Людзі, вы не забыліся, што вы – ЛЮДЗІ?!!
Заўтра ветэраны Вялікай Айчыннай вайны – тыя нямногія з іх, хто яшчэ зможа гэта зрабіць, – прыйдуць да помнікаў і брацкіх магіл, каб успомніць, пакланіцца, ускласці кветкі… А не змогуць прыйсці яны – то прыйдуць іх дзеці, унукі, праўнукі. Яны не ведаюць вайны – і слава богу, што не ведаюць: дзеля гэтага аддавалі сваё жыццё і здароўе, дзеля гэтага гінулі, не даядалі, не дасыпалі, трывалі невыносныя пакуты іх дзяды і прадзеды – каб нашчадкам жылося лягчэй, каб не ведалі яны, як свішчуць кулі і гінуць у крывавай мясарубцы, якую круціць бязлітасная смерць, родныя, блізкія, дарагія…Традыцыі гэтай – усенароднага святкавання Дня Перамогі – не адно дзесяцігоддзе. І не толькі ў Беларусі і Расіі, але і… Хацела напісаць па ранейшай звычцы “ва ўсіх краінах былога Савецкага Саюза” – але злавіла сябе на думцы, што зараз гэта ўжо не так.
…Неяк, гадоў мо з два таму, калега на старонках “Астравецкай праўды” расказвала, як ёй давялося пабываць 9 мая ў Літве: як хавалі свае баявыя ўзнагароды пад плашчы і курткі сівыя ветэраны, збіраючыся да месца сустрэчы баявых сяброў – каб не ўбачыў раптам хто на вуліцы, не абразіў, не назваў акупантам… А днямі знаёмая з Украіны, з якой мы падтрымліваем стасункі ў сацыяльных сетках – калі быць больш дакладнай, бо Украіна зараз дыяметральна супрацьлеглая, то з Адэсы – падзялілася трывогай: не ведаем, як будзем святкаваць Дзень Перамогі. Гэта наша свята, для нас гэты дзень – насамрэч святы, але ж зараз за прыколатую георгіеўскую стужку можна работы пазбавіцца… А самае страшнае – чакаем у гэты дзень правакацый…
Ці думалі калі франтавікі, якія дзяліліся скарынкай хлеба і шчаптой махоркі з таварышам, не цікавячыся яго нацыянальнасцю, з якім накрываліся адным шынялём і прыкрывалі адзін аднаго ў баі, што некалі іх праўнукі будуць люта ненавідзець і праклінаць адзін аднаго, называючы фашыстамі ўнукаў тых, хто загінуў ад рук фашыстаў, і маскалямі – нашчадкаў сябра, які выцягнуў параненага “бандэраўца” з-пад артабстрэлу? Ці маглі сасніць у самым страшным сне, што тых, хто надзене сімвал перамогі – георгіеўскую стужку, у некага павернецца язык пагардліва назваць “каларадскімі жукамі”?
“На вайне як на вайне,” – кажуць мне. На інфармацыйнай вайне – тым больш. Бо ідзе яна без правіл. Бо са шматлікіх інфармацыйных крыніц на тэлегледача, радыёслухача, чытача, інтэрнэт-карыстальніка безупынным брудным патокам льецца лавіна лухты, маны і злосці. І звычайны чалавек, які спрабуе здабыць інфармацыю больш чым з адной крыніцы, каб супаставіць, прааналізаваць, зразумець, паціху пачынае вар’яцець, бо разабрацца, дзе праўда, а дзе – мана, практычна немагчыма.
Апошнія дні ўсе тэлеканалы трансліруюць жудасныя кадры з Адэсы, дзе, па сутнасці, зажыва спалілі амаль паўсотні чалавек, – і захліпваюцца паведамленнямі, каментарыямі і спасылкамі на розныя крыніцы, інтэрнэт, у якім дэпутаты Вярхоўнай Рады і сённяшнія кіеўскія чыны бессаромна, не хаваючыся, віншуюць адзін аднаго з перамогай і здзекуюцца з загінуўшых, пасыпаючы соль на крывавыя раны іх родных і блізкіх. Кадры хронікі – адны і тыя ж, а інтэрпрэтацыя іх – супрацьлеглая. “Фашысты распачалі вайну супраць уласнага народа!” – крычаць адны. “Гэта правакацыя Масквы”, – другія. Калі верыць гэтым, апошнім, то староннікі федэралізму ў Адэсе, якія некалькі тыдняў стаялі з пікетамі ў цэнтры горада, раптам самі на сябе напалі, спалілі свае палаткі, забарыкадзіраваліся ў доме прафсаюзаў, затым самі сябе падпалілі і не дазвалялі прыхільнікам майдана, якія імкнуліся іх ратаваць, гэта зрабіць. Вы верыце, што бываюць такія вось масавыя прыступы садамазахізму, прычым без усялякай канкрэтнай мэты?
