Радость подарить легко

Аўтарам, якія спрабуюць ствараць уласныя творы – да якіх саманадзейна адношу і сябе – напэўна, знаёма гэтае пачуццё: кожнае апавяданне (гэта ў мяне, у некага іншага, магчыма, карціна, песня ці верш) нараджаецца ў пакутах, сумненнях, бяссоннымі начамі. І калі нават потым ты сам бачыш у сваім творы нейкія недахопы – ён дарагі табе, як уласнае дзіцятка…


А яно, гэтае “дзіцятка”, табой народжанае, ледзь пабачыла свет – і стала жыць уласным жыццём, неадназначным: часам падабаецца людзям, а калі – і не, некага кранае за душу, а для іншых застаецца непрыкмечаным. І ты назіраеш за яго самастойным жыццём з перажываннем – каб жа толькі ў яго ўсё атрымалася. І з нейкай своеасаблівай рэўнасцю, якая бывае толькі ў бацькоў да дзяцей.
А часам нават са здзіўленнем: гэта сапраўды – маё?! З гэткім здзіўленнем, часам – бацькоўскай рэўнасцю і нават непазнаваннем уласнага твора я сачыла за самастойным жыццём сваёй п’есы “Калядны вечар”, пераўтворанай у драматычны твор з апавядання “Вечар перад Ражаством”. І хоць прысутнічала на кожнай рэпетыцыі, са здзіўленнем адзначала, што спектакль, які нараджаўся на нашых вачах і з нашым непасрэдным удзелам, быў зусім іншы, чым павяданне і нават п’еса. Ён жыў сваім жыццём! Яго нанова “нараджалі” рэжысёр-пастаноўшчык Вольга Турубарава, нашы самадзейныя акцёры – Хрысціна Гіруць, Вольга Лябецкая, Наталя Волк-Леановіч, Галіна Свірыд.
Прыдумвалі гераіням жыццё, якое яны пражылі да сустрэчы ў доме састарэлых, рысы характару, мову, звычкі, рухі…
Узнікае заканамернае пытанне: для чаго ім (нам!) гэта было патрэбна? Навошта шэсць зусім не юных жанчын, абцяжараных працоўнымі, грамадскімі і хатнімі клопатамі, на працягу амаль двух месяцаў кожны вечар адкладвалі ўсе свае справы і па дзве гадзіны, а то і больш, аддавалі рэпетыцыям?
Нас ніхто не прымушаў, гэта не ўваходзіла ў нашы службовыя і нават грамадскія абавязкі, нам не “спускалі” дырэктыву “зверху”, і мы не рыхтаваліся да чарговага невядома кім аб’яўленага і нікому непатрэбнага конкурсу.
Мы не спадзяваліся на нейкае матэрыяльнае ўзнагароджанне і не рваліся на сцэну, “у артысткі”– наадварот, гэта палохала найбольш.
Найлепш нашу агульную мэту выказала пасля адной з рэпетыцый Наталля Волк-Леановіч.
“Калі гэты спектакль “зачэпіць” хоць аднаго гледача, калі хоць нехта адзін не адвязе свайго бацьку ці маці на сацыяльны ложак ці дапаможа старому чалавеку, што жыве па-суседску – значыць, мы не дарэмна тут стараліся, не змарнавалі час”.
Пасля спектакля было шмат удзячных водгукаў ад гледачоў, якія сведчылі: сапраўды, “зачапіла”. Значыць, сваю галоўную мэту мы выканалі. Хоць была ў спектакля і яшчэ адна, больш канкрэтная і практычная мэта: сабраць сродкі для дапамогі адзінокім старым, якія, самі таго не ведаючы, сталі прататыпамі герояў п’есы. Яна была ўжо напісана, і поўным ходам ішлі рэпетыцыі, калі я пабывала ў Міхалішкаўскай бальніцы, дзе сярод пацыентаў сацыяльных ложкаў сустрэла ўсіх сваіх гераінь: і Міхайлаўну, і Стасечку, і Веру, і Сцепаніду…
Нельга без сардэчнага болю глядзець у выцвілыя ад слёз вочы гэтых старых… І зрабіць для іх хоць нешта прыемнае, падарыць ім хоць маленькае свята – нам вельмі, ад душы, хацелася зрабіць гэта.
