«Мой журналистский 2014-й». Алёна Ганулич: "Дорастаю до журналистики"
1
Калі б вы ў мяне запыталі два гады назад – калі я толькі прыйшла працаваць у рэдакцыю, – ці лёгка быць журналістам, я з дакладнасцю на сто працэнтаў дала б станоўчы адказ. Здаецца, ну што тут складанага: збірай інфармацыю, апрацоўвай яе і – пішы. Усё спачатку падавалася вельмі лёгкім і простым – да першых грабель і крыўдных (але заслужаных!) гузакоў. Зараз не падзяляю свае артыкулы па жанрах, як рабіла гэта напачатку журналісцкай дарогі. Цяпер для мяне ёсць толькі дзве катэгорыі асабіста майго “пісання” – “інфармашкі” і “цікавосткі”, як я іх любоўна называю. І больш складана мне працаваць якраз не над другімі, якія патрабуюць часу, пошукаў інфармацыі, разважанняў, уласнай падрыхтоўкі, а над інфармацыйнымі тэкстамі. Зрабіць шараговы, справаздачны тэкст чытабельным, каб ён быў зразумелы для бабулі з суседняй вёскі і каб у прафесіяналаў не ўзнікала пытанняў, асабіста для мяне – высачэзны журналісцкі пілатаж. Калі табе цікава тое, аб чым ты пішаш, тады і чытачу будзе цікава – гэта адно з самых важных правілаў, выпрацаваных за год. Якога я і зараз імкнуся прытрымлівацца.Дзесьці мінулай вясной галоўны рэдактар Ніна Аляксееўна Рыбік пазвала да сябе ў кабінет і прапанавала адправіць заяўку на журналісцкія курсы. Першым аб іх даведаўся калега па працы. Мы шчыра запоўнілі ўсе графы, крыху распавялі пра сябе, а таксама пра сферу інтарэсаў – і даслалі праз е-мэйл нашы кароткія працоўныя “аўтапартрэты”.
Праз месяц прыйшла позва на журналісцкія курсы “Стандарты журналістыкі: як жыва і правільна пісаць на вострыя сацыяльныя тэмы”. Я прайшла – а мой калега і сябра, на жаль, не трапіў у спіс шчасліўчыкаў. Я і дагэтуль яму ўдзячна за адкрыццё гэтых курсаў. Менавіта такога вопыту мне не хапала.
Сказаць, што яны далі мне многае, – гэта нічога не сказаць. Знаёмства з калегамі з іншых сродкаў масавай інфармацыі, прафесійны рост, знаёмства на практыцы з вострымі сацыяльнымі тэмамі, вывучэнне на прыкладах этычнага кодэксу журналіста – толькі дробкі таго, што я атрымала за пяць заняткаў у мінскім адукацыйным цэнтры імя Ёханэса Раў.
Адзіная прадстаўніца рэгіянальнага СМІ, я апынулася сярод журналістаў са “Звязды”, “Комсомольской правды” і вялікіх інтэрнэт-парталаў. На модулях, якія праходзілі раз на месяц на працягу двух дзён, мы абмяркоўвалі вострыя і “калючыя” тэмы, за якія журналісты часта не хочуць брацца, выпрацоўвалі на іх уласны погляд і меркаванне, нягледзячы на няпісаны закон аб непрадузятасці журналіста. Мы знаёміліся з нямецкімі калегамі-фрылансерамі (журналістамі ў вольным плаванні), з беларускімі і замежнымі экспертамі… Было вельмі складана – але не менш цікава!
Не магу ўтрымацца, каб не прывесці адзін прыклад з вопыту працы журналіста ў вялікім нямецкім гістарычным часопісе, які плённа супрацоўнічае з фрылансерамі. Перш чым пісаць артыкул, журналіст павінен прачытаць усю рэкамендаваную рэдакцыяй літаратуру – а спіс гэты цягне на сорак-пяцьдзясят кніг! – для таго, каб уяўляць, як дыхалася ў тую эпоху, пра што тады марылі людзі і як яны апраналіся, – іншымі словамі, “жыць” у пэўны перыяд часу, пра які ты павінен напісаць.
Яшчэ я атрымала запрашэнне на сустрэчу ад пасла Федэратыўнай Рэспублікі Германія, а таксама бліжэй пазнаёмілася з нямецка-беларускім супрацоўніцтвам і праектамі па ўстойліваму развіццю гарадской і сельскай мясцовасці, культурай памяці нашай нацыі, беларускай сям'і і кожнага асобнага чалавека праз прызму Вялікай Айчыннай вайны, з новымі тэндэнцыямі ў айчыннай і замежнай журналістыцы і яе развіццём…
А пасля заканчэння модуляў за кошт нямецкага фінансавання была выдадзена кніга з аднайменнай назвай курсаў, куды ўвайшоў і мой нарыс пра жанчыну, якая ў нямецкім выгнанні знайшла сваё каханне.
І гэтыя курсы паспрыялі майму росту нават не ў прафесійным плане, а ў агульначалавечым. Тое, на што ў буйных гарадах выдаюцца сродкі з мясцовага бюджэту і пакрываюць гранты, для нас, вясковых людзей, падаецца штодзённым і блізкім – гэта і мова, і традыцыі, і памяць аб сваіх каранях. Мы яшчэ канчаткова не страцілі тую нітачку, якая знітоўвае розныя пакаленні і часы, розныя светапогляды і канфесіі, розныя сацыяльныя статусы і духоўныя каштоўнасці. Хочацца верыць, што ўстойлівае развіццё, якому так многа надаюць увагі ўвогуле ў Еўропе і ў прыватнасці ў Германіі, характэрна і для нас. Вядома, нягледзячы на пэўныя крокі ў распрацоўцы такіх “вострых” сацыяльных і некаторых эканамічных пытанняў, як людзі з абмежаванымі магчымасцямі, насілле ў сям’і, абыходжанне з жывёламі, развіццё ў нашым рэгіёне экатурызму, некаторым падасца, што мы пакуль не дацягваем да так званага еўрапейскага гуманізму. Ведаеце, добра там, дзе нас няма.
І маючы за плячыма такі прафесійны і жыццёвы досвед, я разумею, што шчаслівая, таму што жыву на Астравеччыне і працую ў мясцовай газеце. Разгарніце рэспубліканскую перыёдыку. Артыкулы журналістаў, якія там працуюць, не горшыя, але і не лепшыя за высілкі астравецкіх журналістаў. Там пішуць “правільна”: безэмацыйна, безасабова, непрадузята, па жанрах і стандартах класічнай, акадэмічнай журналістыкі. Пралістаў, затрымаўся вокам на патрэбным – і закрыў, амаль што забыў. А наша газета – адметная, са сваёй душой, і што самае галоўнае – смачная. І робім яе ў большай ступені не мы, а вы, нашы чытачы і героі артыкулаў.
…А яшчэ мінулы год падараваў мне новую пасаду: я стала загадчыкам аддзела сельскай гаспадаркі, а з ёй з'явіліся і новыя знаёмствы з людзьмі – шчырымі, адметнымі, простымі ў словах і паводзінах – вясковымі, сустракаючыся з якімі, разумееш, што твая праца недарэмная…
Я толькі вучуся і толькі дарастаю да сапраўднай журналістыкі, набіваючы крыўдныя гузакі і атрымліваючы шчырыя словы падзякі за свае артыкулы.
------------------------
Алена ГАНУЛІЧ.