Зрэшты, нават не гэта галоўнае. У грамадзянскай вайне не бывае адной, абсалютнай праўды, у кожнага боку яна – свая. Якой бы жалезнай ні была “рука Масквы”, яна б пры ўсім жаданні не змагла далучыць да Расіі Львоўшчыну. І менавіта сваімі нацыяналісцкімі законамі і рашэннямі, так прыхільна ўспрынятымі ў Заходняй Украіне, распаліла полымя варожасці на ў многім рускамоўных усходзе і поўдні Украіны новая кіеўская ўлада, самапрызначыўшаяся пасля ганебных уцёкаў прэзідэнта, які зараз са сваёй бяспечнай хованкі дае парады “як абуладкаваць Украіну”.
Зрэшты, пра Віктара Януковіча. Цяжка паважаць чалавека, які давёў краіну і народ да таго стану, у якім ён выйшаў на вуліцу – і затым кінуў і свае палацы з залачонымі ўнітазамі і даведзеных да крайняй кропкі адчаю людзей – а сам ганебна ўцёк за мяжу. Але, што б пра яго ні гаварылі, ён не праліў кроў на майдане: “беркутаўцы”, якія ўтрымлівалі сітуацыю пад кантролем, маглі за пару дзён “зачысціць тэрыторыю” – а яны стаялі пад пляўкамі і пагрозамі, іх палілі “кактэйлямі молатава” і закідвалі камянямі – а яны так і не прымянілі зброю. Ці не за гэта іх пасля ставілі на калені і прымушалі прасіць прабачэння? Тады многія патрабавалі ад Януковіча: “Аддай загад!” Але ён не ўзяў грэх на душу… Добра гэта ці дрэнна – пытанне спрэчнае. Але зараз на Украіне кроў льецца – і пераважна гэта кроў мірных грамадзян. Можна шукаць вінаватых і, як дзеці ў пясочніцы, крычаць: “А ён першы пачаў!” Але ніхто – ні правы, ні вінаваты, калі такіх увогуле можна знайсці, не суцешыць маці, што хавае сына, дзяцей, што засталіся без бацькі, ці жонку, якая аплаквае каханага мужа.
Я не хачу ваяваць! І нават сварыцца! Ні з кім! Восенню мінулага года я была ў Львове – і нас гасцінна сустракалі, расказвалі, паказвалі, частавалі – хоць размаўлялі ў нашай групе пераважна па-руску. І я не магу назваць тых людзей фашыстамі. У Кіеве ў мяне жывуць сябры дзяцінства, а траюрадная сястра – у Луганску. Усе мы – землякі, аднавяскоўцы, але яны зараз – па розныя бакі барыкад. Я не ведаю прычын, што развялі іх, але я ведаю, што ўсе яны – харошыя,
добрыя людзі. І не магу зразумець, чаму ў гэтым змаганні дзвюх супердзяржаў – Амерыкі і Расіі – за свае сферы інтарэсаў, за смачны кавалак – Украіну – мае сябры так лёгка сталі пешкамі? А галоўнае – чаму людзі, адчуўшы пах пораху і крыві, забываюцца, што яны – людзі? Чаму нянавісць засціць ім вочы і прымушае забываць усё чалавечае, што ім уласціва, што ў іх закладзена не адным пакаленнем продкаў?
У інтэрнэце сярод мноства істэрычных паведамленняў і каментарыяў з агульным лейтматывам “Распні яго!” сустрэла адзін “не з той оперы”, пад кожным словам якога гатовая падпісацца. Вазьму на сябе смеласць прывесці частку яго. Аўтар звяртаецца да сваёй знаёмай ці сяброўкі, з якой яны па-рознаму ацэньваюць падзеі ва Украіне:
“Я понимаю, очень соблазнительно представлять себя участником Великой Битвы Добра со Злом (причем, разумеется, на стороне Добра и Света). «За свет и мир мы боремся, они – за царство тьмы!». Или так: «Но им нет права на то, чтобы видеть восход, у них вообще нету права на то, чтобы жить!». Вот только в жизни таких Великих Битв не бывает или почти не бывает, а в гражданских войнах тем более. Нет ни Гондора, ни Мордора – есть две стороны, у каждой из которых, как ни удивительно, своя правда. И выбирать надо не между Добром-с-большой-буквы и Злом-тоже-с-большой, а между правдой – и правдой.
Да, это тяжело и страшно. Куда проще сказать себе: «Правда только у нас, ибо мы Воины Света; у противников ее не может быть по определению, они даже не люди – это мордорские орки; нет, даже не орки – жуки колорадские».
Вот только это очень опасный путь. Расчеловечивая противника, слишком легко перестать быть человеком самому. Не надо так. Пожалуйста…
Выбирай ту сторону, которую считаешь нужным. Ту, чья правда тебе ближе. Но помни, пожалуйста, что с другой стороны – тоже люди. Не орки, не чудовища из бездны, не инопланетяне даже – люди. У них тоже есть собственная «верба, что за мостом».
Выбирай любую сторону, но на любой стороне оставайся человеком. И я тоже. Договорились?”
Калі б жа гэта пачулі і ўсвядомілі людзі, што стаяць зараз ва Украіне адзін супраць другога – і ў вачах іх гарыць, палае, засланяе голас розуму, голас сэрца, голас памяці аб загінуўшых на нашай агульнай вайне продках звярыны крык нянавісці…
-------------------
Ніна РЫБІК.