І прыцягнуць да гэтай высакароднай справы як можна больш жыхароў Астравеччыны. На шчасце, і гэта нам удалося.
І мы ў чарговы раз пераканаліся, што людзі ў нас не настолькі чэрствыя і скупыя, як многія прывыклі думаць, і што душы іх заўсёды гатовыя адгукнуцца на чужую бяду – ва ўсякім выпадку, такіх вельмі шмат.
Уваход на спектакль быў свабодны: не было ні білетаў, ні пэўнай цаны на іх. Людзі проста маглі пакінуць свае ахвяраванні пры ўваходзе ў залу – хто колькі мог ці лічыў патрэбным – для дапамогі пацыентам сацыяльных ложкаў Міхалішкаўскай бальніцы. І яны пакідалі – хто тысячу рублёў, хто – 20 ці 50 тысяч. А хто – і 100 ці 200 тысяч. І не толькі пры ўваходзе ў залу – многія пакідалі грошы, выходзячы з яе – нам гаварылі, што такіх было нават больш. А некаторыя, хто па нейкіх прычынах не мог прыйсці на спектакль, потым прыносілі грошы ў рэдакцыю з той жа просьбай: на ахвяраванні для абяздоленых старых.
Многія арганізацыі перад спектаклем пералічвалі грошы на рахунак тэрытарыяльнага цэнтра абслугоўвання насельніцтва – наша газета ўжо расказвала, што супрацоўнікі цэнтра наведалі пацыентаў сацыяльных ложкаў Міхалішкаўскай бальніцы і адвезлі ім дапамогу.
Наяўнымі ж грашыма пасля спектакля было сабрана крыху больш за 4 мільёны рублёў.
На гэтыя грошы былі набыты памперсы для ляжачых хворых, лічбавая прыстаўка для тэлевізара, машынкі для стрыжкі валасоў – галоўны ўрач Міхалішкаўскай бальніцы Г.Г. Калтан сказаў, што ў гэтым пацыенты сацыяльных ложкаў адчуваюць найбольшую патрэбу. А яшчэ – падарункі для кожнага з 64 пацыентаў, хто зараз знаходзіцца на ўтрыманні на сацыяльных ложках: аднаразовыя станкі для галення – для мужчын, хустачкі – для жанчын. І прысмакі – цукеркі, пячэнне, фрукты, сок… Асаблівую ўдзячнасць хочацца выказаць гандлёваму дому “АнаСтасіЯ”, супрацоўнікі якога для ўсіх пацыентаў напяклі смачных булачак.
У мінулую нядзелю, калі мы паехалі са спектаклем у Міхалішкі, мы наведалі і бальніцу – уласна кажучы, гэта было асноўнай мэтай нашай паездкі. І ў тых яе пацыентаў, для каго бальнічная палата стала родным домам – некаторыя жывуць тут гадамі, як страшна гэта ўсведамляць! – у той дзень было свята…
Нават два. Спачатку да іх прыехалі з rанцэртам удзельнікі хору “Польскае рэха Астроўца” – гэта, дарэчы, была ініцыятыва старшыні раённага аддзялення грамадскага аб’яднання “Саюз палякаў на Беларусі” Тарэсы Мацвееўны Мароз: прыняць удзел у дабрачыннай акцыі. Многія старыя з дапамогай іх песень змаглі на хвілінку вярнуцца ў маладосць…
А потым, адыграўшы спектакль у Міхалішкаўскім Доме культуры, дзе таксама для дапамогі гэтым людзям гледачы ахвяравалі амаль мільён рублёў, у бальніцу з’явіліся нашы самадзейныя артысты – з падарункамі і цёплымі словамі.
Шчасцю бабулек і дзядуляў не было мяжы… Гэтаксама, як і слязам – хоць і сцвярджалі пацыенты, што плачуць яны ад радасці – ад усведамлення, што пра іх, забытых і пакінутых, усё ж хоць нехта помніць…
І сардэчнаму болю, які не адпускае нас да гэтага часу – таксама…


----------------
Ніна РЫБІК.
Фота Эдуарда СВІРЫДА .