Кто и за чьи грехи расплачивается?

Пасля чарговай паездкі ў Міхалішкаўскую бальніцу да старых, што знаходзяцца там на ўтрыманні на сацыяльных ложках, думкі і ўражанні, што доўга не адпускалі, выліліся ў роздум “Мы – у адказе. Хто? І за каго?”, які быў змешчаны на старонках раённай газеты 18 красавіка.


Калі матэрыял з’явіўся на сайце, на яго адгукнуўся нехта, хто назваўся Сашам. Вось што напісаў ён у сваім каментарыі:

“Дело-то, безусловно, хорошее… Но есть одно большое НО! Многие из этих обездоленных старичков, какими вы их презентуете в своих статьях, на самом деле сами виноваты в том, что именно так сложилась их судьба. Образ жизни, когда приоритетными становятся веселые компании, алкоголь, а не дети – сказывается в старости. Скажите мне, пожалуйста, почему я должен смотреть отца, который еле передвигается и говорит после инсульта, если он никакого участия в моем воспитании не принимал, терроризировал мою мать своими пьяными скандалами и ночными визитами? Не надо говорить о благородстве и о черствости души – здесь это неуместно. Имеем то, что заслужили».


Захацелася пагаварыць з гэтым невядомым Сашам і з іншымі, хто падзяляе яго думкі – дый сябе я ў пэўнай ступені адношу да ліку тых, хто перакананы: маем тое, што заслужылі. Паразважаць – пра грэх і расплату за яго. Не ўпэўнена, што маю на гэта права – але ж падзяліцца сваімі думкамі, не прэтэндуючы на іх абсалютную ісціннасць, напэўна ж, можна і мне?..

Так, Саша, мне здаецца, што вы маеце рацыю: многія з тых старых, што сёння знаходзяцца ў Міхалішках на сацыяльных ложках, заслужылі сваім ранейшым жыццём такі яго фінал: жылі весела, пра дзяцей не думалі, пра сям’ю не дбалі…

У адзін з першых візітаў у Міхалішкі нашу лавіну спачування перарвалі даволі празаічна:

– Не варта нашых пацыентаў так моцна шкадаваць. Ва ўсякім выпадку, не ўсіх… Вось гэтая жанчына, да прыкладу, у свой час дзяцей аддала ў дом-інтэрнат – зразумела, што сёння яны не хочуць глядзець сваю маці-зязюлю.

І хто зможа асудзіць гэтых дзяцей за няўвагу да маці? Хай яшчэ дзякуе Богу, што дзяржава ў нас такая гуман ная і забяспечыла “паскакуху-страказу” на старасці гадоў чыстай пасцеллю, харчаваннем ды медыцынскім доглядам – хоць пра сацыяльную справядлівасць такіх вось роўных адносін да розных людзей таксама можна было б пагаварыць, ды гэта ўжо іншая тэма.

Але каб усё было так проста, каб усё ўкладвалася ў нейкую пэўную схему: трэба рабіць так і гэтак – і ў выніку атрымаецца вось так, як лёгка было б жыць на свеце! Усе б усё ведалі, было б толькі чорнае і белае, і кожны б выбіраў шлях, ведаючы, што будзе напрыканцы яго. Аднак, на жаль, не ўсё ў жыцці ўкладваецца ў такія вось пэўныя рамкі. І жыццё не чорна-белае, а стракатае…

…Жыла там жанчына, у якой у свой час была звычайная сям’я: працавалі абое, муж і жонка, гадавалі двух сыноў… А потым муж памёр, загінуў адзін сын, памёр другі… Маці ад гора страціла розум. Адзіны ўнук, які жыве ў Літве, не змог забраць бабулю, толькі праведваў яе зрэдку. Памерла жанчына ў Міхалішках, на казённым ложку. Хто ведае, за якія і чые грахі расплачвалася яна?

