Кого можно назвать патриотом Островетчины?
Плануючы святочны нумар, прысвечаны Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, мы сталі разважаць: пра каго б з патрыётаў роднага краю расказаць у гэтым нумары? І неўзабаве прыйшлі да высновы, што неабходна найперш вызначыць – хто ён, патрыёт? Чым чалавек павінен займацца, што зрабіць, колькі і чаго ведаць, дзе нарадзіцца і жыць, каб навакольныя маглі сказаць: вось гэта – сапраўдны патрыёт сваёй зямлі…Усёвед спадар Ожэгаў (даверымся прызнанаму аўтарытэту) у сваім тлумачальным слоўніку сцвярджае, што “патрыёт – чалавек, прасякнуты патрыятызмам”, а “патрыятызм – гэта адданасць і любоў да сваёй Айчыны і свайго народа”. Не пагадзіцца з гэтым цяжка… Але ж вызначэнне гэтае занадта агульнае. А калі вось так, у адносінах да нашай Астравеччыны – каго можна назваць патрыётам?
Давайце падумаем разам: хто ён, патрыёт Астравеччыны?
Прафесар Адам Мальдзіс, які ў літаральным сэнсе падарыў гісторыю сваёй роднай Астравеччыне – да яго нястомных пошукаў і знаходак многія лічылі, што жыццё тут пачалося пасля Вялікай Айчыннай вайны – але ж, аказваецца, жылі і працавалі тут людзі і задоўга да таго, і якія людзі!!!
Ветэран Вялікай Айчыннай вайны, удзельнік Сталінградскай бітвы Андрэй Андрэевіч Галагаеў, які на працягу 21 года ўзначальваў калгас “Радзіма” і вывеў яго ў лік лепшых у вобласці і рэспубліцы? Ці механізатары правапераемніка гэтага калгаса, сённяшняга СВК “Гервяты” Іван Лісоўскі і Эдуард Мілейша, якія любяць зямлю ў літаральным сэнсе гэтага слова, без усялякіх алегорый– і працуюць на ёй так, што залюбавацца можна (ведаю, што ў кожным сельгаспрадпрыемстве да гэтых прозвішчаў могуць дадаць яшчэ не адзін дзясятак – прабачце, што не можам назваць усіх).
Настаўніца Падольскай сярэдняй школы Людміла Фабіянаўна Валадзько – усё жыццё яна вучыла дзяцей замежнай мове, але найперш – любові да свайго, роднага, самабытнага, якая з’яўляецца сутнасцю яе вялікай, шчырай і светлай, як яе пранікнёныя вершы, душы.
Галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы Валянцін Ігнатавіч Тачоны, які за шмат гадоў, што ўзначальвае сістэму аховы здароўя раёна, вывеў нашу бальніцу ў лік лепшых устаноў аховы здароўя вобласці і краіны.
Настаўніца роднай мовы і літаратуры Варнянскай школы (настаўнікаў жа былых не бывае) Людміла Іванаўна Кухарэвіч, якая на сваіх уроках і ў створаным ёй аб’яднанні “Варнянская хатка” вучыла – і вучыць зараз! – дзяцей ведаць і любіць свой край, яго гісторыю, родную мову, ганарыцца сваімі землякамі? І яе калегі, гэткія ж апантаныя настаўнікі Валянціна Андрэеўна Боўша, Ядвіга Каятанаўна Шаблінская, Людміла Мікітаўна Багачова, Марыя Паўлаўна Пешка – прабачце, што зноў не магу назваць усіх…
Алесь Юркойць, супрацоўнік мытні, які на ўласным прыкладзе штодзённа пацвярджае, што адданасць свайму, роднаму, спрадвечнаму можна і трэба даказваць не ў марных і бессэнсоўных дыскусіях, а сцвярджаць у паўсядзённым жыцці – кожным словам і справай.
Іаланта Валуевіч, бібліятэкар Спондаўскай бібліятэкі, якая нястомна, па крупінках збірае гісторыю краю – людзей, вёсак, як каштоўныя каралі, складвае ў бясцэнную скарбонку слоўцы, назвы, прыказкі, прыкметы, біяграфіі, паданні, легенды – калі б у кожным сельсавеце ці ў кожнай парафіі быў хоць адзін такі апантаны краязнаўца, “белых плям” у гісторыі Астравеччыны ўжо, напэўна, не засталося б…
Ксёндз-пробашч Гервяцкага касцёла Леанід Нясцюк, які сваёй нястомнай працай пераўтварыў храм і тэрыторыю вакол яго, а ў пэўным сэнсе – і ўсе Гервяты ў аазіс прыгажосці і духоўнасці і зрабіў касцёл Святой Тройцы сапраўднай жамчужынай Астравеччыны, яе візітнай карткай, дзякуючы якой пра наш раён ведаюць ва ўсёй Беларусі і далёка за яе межамі.
Трэнер Аляксей Маргуж, выхаванцы якога сваімі перамогамі праслаўляюць Астравеччыну на шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтвах.
Мастак, краязнаўца, этнограф Стэфан Казлоўскі, які, аб’ехаўшы ўвесь свет і зведаўшы гісторыю, культуру і мову многіх народаў, зараз расказвае нам пра амаль забытую – жыццё родных Талюшанаў.
Мастачка Бірутэ Куцкайтэ, якая амаль усё свядомае жыццё пражыла ў Вільнюсе – але малюе абрысы і людзей гервяцкага краю, які для яе – адзіная, непаўторная, любімая радзіма. А яшчэ – Тарэса Варановіч і Ірэна Герасім, якія ў сваіх карцінах перадаюць непаўторнае хараство астравецкіх пейзажаў.
Усе яны – патрыёты свайго краю, сваёй зямлі, сваёй Айчыны. І ў гэтым артыкуле можна было б назваць яшчэ не адзін дзясятак прозвішчаў – пералік можна працягваць бясконца, і кожны, хто ўключыцца ў гэтую размову, мог бы дадаць яшчэ не адно імя людзей, якія, кожны на сваім месцы, сваёй паўсядзённай працай ці заняткамі пасля заканчэння рабочага дня робяць усё магчымае, каб родны край квітнеў, каб пра яго ведалі, каб ім ганарыліся. Прычым робяць гэта найперш па абвязку сэрца, не разважаючы, назавуць іх пасля сучаснікі ці нашчадкі гэтым гучным і крыху казённым словам – “патрыёт” ці не, скажуць дзякуй ці праз нейкі час забудуцца… Проста яны інакш не могуць!
Хто яны, патрыёты Астравеччыны?
Зрэшты, а чаму б нам з вамі, шаноўныя чытачы, не скласці разам своеасаблівую “Кнігу гонару Астравеччыны”? Мы прапануем вам на сайце нашай газеты ostrovets.by, у сваіх допісах ці тэлефанаваннях у рэдакцыю назваць імёны тых людзей, хто, на вашу думку, варты быць унесенымі ў гэтую сімвалічную кнігу – і не важна, дзе і кім працуюць гэтыя людзі, якую пасаду займаюць – галоўнае, што яны зрабілі для таго, каб наш родны край квітнеў. А пасля, хто ведае, магчыма, такая кніга, напісаная ўсімі разам, стане ўпаўне рэальнай?
Так што прапануйце людзей, вартых таго, каб лічыцца гонарам Астравеччыны – і пры гэтым не палянуйцеся патлумачыць, чаму яны вартыя гэтага гонару. Мы ж, рэдакцыя газеты “Астравецкая праўда”, абяцаем, што прапанаваныя вамі імёны з’явяцца на старонках газеты.
-------------------------
Ніна РЫБІК.
