Благодарим тех, кто из множества изданий выбирает "Астравецкую праўду"
Разважаючы, як пабудаваць штогадовае “пасланне” да нашых чытачоў, прысвечанае нашаму агульнаму святу – Дню друку, меркавала, што будзе яно традыцыйным. Напярэдадні такога дня, які сёлета да таго ж супадае са светлым святам праваслаўнага Вялікадня і таму напаўняецца асаблівымсэнсам, хочацца сказаць добрыя, цёплыя словы ўсім, хто мае дачыненне да газеты. Найперш, вядома, нашым ветэранам, якія аддалі працы ў “Астравецкай праўдзе” лепшыя гады жыцця. Сённяшнім супрацоўнікам, якія імкнуцца захоўваць традыцыі – і тым не менш весці газету далей, зрабіць
яе цікавай сучаснаму патрабавальнаму чытачу. Падзякаваць і павіншаваць з нашым агульным святам таго самага патрабавальнага чытача, які ў сённяшнім бязмежным моры самых разнастайных высокапрафесійных выданняў выбірае менавіта “Астравецкую праўду”: ведаем, што ў многіх дамах
газета стала не проста крыніцай інфармацыі, а паўнапраўным членам сям’і, памочнікам, дарадцам, суразмоўцам, што яе выпісваюць і чытаюць не толькі ў нашым раёне, але і далёка за яго межамі – і ганарымся гэтым нават больш, чым шматлікімі перамогамі рэдакцыі ў розных абласных і
рэспубліканскіх творчых конкурсах.
Але напярэдадні Дня друку рэдакцыя аб’явіла “Прамую лінію”… з самой сабой, імкнучыся “зверыць” наш унутраны рэдакцыйны гадзіннік з тым, што цікае ў свядомасці кожнага падпісчыка. Даведацца, што падабаецца людзям у газеце, а што яны прапускаюць, прамільгнуўшы вачамі па загалоўку. І – што ўжо тут хаваць! – саманадзейна спадзеючыся, што ў выніку атрымаем тоўсты стос новых адрасоў сваіх герояў, даведаемся пра новыя тэмы, магчыма, у выніку народзяцца новыя доўгатэрміновыя праекты.
Званкоў на “Прамую лінію” не было. Амаль што. Калі быць зусім дакладным, то ён быў адзін. Персанальны – тэлефанаваўшая хацела пачуць галоўнага рэдактара. На той момант мяне тэрмінова выклікалі на нараду, і жанчына, падзякаваўшы нашым супрацоўнікам за газету, сказаўшы пра “раёнку” шмат добрых і прыемных нам слоў, паабяцала патэлефанаваць пазней.
Той факт, што ў колавароце паўсядзённых жаночых спраў яна не забылася пра гэтае абяцанне, сведчыла, што званок той быў невыпадковым. Мы размаўлялі доўга – і, прызнаюся, больш падрабязнага і глыбокага інтэрв’ю мне даваць не даводзілася. Нават калегі, які летась да Дня друку ўчынілі мне публічны “допыт”, “капалі” не так глыбока – а мо проста пашкадавалі і скарысталі няпісанае журналісцкае “табу” на некаторыя пытанні? І хоць былі мы з той жанчынай знаёмыя толькі завочна (як высветлілася пазней, я нешта некалі чула пра яе самую і яе сям’ю, яна, як і большасць нашых чытачоў, ведае мяне найперш па маіх публікацыях), хоць я не бачыла яе вачэй – адказаць няшчыра, павярхоўна, жартаўліва на яе шматлікія пытанні было проста немагчыма. Найперш таму, што так падрабязна жанчына распытвала мяне – гэта адчувалася – не дзеля крытыкі, не з тым, каб “ушчыкнуць” за нейкі промах, пакрыўдзіць, зрабіць балюча, тыцнуць носам у бруд, ці, што яшчэ горш, даведацца нешта “эксклюзіўнае” і потым расказаць іншым, пахваліцца: “А я вось ведаю дакладна…” – а найперш дзеля таго, каб для сябе самой вызначыць нешта важнае і значнае.
Было адчуванне, што не нехта нябачны і незнаёмы задае табе гэтыя шматлікія пытанні – а ты сам, тваё сумленне. Ці здараліся ў маёй журналісцкай практыцы матэрыялы, за якія мне потым было сорамна? Ці прасіла я прабачэння ў людзей, якіх пакрыўдзіла – хай сабе і незнарок – несправядлівым словам? Ці сачу я за далейшым лёсам герояў сваіх нарысаў? Ці даводзілася мне пісаць артыкулы “па заказу”?
Гэтыя і іншыя падобныя пытанні пранікалі ў самыя патаемныя куточкі душы, абуджаючы далёкія і нядаўнія ўспаміны і згадкі – прама скажам, не самыя прыемныя, прымушаючы зноў перажываць свае журналісцкія памылкі – не прапушчаную літару ці недакладную лічбу, а куды больш істотныя…
Нават паклаўшы руку на сэрца, не магу сказаць, што іх было вельмі шмат – але тым не менш яны былі. І я іх помню.
Памятаеце, у знакамітай і ўсімі любімай савецкай навагодняй камедыі “Іронія лёсу, ці З лёгкай парай” галоўная гераіня, настаўніца, гаворыць урачу Яўгенію Лукашыну: “Памылкі настаўнікаў, магчыма, не так бачны, як памылкі ўрачоў, але каштуюць яны не менш дорага”, – ці нешта ў гэтым сэнсе. Памылкі журналістаў бачны, напэўна, больш, чым любыя іншыя – яны адразу ж капіруюцца шматтысячным тыражом і разносяцца амаль што да кожнага жыхара раёна: хоць нехта, ды заўважыць. І як у кожнага ўрача ёсць свае могілкі, так і ў кожнага журналіста ёсць артыкулы, якія не хочацца ўспамінаць і за якія, калі б можна было адматаць стужку часу назад, ты ніколі б не ўзяўся ці напісаў бы зусім па-іншаму – нават калі былі яны вельмі яркімі і атрымалі шмат станоўчых водгукаў ці нават узнагарод. Бо – памятаеце Дастаеўскага з яго “слязінкай дзіцяці”? Ці варты ўсе дасягненні свету той адзінай слязінкі?
Хоць, з іншага боку, магчыма, пасля пэўнага журналісцкага артыкула ў некага пацякуць слёзы крыўды ад скажонага погляду на яго лёс, неадпаведнага, недакладнага адлюстравання яго светапогляду– а іншаму абагульненне праблемы, пададзенай праз тую, магчыма, крыху гіпертрафіраваную гісторыю дасць надзею, падкажа правільнае выйсце з цяжкай жыццёвай сітуацыі, перасцеражэ ад галоўнай памылкі жыцця. І хто скажа, што важней? «Нам не дано предугадать, чем слово наше отзовется»…
Магчыма, усё ж невыпадкова сёлета Дзень друку супадае з галоўным праваслаўным святам – Вялікаднем? Каб можна было не толькі ў царкве пакаяцца ва ўчыненых грахах, але і перад сваімі чытачамі. Калі пакрыўдзілі каго неасцярожным, неабачлівым, паспешлівым, неадкладным словам – прабачце…
Паверце – не са зла, не знарок…
…А з той незнаёмай жанчынай пасля больш чым паўгадзіннай шчырай і не вельмі лёгкай для мяне размовы, якую я кожны дзень працягваю ў думках, мы развіталіся вельмі цёпла. “Я вас люблю!”, – сказала яна на развітанне.
І гэта быў такі дарагі, такі важны для мяне падарунак да абодвух святаў – Дня друку і Вялікадня.