас, шаноўныя чытачы і гледачы, цікавымі фотаздымкамі, артыкуламі і відэаролікамі на нашым сайце! Будзьма сябраваць і надалей!


--------------------------------------------

Антон Чык (Мальшэўскі).