Зараз там знаходзіцца жанчына, жыццё якой, можна сказаць, загубіў псіхічна нездаровы бацька, які кантраляваў кожны яе крок, кожную з’едзеную скарыначку хлеба. Калі яго не стала, абсалютна непрыстасаваную да жыцця, не старую яшчэ пенсіянерку адправілі ў Міхалішкі…

Яшчэ адна пацыентка зрабіла ў маладосці адну-адзіную, але лёсавызначальную памылку: імкнучыся пазбегнуць людскога асуджэння і перасудаў, разважыўшы, што нічога страшнага не станецца: не яна першая – не яна апошняя, многія так робяць – загубіла сваё ненароджанае дзіця. І на ўсё жыццё засталася бяздзетнай. Пляменнікі, да якіх яна тулілася і якім дапамагала, пакуль жыла сястра, іх маці, калі той не стала, адвезлі цётку ў Міхалішкі: характар у бабулі няпросты, маладыя не вельмі хочуць мірыцца са старэчымі капрызамі і камандамі…

Ёсць там бабуля, якая кожны раз, як мы прыязджаем, стараецца пацалаваць рукі, прытуліцца – і плача… Па ўсім відаць, не хапае ёй пяшчоты і ласкі. Хоць яна ні на што не скардзіцца. Наадварот – усім хваліцца: сын у яе добры, унук – проста цудоўны, праведваюць яе тут, гасцінцы прывозяць. Ды і як не адведаць бабулю: хату сваю яна ўнуку адпісала, а дамок той хутка знесці павінны, немалыя грошы дзяржава заплаціць уласніку…

Падчас шматлікіх наведванняў пакінутых старых у Міхалішках розных гісторый мы там наслухаліся… І ў мяне таксама, як і ў вас, Саша, неаднойчы ўзнікала думка: можа, тыя, што дажываюць тут свой век, усяго толькі пажынаюць плады свайго ранейшага жыцця?

Але не мне гэта вырашаць… І ўжо тым больш – не мне іх судзіць…

…Нядаўна адзначаўся юбілей народнай артысткі Расіі Валянціны Талызінай – той самай, якая агучвала Барбару Брыльску ва ўсенародна любімай камедыі Эльдара Разанава “Іронія лёсу…”, і я выпадкова  паглядзела прысвечаную ёй тэлевізійную перадачу. Моцна “зачапіла” адна старонка біяграфіі артысткі. Яе бацька напярэдадні вайны, маючы сям’ю, закахаўся ў іншую жанчыну. Ён нічога не мог зрабіць са сваім пачуццём і пакінуў жонку і малую дачку. Як жылося ім у цяжкія пасляваенныя гады, ведаюць, напэўна, толькі яны адны – ды яшчэ Бог. А калі прыйшла старасць, прыгажуня Зося, дзеля якой мужчына некалі пакінуў сям’ю, умудрылася аформіць здаровага мужа ў псіхіятрычную клініку. Забраць яго адтуль магла толькі дачка – Валянціна Талызіна. “Калі ты прывязеш яго дахаты, я лягу на парозе – паспрабуй пераступіць,” – папярэдзіла маці, што ўсё жыццё пражыла разам з дачкой – яна так і не даравала мужу здрады. І тым не менш артыстка забрала бацьку з жывой магілы – брата згадзілася прыняць яго сястра. Хоць, напэўна, ніхто не асудзіў бы, калі б дачка гэтага не зрабіла: бацька заслужыў тое, што атрымаў.

…У бацькі, які не глядзеў сына і ператвараў у пекла жыццё яго маці, – свае грахі і свая расплата за іх. А ў сына, які адправіў бацьку ў дом састарэлых, – свае. І да яго таксама некалі прыйдзе старасць... Бацькавымі дрэннымі ўчынкамі не апраўдаеш свае, не адкупішся за іх. І добра яшчэ, калі расплачвацца давядзецца самому, а не дзецям і ўнукам… Дык навошта ўзвальваць на свае і іхнія плечы такі непамерны цяжар?

Мне здаецца, што не чужыя грахі трэба збіраць і падлічваць, а пра тое дбаць, каб сваіх было менш…

А вы што думаеце з гэтай нагоды?


------------------

Ніна РЫБІК.